Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 куляў для прэзыдэнта. Як адбылася рэвалюцыя ў Румыніі


Румынскі салдат, 25 сьнежня 1989 году
Румынскі салдат, 25 сьнежня 1989 году

На пачатку сьнежня 1989 году Румынія была спакойнай камуністычнай краінай, а пазыцыі яе лідэра нічога не пагражала. 16 сьнежня пачаліся першыя сутыкненьні, а менш чым праз два тыдні Нікаляе Чаўшэску расстралялі.

Рэвалюцыя ў Румыніі завершылася 25 сьнежня. Падзеньне камунізму ў гэтай дзяржаве было самым крывавым сярод краін сацыялістычнага лягеру. Загінулі каля тысячы чалавек, больш за 3 тысячы атрымалі сур’ёзныя раненьні. Расказваем, як гэта адбывалася.

Як Румынія стала камуністычнай?

Сталінізацыя краіны пачалася яшчэ ў 1944 годзе, калі савецкія войскі ўвайшлі ў Румынію. Праз тры гады гэта прывяло да адрачэньня караля Міхая І ад пасаду, прыходу да ўлады камуністаў і стварэньня Румынскай народнай рэспублікі. Ад 1948 да 1965 году краінай кіраваў Георге Геаргіў-Дэж, якому ўдалося пераканаць СССР вывесьці свае войскі з Румыніі і захаваць аўтаномію ад Масквы. Але Румынія заставалася камуністычнай і аўтарытарнай дзяржавай.

Кароль Міхай І у Лёндане. Першая прамова пасьля сілавога адрачэньня ад трону
Кароль Міхай І у Лёндане. Першая прамова пасьля сілавога адрачэньня ад трону

Адкуль узяўся Чаўшэску?

Ён быў фаварытам Геаргіў-Дэжа і прыйшоў да ўлады у 1965 годзе, пасьля сьмерці апошняга. Чаўшэску працягваў лінію свайго папярэдніка і ўсяляк дэманстраваў незалежнасьць ад Масквы. У 1968 годзе ён асудзіў ня толькі ўваход савецкай арміі ў Чэхаславаччыну, але і свайго папярэдніка. Чаўшэску рэабілітаваў ахвяраў сталінізму і здабыў сваімі крокамі падтрымку насельніцтва.

Чаўшэску і былы лідэр Паўночнай Карэі Кім Ір Сэн
Чаўшэску і былы лідэр Паўночнай Карэі Кім Ір Сэн

Разам з тым, дыктатар ператварыў Румынію ў адну з самых ізаляваных краін сьвету. Людзям было забаронена мець радыё, друкавальныя машынкі. Спэцслужба Securitate, аналяг КДБ, змагалася з кожнай праявай іншадумства. У краіне забаранілі аборты і кантрацэпцыю. Кожная румынка была абавязаная да 45 гадоў нарадзіць прынамсі 5 дзяцей. Многія сем’і былі ня ў стане пракарміцца і аддавалі дзяцей у прытулкі.

Што найбольш вылучала румынскую дзяржаву сярод іншых краін за «жалезнай заслонай», дык гэта шырокі апарат даносчыкаў і спэцслужбаў. Securitate, дзе працавалі сама больш 12 000 чалавек, была вузкаспэцыялізаванай, але жорсткай службай, якая змагалася з палітычнымі апанэнтамі і выкарыстоўвала самыя бязьлітасныя мэтады. Паводле неафіцыйных падлікаў, кожны дзясяты румын быў даносчыкам і шпіёнам партыі, што пры 22-мільённым насельніцтве краіны было вялізнай лічбай.

Бухарэст, 1986 год
Бухарэст, 1986 год

Што пайшло ня так?

У канцы 1970-х у Румыніі пачаў падаць узровень жыцьця. Чаўшэску страчваў падтрымку. Змаганьне ўлады з крызісам набывала часта абсурдныя формы. Калі бракавала паліва, то вырашыць праблему спрабавалі абмежаваньнем грамадзкага транспарту, а аўтамабілямі людзям дазвалялі карыстацца паводле іх нумароў: у адзін дзень цотныя, у другі — няцотныя.

У 1987 годзе ў Румыніі пракапалі канал Дунай — Чорнае мора, у якім не было ніякага эканамічнага сэнсу. Гэтая інвэстыцыя, паводле эканамістаў, акупіцца праз паўтысячы гадоў.

Сытуацыю ўскладняла тое, што дыктатар загадаў выплаціць усе замежныя пазыкі краіны. У Румыніі пачалася манія эканоміі, што таксама моцна не задавальняла людзей. Час ад часу адбываліся пратэсты, але да сьнежня 1989 году яны не былі сур’ёзнымі.

Чаму пачалася рэвалюцыя

Затрыманьне Ласла Тэкеша (ён справа)
Затрыманьне Ласла Тэкеша (ён справа)

Імпульсам да падзеньня рэжыму Чаўшэску стаў невялікі канфлікт у шматэтнічным горадзе Тымішаара ў Трансыльваніі. За крытыку ўладаў мясцовага пратэстанцкага пастара Ласла Тэкеша захацелі перавесьці ў іншую парафію. Супраць гэтага выступілі мясцовыя жыхары. Хаатычныя бойкі зь міліцыяй перарасьлі ў рэгулярныя вулічныя баі. Падчас задушэньня пратэсту румынскія сілавікі забілі больш за паўсотні чалавек. Пратэсты пачаліся ў сталіцы краіны Бухарэсьце і іншых гарадах.

Што стала пераломным момантам

21 сьнежня ў цэнтры Бухарэсту праходзіў «спантанны мітынг» у падтрымку уладаў з удзелам «рабочых сталіцы». Паводле задумы рэжыму гэта мела быць дэманстрацыя адзінства народу. У сваёй прамове Чаўшэску выкрываў «замежных агентаў» і крычаў пра пакараньне для «здраднікаў».

Але натоўп нечакана пачаў скандаваць назву гораду Тымішаара, дзе толькі што былі крывава задушаныя пратэсты. Чаўшэску спрабуе празь мікрафон заклікаць людзей да спакою, але яму не ўдаецца. Ён пачынае абяцаць павышэньне заробкаў, пэнсіяў, дапамогі на дзяцей. Але нічога ня дзейнічае. Натоўп рушыў да трыбуны, дзе ён выступае. Дыктатар з жонкай уцякае ў сваю сядзібу за трыбунай, але туды ўрываецца натоўп. Пачынаецца страляніна. На вуліцах людзі будуюць барыкады. Войска спрабуе разьбіць барыкады, але 22 сьнежня ранкам міністар абароны Васіле Міля адмаўляецца страляць у пратэстоўцаў, пасьля чаго, паводле афіцыйнай вэрсіі, учыняе самагубства.

Пратэст у Тымішаары, 1989 год
Пратэст у Тымішаары, 1989 год

Забойства на Каляды

Чаўшэску прызначае новага міністра, Віктара Стэнкулеску, таго самага, які кіраваў задушэньнем пратэстаў у Тымішаары. Дыктатар ня ведаў, што той ужо быў у змове з былым чальцом ЦК кампартыі Румыніі Іёнам Іліеску, якога выкінулі з партыі пасьля канфлікту з Чаўшэску.

Стэнкулеску загадвае салдатам вяртацца ў казармы, а самога Чаўшэску намаўляе ўцякаць гелікоптэрам, што той і робіць. Пакуль дыктатар хаваецца ў сваёй рэзыдэнцыі пад Бухарэстам, яго былы паплечнік Іліеску стварае Фронт нацыянальнага выратаваньня. Чаўшэску разам з жонкай арыштоўвае міліцыя і перадае войску. Іх вязуць у казарму.

25 сьнежня адбываецца суд. Дыктатара вінавацяць у карупцыі, забойствах і іншых злачынствах. Прысуд — сьмяротная кара абодвум — выконваюць адразу пасьля агучваньня. Іх ставяць да сьцяны. Чаўшэску пачынае сьпяваць «Інтэрнацыянал», гучаць стрэлы. Усяго 30 куляў. Падаючы на зямлю, дыктатар пасьпявае выкрыкнуць «Няхай жыве свабодная і дэмакратычная сацыялістычная рэспубліка Румынія!».

Выступ Чаўшэску, 21 сьнежня 1990, Бухарэст
Выступ Чаўшэску, 21 сьнежня 1990, Бухарэст

Відэазапіс расстрэлу паказвае дзяржаўная тэлевізія.

Што гэта было

Падзеньне дыктатуры ў Румыніі ў 1989 годзе стала самым крывавым пераходам ад камунізму да дэмакратыі ў Эўропе.

На вуліцах Бухарэсту ды іншых гарадоў Румыніі, паводле розных ацэнак, загінулі ад 600 да 1,2 тысячы чалавек. Каля 3 тысяч атрымалі раненьні.
Да сёньня ў Румыніі спрачаюцца аб пачатку рэвалюцыі. Некаторыя лічаць, што ўсё было задумана палітычнымі апанэнтамі Чаўшэску, каб узяць уладу пасьля яго. Іншыя даказваюць, што рэвалюцыя ўспыхнула стыхійна, з ініцыятывы людзей. Але незалежна ад таго, як яна пачалася, рэвалюцыю выкарыстала група партыйных лідэраў і вайскоўцаў, якія і кіравалі краінай пасьля 1989 году. Праблема была і ў тым, што ў Румыніі не было арганізаванай апазыцыйнай сілы.

Бухарэст, 26 сьнежня
Бухарэст, 26 сьнежня

Што адбылося пасьля рэвалюцыі

Пасьля сьмерці Чаўшэску пасаду прэзыдэнта Румыніі заняў Іліеску. Ён кіраваў дзяржавай да 1996 году, а затым зноў у 2000–2004 гадах.

У 2017 годзе яго і былога прэм’ер-міністра Пэтрэ Романа абвінавацілі ў разгоне антыўрадавых дэманстрацыяў шахтароў у Бухарэсьце ў чэрвені 1990 году. У 2019 годзе яму выставілі абвінавачаньне ў злачынствах супраць чалавечнасьці падчас рэвалюцыі ў сьнежні 1989 году, калі загінулі 862 чалавекі. Прысуду дагэтуль няма, працэс адтэрмінаваны. Сапраўдная апазыцыя прыйшла да ўлады ў Румыніі толькі ў 1996 годзе.

Тым ня менш, нягледзячы на ўсе складанасьці трансфармацыі, сёньня Румынія — дэмакратычная дзяржава, чалец NATO і Эўрапейскага Зьвязу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG