Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паток грамадзян Беларусі ва Ўкраіну ў 2021 годзе істотна скараціўся, — Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны


Мяжа паміж Украінай і Беларусьсю
Мяжа паміж Украінай і Беларусьсю

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны паведаміла, што Беларусь у колькасьці грамадзян, якія ўехалі летась на ўкраінскую тэрыторыю, заняла чацьвёртае месца пасьля Малдовы, Расеі і Польшчы.

«У 2021 годзе зафіксавалі на ўезд ва Ўкраіну 272 тысячы, а на выезд — 263 тысячы», — паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.

Паводле яго, памежная служба падлічвае ня колькасьць грамадзянаў, якія ўехалі на тэрыторыю Ўкраіны, а колькасьць перасячэньняў мяжы грамадзянамі Беларусі. Пры гэтым Андрэй Дземчанка падкрэсьліў, што статыстыка зьбіраецца з усіх кірунках украінскай мяжы, а ня толькі з супольнага зь Беларусьсю ўчастка.

У той жа час, як вынікае з тлумачэньня Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, гэтая статыстыка не азначае, што 9 тысяч беларусаў засталіся на тэрыторыі Ўкраіны (розьніца паміж тымі, хто ўехаў на тэрыторыю Ўкраіны і тымі, хто выехаў). «Грамадзяне Беларусі могуць знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны цягам тэрміну, згодна з вызначанымі нормамі, таму сьцьвярджаць, што яны засталіся ці выехалі на пачатку студзеня, я не бяруся», — дадаў Андрэй Дземчанка.

У канцы сьнежня 2021-га Кабінэт Міністраў Украіны падоўжыў яшчэ на адзін год дзеяньне сваёй пастановы, згодна зь якой беларусы могуць без рэгістрацыі знаходзіцца на ўкраінскай тэрыторыі цягам 180 дзён на год. Але потым яны павінны або выехаць на паўгода з Украіны, або зьвярнуцца ў міграцыйныя органы па легалізацыю.

«Што датычыць заяў, якія грамадзяне Беларусі агучвалі пры перасячэньні мяжы па атрыманьне статусу ўцекача або дадатковай абароны ўкраінскай дзяржавы, то такіх было 22. Пасьля такіх заяваў грамадзян Беларусі накіроўваюць у міграцыйныя органы, якія далей іх дакумэнтуюць», — дадаў Андрэй Дземчанка.

Паводле статыстыкі памежнікаў, паток грамадзян Беларусі ва Ўкраіну ў 2021 годзе скараціўся на 41 % у параўнаньні з 2020 годам.

У 2020 годзе ўкраінскія памежнікі зафіксавалі 463 тысячы перасячэньняў мяжы грамадзянамі Беларусі на ўезд ва Ўкраіну, а ў 2019-м — 2 мільёны 339 тысяч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG