Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Турэмнае зьняволеньне, толькі зь мякчэйшымі ўмовамі». Бацька і сын паўтара года жывуць у амбасадзе Швэцыі ў Менску


Увосень 2020 года бацька і сын Віталь і Уладзіслаў Кузьнечыкі зь Віцебску, ратуючыся ад міліцыі, пераскочылі праз агароджу пасольства Швэцыі ў Менску і папрасілі прытулку.

На гэты крок іх штурхнула тое, што абодва сталі фігурантамі крымінальнай справы: яна была заведзеная пасьля таго, як яны ўдзельнічалі ў шэсьці за сумленныя выбары і супраць Лукашэнкі ў сваім родным горадзе.

У той дзень сілавікі жорстка разагналі дэманстрантаў з выкарыстаньнем спэцсродкаў: пажылому Віталю Кузьнечыку распылілі сьлезацечны газ проста ў твар, а калі ён упаў — сталі зьбіваць. Сын Уладзіслаў кінуўся адбіваць бацьку і змог адвесьці яго з месца сутыкненьня. За гэта на абодвух мужчын завялі крымінальную справу па 364-м артыкуле Крымінальнага кодэксу Беларусі — гвалт або пагроза гвалту ў дачыненьні да прадстаўніка ўлады. Ім пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да 7 гадоў.


Швэцыя пакуль не дала Кузьнечыкам прытулку, але атрымала прадпісаньне ад Камітэту ААН супраць катаваньняў не выдаваць іх са сваёй тэрыторыі. Улады Швэцыі спрабавалі адмяніць гэтыя меры, але камітэт адмовіўся задаволіць іх патрабаваньні, таму Кузьнечыкі па-ранейшаму знаходзяцца на тэрыторыі амбасады. Выйсьці за браму яны ня могуць: ім пагражае неадкладны арышт і працяглы турэмны тэрмін.

У інтэрвію «Настоящему времени» бацька і сын Кузьнечыкі распавялі, што не чакалі, што іх знаходжаньне ў амбасадзе нагэтулькі зацягнецца, і сказалі, што ўмовы, у якіх яны жывуць, нагадваюць «турэмнае зьняволеньне, толькі з больш мяккімі ўмовамі». Яны таксама заявілі: «Маўчаць мы больш ня можам: маўчаньне ніяк нам не дапамагае. Цяпер усе павінны ведаць, у якой мы сытуацыі, што ўлады Швэцыі, па сутнасьці, нічога ня робяць».

— Віталь, Уладзіслаў, добры дзень. Вы ўжо амаль паўтара гады знаходзіцеся на тэрыторыі амбасады Швэцыі ў Менску. Калі вы запісвалі сваё відэа ў верасьні 2020 году, у дзень, калі вы апынуліся пад лесьвіцай у двары амбасады, вы думалі аб тым, што ўсё можа так зацягнуцца?

— Добры дзень. У верасьні 2020 года, калі мы апынуліся на тэрыторыі амбасады, вядома, мы ня думалі, што гэта зацягнецца так надоўга. Найперш мы думалі, што ўсё ж улада ў Беларусі зьменіцца на законную, што пройдуць новыя выбары, і мы вернемся дадому.

— Вы ўпершыню даяце відэаінтэрвію за гэтыя паўтара гады. Чаму вы раней гэтага не рабілі?

— Мы так доўга не давалі інтэрвію, па-першае, таму што баяліся за родных. Мы баімся, што як толькі да нас праяўляюць нейкую ўвагу, увага ўладаў можа быць праяўленая і да іх. Так і было — мы гэта таксама праз знаёмых даведваліся. І, адпаведна, зьяўляецца ўвага адразу да амбасады — могуць быць праблемы і ў работнікаў амбасады. Але зараз мы разумеем, што маўчаць больш ня можам, бо маўчаньне ніяк нам не дапамагае. Цяпер усе павінны ведаць, у якой мы сытуацыі, што ўлады Швэцыі, па сутнасьці, нічога ня робяць і як мага далей адцягваюць працэс з нашым пытаньнем.

— Як вы лічыце, вы зараз на волі ці не? Як бы вы апісалі сваю сытуацыю?

— Мы зараз знаходзімся ў бясьпецы, але назваць гэта свабодай ніяк нельга. Мы ня можам выйсьці ў горад прагуляцца, сустрэцца са сваімі роднымі. Я б гэта апісаў як турэмнае зьняволеньне, толькі з больш мяккімі ўмовамі — не такімі, вядома, у якіх цяпер знаходзяцца нашыя палітвязьні.

Зразумела, нас тут ніхто не трымае, але мы разумеем: калі мы выйдзем за тэрыторыю амбасады, невядома, што з намі будзе. Натуральна, што мы за ўвесь гэты час ніколі ня бачылі сваіх родных і блізкіх, гэта цяжка. Адзін плюс: што ў нас ёсьць інтэрнэт і відэасувязь.

— Вы казалі, што сябры параілі вам Швэцыю, як краіну, якая можа вам дапамагчы. Якія ў вас адчуваньні зараз? Швэцыя вам дапамагае?

— Амбасаду Швэцыі нам параілі сябры, ды мы і самі чыталі ў інтэрнэце, што Швэцыя — гэта адна з самых гуманных краінаў Эўропы, што ў любым выпадку нам дапамогуць, як бы там ні было. Але мы ня думалі, што гэта ўсё зацягнецца.

— Паўгода таму, калі мы рыхтавалі папярэдні матэрыял пра вас, мы атрымалі камэнтар ад швэдзкага МЗС з фармулёўкай: «Мы вядзём дыялёг з Кузьнечыкамі». Як вы бачыце гэты дыялёг з вамі з боку Швэцыі і, у прыватнасьці, з боку амбасады?

— Па сутнасьці, на дадзены момант Швэцыя нічога ня робіць для таго, каб неяк нам дапамагчы. У самой амбасадзе да нас ставяцца добра, тут прэтэнзій ніякіх няма, канешне. Усім, чым трэба, нас забясьпечваюць. Работнікі амбасады — у іх да нас добрае стаўленьне, яны ўсё разумеюць, яны ўсё бачаць, што адбываецца ў краіне. Але менавіта ўлады Швэцыі — незразумела, што яны робяць. Яны нібыта спэцыяльна зацягваюць наогул увесь працэс. І мы ня ведаем, што будзе далей.

Дыялёг са Швэцыяй у нас ідзе праз працаўнікоў амбасады. Гэта значыць, па сутнасьці, мы гаворым, якія ў нас праблемы, што нам трэба, якія пытаньні трэба вырашыць, — мы ўсё перадаем работнікам амбасады, яны перадаюць у Швэцыю, ну і нам даюць адказ. Але звычайна гэта зацягваецца надоўга, і адказаў як такіх канкрэтных няма.

— Таксама швэдзкія ўлады ў тым адказе згадвалі, што вы «праніклі на тэрыторыю амбасады без запрашэньня і дазволу». Што вы можаце на гэта адказаць?

— На тэрыторыю амбасады, так, мы патрапілі незаконна, пераскочылі праз плот. Але да гэтага мы званілі ў дамафон амбасады, патлумачылі сваю сытуацыю, сказалі, што баімся за сябе, што невядома, што можа быць. Нас паслухалі, сказалі: «Мы нічым не можам дапамагчы». Ну і ўсё. У нас выйсьця не было, акрамя як пераскочыць цераз плот.

Мы баяліся перасьледу, бо мы ўжо тады знаходзіліся ў вышуку. У нас не было іншага выйсьця. Мы ўжо ведалі празь сяброў, праз знаёмых, што нас шукаюць.

— Таксама ў тым відэа за 2020 год вы казалі, што «спадзеяцеся», што вас ня выдадуць беларускім уладам. Мы бачым, што вас ня выдалі. Але ў той жа час ваш юрыст казаў, што ў амбасадзе вам намякалі на тое, што, маўляў, «можа, вы самі выйдзеце адсюль?» Ёсьць такія намёкі па-ранейшаму? Як вы думаеце, што адбудзецца, калі вы пакінеце тэрыторыю амбасады?

— Цяпер пра гэта нават і размоваў няма. Работнікі ўсё разумеюць, нашу сытуацыю, чым гэта можа скончыцца для нас: турмой і катаваньнямі з большай верагоднасьцю. Калі мы пакінем тэрыторыю амбасады, з намі можа адбыцца ўсё, што заўгодна. Гэта значыць, як мінімум нас пасадзяць у турму, таму што на нас [заведзена] некалькі крымінальных справаў ужо, як нам вядома. А ў беларускіх турмах зараз робіцца жах. Там і катуюць людзей, і забойствы ёсьць, і тыя, якія скончылі самагубствам нібы. Гэта значыць, тут ніхто не ведае, як будзе на самой справе.

Амбасада Швэцыі ў Менску ў адказ на запыт «НВ» яшчэ раз падкрэсьліла, што Кузьнечыкі праніклі на яго тэрыторыю «без дазволу». «Амбасады Швэцыі ня маюць права разглядаць заявы аб прадстаўленьні прытулку. Швэдзкае міграцыйнае агенцтва адказвае за разгляд заяў аб наданьні прытулку і можа ўхваліць толькі заявы аб наданьні прытулку, якія былі пададзены ў Швэцыі», — падкрэсьлілі швэдзкія дыпляматы.

Кіраўнік швэдзкай Арганізацыі падтрымкі дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе Марцін Угла ў 2021 годзе ў інтэрвію «НВ» выказваў надзею, што швэдзкія дыпляматы правядуць сакрэтныя перамовы з беларускімі ўладамі, каб атрымаць гарантыі і вывезьці Кузьнечыкаў у Літву ці Польшчу.


«Але мы вельмі мала ведаем, што адбываецца, таму што швэдзкія ўлады наогул нічога не гавораць аб гэтым. Гавораць, што яны працуюць над вырашэньнем гэтай праблемы, але аб якім рашэньні ідзе размова, мы, вядома, ня ведаем», — сказаў швэдзкі праваабаронца.

У 2014 годзе падобная гісторыя здарылася ў Азэрбайджане. Крытыка прэзыдэнта Ільхама Аліева журналіста і праваабаронцы Эміна Гусэйнава абвінавацілі ў незаконным прадпрымальніцтве і ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Гусэйнаў схаваўся ў пасольстве Швэйцарыі ў Баку, лічачы, што яго перасьледуюць па палітычных матывах.

Перамовы паміж Швэйцарыяй і Азэрбайджанам працягваліся амаль год, у выніку праваабаронца пакінуў Баку на самалёце швэйцарскага міністра.

Што самае складанае было (і ёсьць) за гэтыя паўтара гады?

Уладзіслаў: Самае складанае для мяне ў знаходжаньні тут — гэта тое, што я не магу бачыць сваіх дзяцей: як яны растуць, як разьвіваюцца. Не магу зь імі побач знаходзіцца.

Віталь: Мы ня можам бачыць сваіх бацькоў, ня можам сваіх сяброў бачыць, зь якімі мы кожны дзень размаўлялі, — гэта маральна цяжка. Ну а так, у прынцыпе, да ўсяго прывыкаеш. Тут свой сьвет. Адзінае, праблемы са здароўем толькі ёсьць.

— Уладзіслаў, калі мы размаўлялі з вамі паўгода таму, вы таксама скардзіліся на праблемы са здароўем і наракалі, што ня можаце прайсьці абсьледаваньне ў анколяга. А вы, Віталь, гаварылі пра праблемы са зрокам і з сэрцам. Ці атрымалі вы нейкую дапамогу?

— Наконт мэдычнай дапамогі і мэдычнага абсьледаваньня. Па сутнасьці, нам даць гэтую дапамогу не змаглі — лекараў у амбасадзе няма, абсталяваньне, адпаведна, паставіць сюды ня могуць. З такім захворваньнем, як ва Ўлада, немагчыма правесьці абсьледаваньне на тэрыторыі амбасады, таму што там патрэбна складанае абсталяваньне: кампутарная тамаграфія і шмат яшчэ розных.

Уладзіслаў: Самае галоўнае — гэта анкалёгія, больш за ўсё я за гэта перажываю. Я адчуваю, што ў вазе страціў, у мяне частыя галаўныя болі — шмат ёсьць розных сымптомаў. І ўсе ведаюць пра гэта, супрацоўнікі амбасады ведаюць, адпаведна, і ўлады Швэцыі пра гэта ведаюць. Але нічым, як яны гавораць, дапамагчы ня могуць. Так, могуць нейкія лекі набыць. Калі нешта нам трэба з вітамінаў нейкіх яшчэ, лекаў, калі мы ўпэўненыя ў тым, што нам гэтыя лекі дапамогуць, мы можам гэта замовіць — нам купляць усё без праблем. Ну а нейкага руху па нашым пытаньні, па мэдычнай дапамозе няма: лекараў нам сюды ня могуць даслаць, нічога.

Віталь: Са зрокам — у мяне пагаршаецца зрок. Адзінае, чым мне маглі ў амбасадзе дапамагчы, — гэта купілі акуляры мне, для таго каб я мог чытаць. Ну яшчэ турбуе сэрца — у мяне часта баліць сэрца, зрок, пацямненьне ў вачах бывае частае. Стан ня вельмі добры. Трэба праводзіць мэдычнае абсьледаваньне, але тут яго немагчыма правесьці.

— Ваш юрыст Вадзім Драздоў (ён займаецца абаронай ад дэпартацыі, высылкі і экстрадыцыі) нядаўна дамогся таго, каб Камітэт супраць катаваньняў ААН прызнаў вашу скаргу прымальнай: гэта можа прымусіць улады Швэцыі прадпрымаць нейкія дзеяньні. Як вы думаеце, рашэньне Камітэту нешта памяняе?

— Так, Вадзім, наш юрыст, вельмі шмат чаго дамогся, вялікі яму дзякуй. (Сутнасьць справы: Швэцыя настойвала, што Кузьнечыкі не знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Швэцыі, але Камітэт ААН вырашыў, што бацька і сын знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Швэцыі, а на тэрыторыі Беларусі ім сапраўды пагражаюць катаваньні, таму пагадзіўся разгледзець скаргу Кузьнечыкаў на амбасаду Швэцыі па сутнасьці — «НВ».)

Але адказ Камітэту ААН будзе толькі ў красавіку, гэта значыць, на наступнай сэсіі. Яны не зьбіраюцца нешта рабіць хутка. Яны разумеюць, што ў нас праблемы са здароўем, але, як нам зараз ужо зразумела, яны максымальна будуць адцягваць гэты працэс, то бок на кожнай сэсіі будуць нейкія адпіскі, як мы разумеем.

Яны сказалі: «На наступнай сэсіі чакайце нейкага нашага адказу». А потым можаце чакаць яшчэ, можа, паўгады, можа, год ці яшчэ невядома колькі. Гэта значыць, усё гэта зацягваецца на нявызначаны тэрмін. Як мы разумеем, яны прынцыпова гэта расьцягваюць, спэцыяльна.

— Раскажыце, калі ласка, як вы зараз ацэньваеце сытуацыю ў Беларусі?

— У Беларусі зараз вельмі цяжкае палітычнае становішча: у краіне працягваюцца рэпрэсіі, кожны дзень паступаюць навіны, што людзей арыштоўваюць, саджаюць, прыгаворваюць да «сутак», прыгаворваюць да турэмных тэрмінаў, адкрываюць крымінальныя артыкулы па надуманых прычынах. Ну, значыць, тэрор ідзе поўнай хадой. Такое адчуваньне, што мы зараз трапілі ў 1937 год, калі былі сталінскія рэпрэсіі. Гэта аналёгія адзін да аднаго.

Па сутнасьці, маразм даходзіць да таго, што людзей проста затрымліваюць за бел-чырвонае адзеньне. То бок, гэта як было і ў 2020 годзе, так і ў гэтым. Нядаўна знаёмых у мяне так затрымалі ў кавярні за бела-чырвонае адзеньне. Каму штраф, каму суткі. Пра што тут можна казаць, калі маразм поўны?

Затрымліваюць за камэнтары ў сацсетках, калі камусьці нешта не спадабалася з органаў. Затрымліваюць за старыя фатаграфіі, за старыя відэа, хто на пратэстах засьвяціўся. Як мы ведаем, там «ціхары» здымалі вельмі шмат відэа, таму людзей зараз па гэтых матэрыялах выдзіраюць і прыгаворваюць да тэрмінаў.

Рэпрэсіі працягваюцца. Я б сказаў, яны нават не працягваюцца, але яшчэ больш узмацняюцца. І ідзе гэта хвалепадобна — то крыху зьнізіцца ўзровень рэпрэсій, то яны зноў адновяцца з новай сілай.

— Вы хочаце сказаць нешта, чаго мы не спыталі, ці зьвярнуцца да кагосьці?

— Хочацца падзякаваць і перадаць прывітаньне палітвязьням, усім зьняволеным, хто знаходзіцца ў турмах па палітычных матывах. Мы бачым, што людзі не здаюцца, нават седзячы ў турмах. Гэта ўстойлівыя людзі, сапраўдныя патрыёты Беларусі.

Мы разумеем, што ім значна горш, чым нам. У нас тут, у прынцыпе, калі параўноўваць зь імі, ідэальныя ўмовы, у нас усё ёсьць: ежа, усё. Ім рэальна павага — гэта людзі, якія яго вартыя. Гэта будучыня, будучыня нашай Беларусі. Яны будуць на чале нашага ўраду і будуць разьвіваць краіну далей.

Таксама павага, вядома ж, незалежным СМІ, якія рэальную абстаноўку ў краіне паказвалі, пакуль была магчымасьць. Ну і родным і блізкім нашым таксама дзякуй за дапамогу, за падтрымку, і сябрам — усім прывітаньне. Жыве Беларусь!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG