Што стала за год з эканомікай, адукацыяй, бізнэсам ды іншымі важнымі для жыцьця беларусаў сфэрамі? Падсумоўваем разам з экспэртамі ў пяці выніковых інтэрвію. Гэтым разам гаворка аб праве.
Наколькі вялікі адток кадраў у сфэры мэдыцыны, ці могуць улады звольніць апошняга спэцыяліста праз палітыку, як адрадзіць мэдыцыну з нуля? Гаворым пра гэта з доктаркай, былой кіраўніцай аднаго з прыватных мэдычных цэнтраў у Беларусі Лідзіяй Тарасенкай.
— Ці шмат у чым зьмянілася сфэра мэдыцыны за год?
— Я заўсёды казала, што мэдыцына ў нас дэградуе. Я ў мэдыцыне з 2008 году, і мне заўжды здавалася, што ўсё паступова становіцца горш. Калі я прыйшла працаваць, то можна было ў лякарню замаўляць антыбіётыкі любога вытворцы. Цяпер у лякарнях даўно ўжо ўсё беларускай вытворчасьці, і такіх прыкладаў шмат.
Што да мэдыцыны, то першымі з краіны зьехалі добрыя спэцыялісты. Праблема ў адсутнасьці структуры, у адсутнасьці тэхнікі. З добрага — маем шанец гэта перажыць і стаць на нармальныя рэйкі. Часта чую, маўляў, на сілавікоў мэдыцыны і мэдыкаў усё адно хопіць. Паверце, ня хопіць. Ім ужо даўно нічога не хапае. Яшчэ ў спакойныя гады зь імі не хацелі зьвязвацца, яны траплялі ў рукі самых ляяльных і не заўсёды добрых спэцыялістаў. На жаль, сілавікі гэтага не заўважаюць.
«Адток кадраў з мэдыцыны — як цунамі»
— Чыноўнікі кажуць, што адток кадраў у мэдыцыне быў заўсёды. Наколькі цяпер ён заўважны?
— Адток кадраў сапраўды быў заўсёды. Але цяпер у Беларусі ён адбываецца як цунамі. Штогод мэдычныя ВНУ выпускаюць каля 2500 чалавек. Пры гэтым вакансіяў на сайтах больш. Ды і большасьць вакансіяў не выкладваюцца ў адкрыты доступ. І гэты разрыў паміж колькасьцю выпускнікоў і колькасьцю вакансіяў з гадамі ўсё расьце.
Колькі я працую, увесь час чыноўнікі кажуць, што ўсе дзіркі заткнуць выпускнікамі, але бачна, што гэта не дапамагае. І рэч ня толькі ў спэцыялістах — працаваць таксама няма дзе.
— У сэнсе? Ёсьць жа шмат вакансіяў.
— Якім бы добрым доктарам я ні была, калі вы да мяне прыйдзеце, я вас пагляджу рукамі і вачамі, але ўсё адно адпраўлю на аналізы і абсьледаваньне. Добра, для аналізаў яшчэ ёсьць лябараторыі. А калі казаць пра абсьледаваньні, то абсталяваньне каштуе добрых грошай. І калі абсталяваньня ў руках няма, ты нічога ня можаш зрабіць. І гэта адзін кірунак.
А калі казаць пра сапраўды нармальны, комплексны падыход да здароўя і мэдыцыны, то нават простая апэндэктамія патрабуе ня толькі рук хірурга, а зладжанай працы вялікай колькасьці людзей і сыстэмы. Калі адна цаглінка выпадае, то разбураецца ўсё, і геніяльны хірург ня выратуе вас ад сэпсісу, калі немагчыма захаваць стэрыльнасьць працэсу.
— Была інфармацыя, што найбольш вакансіяў у рэгіёнах, што там проста няма каму працаваць.
— Я працавала ў рэгіёне па разьмеркаваньні з 2009 году. У раёне 26 тысяч чалавек, там 5 хірургаў, якія закрываюць усё: тэрміновая дапамога, разаніна — усё, што заўгодна. Бліжэйшы абласны горад — 180 кілямэтраў. І на гэтым месцы, дзе я працавала, 17 гадоў адная і тая ж сытуацыя: чалавек адпрацоўвае разьмеркаваньне і зьяжджае.
«Мэдыкі звальняюцца, бо накіпела»
— Наколькі сытуацыя са спэцыялістамі цяпер стала крытычнай?
— Я, напрыклад, ня ведаю, дзе маім знаёмым і сваякам цяпер лекавацца ў Менску. Колькі дакладна зьехала, ніхто ня ведае. Ня ўсе звальняюцца пасьля «сутак» — людзі звальняюцца, бо накіпела.
— Лукашэнка казаў, што сярод кіраўнікоў ад мэдыцыны ёсьць апазыцыянэры. Наколькі гэта адпавядае рэальнасьці?
— Спадзяюся, што гэта праўда. Калі ты толькі прыходзіш у мэдыцыну, то начальнік для цябе — гэта такі дзіўны пэрсанаж, які крычыць, тупае нагамі, зь якім лепш не сутыкацца. З узростам ты разумееш, што для многіх гэта маскі, спосаб прыстасавацца да сыстэмы. Часам пад вобразам дзіўнага начальніка крыецца адэкватны кіраўнік, проста дэфармаваны сыстэмай.
«Калі трэба будзе забраць лекара з апэрацыі ў кайданках — забяруць»
— Калі шмат лекараў зьехала, то на тых, хто застаўся, цяпер больш нагрузкі?
— Два разы на разьмеркаваньні я не магла сысьці з працы па 5 содняў. Распаўсюджаная сытуацыя, калі працоўная зьмена лекара 32 гадзіны. У цябе пасьля гэтага няма ні адсыпнога, ні выходнага. І нікогасне турбавала, калі я казала пра гэта. Грамадзтва лічыла гэта нармальным, ня толькі чыноўнікі. Зразумела, што хірург на 20-й гадзіне працы так сабе хірург. Зараз усё проста яшчэ горш.
— Апошнім часам улада накіравала на прадпрыемствы сьпісы на звальненьне. У мэдыцыне таксама ёсьць такія сьпісы, нягледзячы на праблемы з кадрамі?
— Дакладна ведаю, што такія сьпісы ёсьць. Некага звальняюць адразу, з кімсьці гавораць, запалохваюць, прымушаюць уступіць назад у прафсаюз. Нягледзячы на тое, што ў паліклініцы застаецца «1 акуліст на 7 стаўках», яго таксама могуць звольніць, усім напляваць ужо. Ніхто ніколі ня думаў пра людзей. Калі некаму нешта было раней незразумела, то з пандэміяй усё стала зразумела. Тым, хто дарваўся да ўлады, пляваць на людзей, на лекараў. У нас бескантрольна бушуе ковід, а ўсім напляваць. Раней рабілі выгляд, цяпер нават выгляду не робяць. Трэба будзе забраць у кайданках спэцыяліста проста падчас апэрацыі — забяруць.
— Ці шмат спэцыялістаў зьехала, наколькі цяжка ўладкавацца за мяжой?
— Лекарам цяжка, яны сутыкаюцца з новай бюракратыяй, пацьвярджэньнем дыплёму, моўнымі бар’ерамі. У іншых сфэрах прасьцей. Але ўсё гэта можна пераадолець. Гэта ня фактар, які спыняе і прымушае застацца ў канцлягеры.
— Можа быць, засталася ў беларускай мэдыцыне сфэра, дзе яшчэ ўсё больш-менш нармальна?
— У арганізацыі аховы здароўя былі сьветлыя плямы. Напрыклад, шлях пацыента з раённай лякарні ці паліклінікі ў РНПЦ. Ідэя добрая — выкананьне кепскае. Ідэя этапнасьці аказаньня дапамогі добрая. Тое, што ў нас дзяржаўная мэдыцына, у прынцыпе добрая і гуманная ідэя.
Вельмі добры чалавечы патэнцыял, сярод беларусаў вельмі шмат разумных, адэкватных, таленавітых людзей. Шмат прыкладаў, калі лякарню ці аддзяленьне людзі выцягвалі на асабістым энтузіязьме.
— Што стала з колішняй экспартнай мэдыцынай? Яшчэ езьдзяць у Беларусь лячыцца?
— На трансплянталёгію яшчэ езьдзяць. Экспарт мэдычных паслуг ніколі ня быў супэрскім. Першай у экспарце была трансплянталёгія, другая — анкалёгія. Лекары ніколі не былі зацікаўленыя ў экспарце паслуг. Маеш сваю працу, шмат нагрузкі, трымаеш балянс увесь час. І калі да асноўнай працы дабаўлялі яшчэ і платныя паслугі, то лекары не былі зацікаўленыя ў гэтым. Сьпярша лекары на гэтым нічога не зараблялі, пасьля пачалі зарабляць, але гэта заўсёды былі сьмешныя грошы.
«У беларускай мэдыцыне ўсё катастрафічна»
— На колькі балаў ад 1 да 10 можна ацаніць цяперашні стан мэдыцыны ў Беларусі?
— Я паставіла б мінімальныя балы. У Беларусі ня так дрэнна, як у некаторых краінах Афрыкі. Ёсьць доступ да добрай пітной вады. Але лічу, што ўсё катастрафічна, гэта стан сярэднявечча. Але гэта яшчэ і пункт росту, бо калі ўсё канчаткова зламаецца, можна будзе ўсё адбудоўваць нанова.
— З тых лекараў, хто зьехаў, колькі б вярнуліся назад?
— Паводле дасьледаваньняў сацыёлягаў, праз год пасьля эміграцыі вяртаецца 80%, а ў прамежку ад году да пяці — 50%. Я адназначна разумею, што хачу вярнуцца. Сярод маіх знаёмых шмат тых, хто б вярнуўся назад. Вядома, з тых лекараў, якія зьехалі ў Эўропу, вывучылі складаныя мовы, некаторыя могуць і не вярнуцца.
— Ці складана будзе адбудаваць мэдычную сфэру ў Беларусі?
— Каб зрабіць нешта добра, ня трэба шмат людзей. Трэба добрыя людзі на ключавых пасадах. Я бачу, што беларусы добра арганізаваныя, ёсьць структуры, якія працуюць, са зразумелымі мэтамі і задачамі.