Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малдову на «Эўравізіі» прадставяць песьняй пра адзінства з Румыніяй. ВІДЭА


Гурт Zdob şi Zdub на Эўравізіі ў 2011 годзе
Гурт Zdob şi Zdub на Эўравізіі ў 2011 годзе

Міжнародны конкурс песьні «Эўравізія» сёлета адбудзецца ў італьянскім Турыне ўвесну.

Дуэт гуртоў Zdob şi Zdub & Fraţii Advahov прадставіць Малдову на конкурсе песьні «Эўравізія-2022» у Турыне з песьняй «Trenuleţul» («Цягнічок»). Дуэт перамог ва ўнутраным адборы. Фінальнае праслухоўваньне 29 студзеня правяла тэлекампанія Teleradio-Moldova (TRM). У ім узялі ўдзел 28 выканаўцаў, піша eurovisionworld.com.

Першапачаткова плянавалася, што вяшчальнік правядзе нацыянальны адбор Selecţia Naţională 2022 5 сакавіка, але затым кампанія вырашыла вызначыць пераможцу раней праз тое, што ў Малдове рэзка вырасла колькасьць выпадкаў COVID-19.

Песьня «Trenuleţul», як адзначаюць СМІ Малдовы і Румыніі, нясе ў сабе моцны палітычны пасыл аб супольнай гісторыі і культуры дзьвюх краін. Раней Малдова ўваходзіла ў склад Румыніі, але ўсё зьмяніў уваход савецкіх войскаў у Бесарабію. У абедзьвюх краінах размаўляюць па-румынску, а суседні з сучаснай Малдовай рэгіён Румыніі мае такую самую назву.

У песьні ёсьць такія радкі:

Țară veche, țară nouă
Parcă-i una, parcă-s două,
Ba aparte, ba-mpreună,
Parcă-s două, parcă-i una.

(Старая краіна, новая краіна
Як адна, як дзьве,
Паасобку, разам,
Як дзьве, як адна)

Адным з момантаў відэа на песьню, выпушчанага ў сьнежні 2021 году зьяўляецца эпізод прыходу ў вагон-рэстаран цягніка Кішынэў — Бухарэст кантралёра праязных білетаў. Ён рэзка мяняе свой настрой са строгага на прыязны пасьля таго, як яму дэманструюць дыван з выявай Штэфана Чэл-Марэ (Штэфана Найвялікшага) — малдоўскага гаспадара, які разам з Валахіяй, дзе тады кіраваў Улад Цэпеш (Дракула) змагаўся супраць Асманскай імпэрыі. Штэфан Чэл-Марэ цэнтралізаваў краіну і лічыцца выбітнай асобай як у Румыніі, так і ў Малдове.

У абедзьвюх краінах досыць папулярная ідэя «unirea», шчыльнага супрацоўніцтва краін з наступным аб’яднаньнем у адну. У прыватнасьці, прыхільнікам такой ідэі быў колішні прэзыдэнт Румыніі Траян Басэску. У час пандэміі каранавірусу ў 2020-2021 Румынія гуманітарнымі грузамі дапамагала суседняй Малдове, пры гэтым у заявах падкрэсьлівалася выключнае сяброўства дзяржаў. Цяперашняя прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду выступае за працяг шчыльнага супрацоўніцтва з Румыніяй ва ўсіх сфэрах.

Гурт Zdob şi Zdub будзе прадстаўляць Малдову на конкурсе ўжо ў трэці раз, раней фольк-панк калектыў выступаў на «Эўравізіі» ў 2005 і 2011 гадах. Аркестар Fraţii Advahov («Браты Адвахавы») сфармаваўся ў 2006 годзе вакол асобаў акардэаністаў Віталя і Васіля Адвахавых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG