Апошні састаў зь беларускімі калійнымі угнаеньнямі мусіць прайсьці празь Літву 31 студзеня каля 19-20 гадзін.
Пра гэта паведамляе прадстаўнік «Літоўскіх чыгунак» Мантас Дубаўскас.
Звычайна празь Літву праходзяць каля 6-7 саставаў зь беларускімі калійнымі ўгнаеньнямі па 60 вагонаў кожны.
Пасьля таго, як «Літоўскія чыгункі» ў сярэдзіне студзеня паведамілі «Беларуськалію» аб скасаваньні кантракту, з 1 лютага кампанія атрымала ня менш за пяць заявак на перавозку ўгнаеньняў ад розных прэтэндэнтаў, але ніводную зь іх не ўхвалілі.
Міністар транспарту Літвы Марус Скуодзіс таксама гаворыць, што ў яго няма інфармацыі аб грузах угнаеньняў, якія адпраўляюцца пасьля 1 лютага.
«На гэты момант мне нічога не вядома пра далейшы іх маршрут», — сказаў BNS міністар у нядзелю.
Аднак некаторыя крыніцы BNS не выключаюць, што сытуацыя можа зьмяніцца, калі, напрыклад, суд прыпыніць дзеяньне пастановы ўраду.