Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белтэлекам хоча стаць сотавым апэратарам. Прыгадваем гісторыю апэратара «БелСел», якім апекавалася дзяржава


Рэкляма праз мабільны тэлефон, архіўнае фота
Рэкляма праз мабільны тэлефон, архіўнае фота

Ад уздыму да нацыяналізацыі і закрыцьця. Як разьвівалася часткова дзяржаўная сотавая сувязь у Беларусі.

Адкрыцьцё

Кампанію «БелСел» заснавалі ў 1991 годзе сумесна з брытанскай кампаніяй Cable & Wireless Plc. Палова долі ў кампаніі належала беларускай дзяржаве. Паслугі сотавай сувязі кампанія пачала аказваць у траўні 1993 году. Тады жыхары Беларусі ўпершыню атрымалі магчымасьць карыстацца сотавай сувязьзю. Абанэнтамі «БелСел» становяцца банкі, дзяржаўныя ўстановы, амбасады, камэрцыйныя ўстановы.

У гэтыя часы «БелСел» становіцца лідэрам на мабільным рынку Беларусі.

Прыход інвэстараў і першы мабільны інтэрнэт

У жніўні 2002 году ў кампанію прыходзіць новы інвэстар — «Інфабанк». Новыя інвэстары прафінансавалі сетку CDMA, а кампанія стала працаваць пад новым брэндам Diallog. Новая сетка дазволіла «БелСел» стаць першым мабільным апэратарам, які прапанаваў сваім абанэнтам паслугі высакахуткаснага мабільнага інтэрнэту стандарту CDMA.

Гэта забясьпечвала хуткасьць перадачы дадзеных да 153 кілябіт у сэкунду, а ў пашыранай вэрсіі — да 2 мэгабіт у сэкунду.

Нацыяналізацыя

У 2004–2005 гадах улады Беларусі вырашаюць узмацніць уплыў на тэлекамунікацыйныя сеткі. Праходзіць частковая нацыяналізацыя сотавых апэратараў. Дзяржава забірае долю Інфабанку ў «БелСел» і зноў вяртае свае 50% акцый у кампаніі.

Тады кіраўніцтва кампаніі папярэджвала прадстаўнікоў дзяржавы, што з прычыны страты інвэстараў яе праца пад пагрозай. Аднак кампанія працягнула сваю працу.

У 2007–2008 гадах «БелСел» меў 99 тысяч абанэнтаў, доля на рынку мабільнай сувязі — 1,3%. Палова абанэнтаў кампаніі былі зь Менску.

Арышт аднаго з інвэстараў і сыход «Белтэлекаму»

У 2011 годзе ўлады Беларусі арыштавалі аднаго з інвэстараў «БелСел» Віктара Шаўцова па падазрэньні ў махінацыях. У сьнежні 2012 году яго вызвалілі. На пачатку чэрвеня 2021 году дзяржаўны «Белтэлекам», які меў 50% акцый «БелСел», выйшаў са складу інвэстараў. На той момант «БелСел» займаў толькі 0,12% ад мабільнага рынку ў Беларусі. З прычыны сыходу «Белтэлекаму» «БелСел» страціў 170 тысяч абанэнтаў.

«Мы працуем у XXI стагодзьдзі. Патрэбныя новыя тэхналёгіі, новыя падыходы. А ў кампаніі, зь якой мы працавалі, не было далейшых прапаноў па разьвіцьці бізнэсу, яна спынілася ў сваім тэхнічным разьвіцьці», — тлумачылі свой сыход у «Белтэлекаме».

На той момант «БелСел» амаль цалкам выціснулі з рынку іншыя мабільныя апэратары.

Мінсувязі забірае ліцэнзію

У студзені 2014 году Мінсувязі заявіла, што апэратару «БелСел» адмоўлена ў працягу ліцэнзіі.

«Дадзенае рашэньне было прынята з улікам наяўных парушэньняў ліцэнзіятам ліцэнзійных патрабаваньняў і ўмоў ажыцьцяўленьня дзейнасьці ў галіне сувязі», — патлумачылі тады ў Мінсувязі.

24 студзеня 2014 году кампанія адключыла сваю сетку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG