Суд Берасьцейскага раёну 25 лютага асудзіў трох мясцовых жыхароў за незаконнае паляваньне на зубра, піша БелаПАН.
Паводле памочніцы пракурора Берасьцейскага раёну Марыі Батанавай, летась 13 лістапада мужчыны палявалі на зайца ў лесе на мяжы Берасьцейскага і Жабінкаўскага раёнаў. За 50 кілямэтраў ад Белавескай пушчы паляўнічыя сабакі выйшлі на сьлед зубра, і 55- і 53-гадовыя мужчыны сталі перасьледаваць жывёліну. Адзін стрэліў тройчы, другі — адзін раз. Мужчыны палявалі на зубра без адпаведнага дазволу.
Пасьля сьмерці жывёліны мужчыны разьбіралі тушу зубра. За гэтым іх засьпелі супрацоўнікі Кобрынскай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету і ўчастковы інспэктар Берасьцейскага РАУС.
Суд прызнаў 55- і 53-гадовых мужчын вінаватымі ў незаконным паляваньні паводле ч. 4 арт. 282 КК Беларусі і прысудзіў кожнаму 2 гады калёніі агульнага рэжыму і штраф 3825 рублёў. 45-гадовага мясцовага жыхара асудзілі за незаконнае разьбіраньне дзікай жывёлы. Яму прысудзілі 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Усіх траіх пазбавілі права паляваць на 5 гадоў.
Падчас папярэдняга сьледзтва абвінавачаныя цалкам кампэнсавалі нанесеную шкоду памерам 58,8 тысяч рублёў.