З 1 лютага Літва зьбіраецца перастаць перавозіць беларускія грузы, у прыватнасьці калій, якія раней «Літоўскія чыгункі» дастаўлялі ў парты.
Лукашэнка з гэтай нагоды даручыў беларускаму ўраду распрацаваць захады ў адказ, калі літоўскі бок адмовіцца ад перавозкі беларускіх грузаў.
«Калі, напрыклад, Літва ня хоча прапускаць нашы грузы ў порт і ў порце перавальваць, добра, гэта іх права. Калі гэта адбудзецца, Раман Аляксандравіч, значыць, літаральна на працягу некалькіх дзён павінны быць рэалізаваны тыя мерапрыемствы, аб якіх мы дамаўляліся ў дачыненьні самой Літвы», — сказаў Лукашэнка.
Што гэта за меры, ён не ўдакладніў.
Кампанія «Літоўскія чыгункі» падпісала дамову зь «Беларуськаліем» увесну 2018 году, дамова дзейнічае да канца 2023-га. У адпаведнасьці зь ёю праз Клайпедзкі порт перавозіцца каля 11 млн тон беларускіх угнаеньняў.
9 жніўня 2021 году ЗША ўвялі санкцыі супраць дзясяткаў беларускіх кампаній, у тым ліку ААТ «Беларуськалій». Гэтыя санкцыі набылі моц 8 сьнежня.
У канцы сьнежня літоўская ўрадавая камісія для праверкі ўгодаў стратэгічных прадпрыемстваў абвясьціла, што дамова «Літоўскіх чыгунак» зь беларускім вытворцам угнаеньняў «Беларуськалій» і зьмены ў ёй ствараюць пагрозу для бясьпекі краіны.