Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: журналісту Івуліну прызначылі суд; праваабаронца Ласіца адзначыла дзень народзінаў за кратамі


Тацяна Ласіца
Тацяна Ласіца

У Беларусі цяпер 968 чалавек, прызнаных палітвязьнямі.

Суд над Івуліным — 17 студзеня

17 студзеня ў судзе Савецкага раёну Менску адбудзецца паседжаньне ў справе 29-гадовага журналіста, блогера і футбаліста «Крумкачоў» Аляксандра Івуліна, піша «Трыбуна», дзе Івулін працаваў да арышту.

Аляксандра затрымалі 3 чэрвеня. 4 чэрвеня яго асудзілі ў адміністрацыйнай справе (арт. 24.23 КаАП) на 30 дзён арышту.

У ліпені журналісту выставілі абвінавачаньне ў «арганізацыі і актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, якія пацягнулі парушэньне працы транспарту» (ч. 1 арт. 342 КК РБ). У сьнежні справу Івуліна перадалі ў суд. Яму пагражае да 3 гадоў пазбаўленьня волі.

Тацяна Ласіца расказала, як адзначыла Дзень нараджэньня за кратамі

Палітзьняволеная праваабаронца Тацяна Ласіца, якую асудзілі на 2,5 года калёніі, у лісьце на волю падзякавала за віншаваньні з днём народзінаў і Новым годам:

«Вялікі дзякуй за вашыя паштоўкі, усе я іх атрымала. Дзякуй за вашую падтрымку і заўсёды цёплыя словы, за вашую шчырасьць і дабрыню. Мне вельмі прыемна, гэта грэе душу. Не хвалюйцеся, у мяне ўсё добра. Дзень нараджэньня сустракала добра: былі і торт, і цукеркі, і салодкая вада, гарбата ды іншае. У мяне добрыя сябры, цудоўная сям’я, мой кот! Усе яны любяць і чакаюць мяне. Я таксама іх усіх вельмі люблю і спадзяюся, што ўсё будзе добра».

Тацяну Ласіцу асудзілі за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), і «навучаньне і падрыхтоўку асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяньнях, а таксама іх фінансаваньні або іншым матэрыяльным забесьпячэньні» (ч. 2 арт. 342 КК).

Папраўчая калёнія ў Наваполацку, дзе цяпер дзясяткі палітвязьняў, арганізуе анлайн-спатканьні вязьняў зь дзецьмі

Як паведамляецца на сайце горада, цэнтралізаваная бібліятэчная сыстэма Наваполацка дамовілася з папраўчай калёніяй № 1 аб стварэньні сацыяльнага праекту, які дапаможа падтрымліваць сувязь сем’яў з асуджанымі сваякамі, піша «Вясна». Па словах дырактаркі ЦБС Наваполацку Марыі Караваевай, у калёніі ўжо прайшло першае спатканьне па відэасувязі і ў будучыні плянуецца працягваць гэтую практыку.

У наваполацкай ПК-1 адбываюць пакараньне дзясяткі палітзьняволеных, якія, дзякуючы гэтыму праэкту, змогуць пабачыць сваіх дзетак. Але інструкцыі, як скарыстацца гэтай магчымасьцю, на сайце няма. Верагодна, інфармацыю сваякі могуць атрымаць праз адміністрацыю калёніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG