Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Кіеве перанес рашэньне ў справе экс-прэзыдэнта Ўкраіны Парашэнкі


Парашэнка выступае на мітынгу ў ягоную падтрымку каля суду, 17 студзеня 2022
Парашэнка выступае на мітынгу ў ягоную падтрымку каля суду, 17 студзеня 2022

Пячэрскі раённы суд Кіева мае прыняць рашэньне 19 студзеня а 14-й гадзіне.

Пасяджэньне трывала амаль 12 гадзін. Суд заслухаў бакі абвінавачаньня і абароны. Некалькі гадзін таму судзьдзя пайшоў у пакой для нарадаў, каб ухваліць рашэньне рашэньня. Але пазьней сакратар абвясьціў аб пераносе судовага пасяджэньня на 19 студзеня.

Абвінавачаньне прасіла суд узяць Пятра Парашэнку пад варту з альтэрнатыўнай магчымасьцю ўнесьці грашовы заклад у памеры 1 мільярд грыўняў (прыблізна 35 мільёнаў даляраў у эквіваленце).

17 студзеня, калі суд разглядаў хадайніцтва аб арышце Пятра Парашэнкі, у Кіеве знаходзіліся зь візытам адразу некалькі замежных дэлегацый — міністры замежных спраў Канады і Нямеччыны Мэлані Жалі і Анналена Бэрбак, а таксама кангрэсмэнаў ЗША.

Зноў беларускі вугаль?

Перад вяртаньнем ва Ўкраіну Пятро Парашэнка ў інтэрвію ўкраінскаму інтэрнэт-выданьню «Українська правда» заявіў, што з 2019 году (пасьля перамогі Ўладзіміра Зяленскага на прэзыдэнцкіх выбарах. — РС) пастаўкі вугалю з Расеі істотна павялічыліся. Пры гэтым пэўная частка вугалю мае, нібыта, беларускія сэртыфікаты.

«Цяпер вугаль з асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей вывозіцца ў Растоўскую вобласьць, там зьмешваецца з вугалем з Кемерава, выдаюцца фіктыўныя сэртыфікаты паходжаньня, беларускія, і празь беларускія сэртыфікаты гэты вугаль завозіцца сюды», — сказаў Пятро Парашэнка, спасылаючыся на расьсьледаваньне незалежных журналістаў.

«Да гэтага ня маюць дачыненьня ўкраінскія дзяржаўныя прадпрыемствы, з 17-га году гэтыя кампаніі захопленыя Курчанкам і расейцамі, і непасрэднае дачыненьне да гэтага мае Каламойскі пад прыкрыцьцём Зяленскага», — дадаў Пятро Парашэнка.

Раней афіцыйная статыстыка Ўкраіны не дэманстравала пастаўкі вугалю зь Беларусі. У бліжэйшыя дні Дзяржаўная служба статыстыкі Ўкраіны павінна абнародаваць вынікі зьнешняга гандлю краіны за студзень-лістапад 2021 году.

У 2019 годзе Радыё Свабода пісала пра пастаўкі антрацытавага вугалю зь Беларусі ва Ўкраіну і краіны Эўрапейскага Зьвязу. Першая інфармацыя пра такія пастаўкі зьявілася ў афіцыйнай статыстыцы вынікаў зьнешняга гандлю Беларусі ў 2018 годзе.

У 2019 годзе эксклюзіўнае права на пастаўку вугалю з Расеі ва Ўкраіну атрымала кампанія NT Marine, зарэгістраваная ў Эстоніі. Яе зьвязвалі зь беларускім бізнэсоўцам Мікалаем Вараб’ём, даўнім бізнэс-партнэрам Віктара Медзьведчука (апошні цяпер пад хатнім арыштам і фігуруе ў той жа справе, што і Пятро Парашэнка. — РС).

У чым падазраюць былога прэзыдэнта Ўкраіны

У дачыненьні да Пятра Парашэнкі расьсьледуецца крымінальная справа аб арганізацыі «злачыннай схемы» пастаўкі вугалю з часова акупаваных тэрыторыяў і фінансаваньні тэрарыстычных арганізацыяў «ДНР» і «ЛНР» у памеры 1,5 мільярда грыўняў (цяпер больш як 55 мільёнаў даляраў у эквіваленце). Сярод фігурантаў гэтай справы — міністар энэргетыкі ў 2014–2016 гадах Уладзімір Дзямчышын, а таксама лідэр «Апазыцыйнай плятформы „За жыцьцё“» Віктар Медзьвядчук — ён пад хатнім арыштам.

6 студзеня гэты суд арыштаваў усю маёмасьць і бізнэс-актывы пятага экс-прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі ў межах крымінальнай справы, якую завялі на яго паводле падазрэньня ў дзяржаўнай здрадзе і садзейнічаньні тэрарыстычным арганізацыям.

Паводле судовага рашэньня пад арышт трапіла маёмасьць, якая належыць падазраванаму на праве ўласнасьці згодна з інфармацыяй Дзяржаўнага рэестру рэчавых правоў на нерухомую маёмасьць і Рэестру правоў уласнасьці на нерухомую маёмасьць, Дзяржаўнага рэестру іпатэк, Адзінага рэестру забароны адчужэньня аб’ектаў нерухомай маёмасьці. У прыватнасьці, гэта аб’екты нерухомасьці, карпаратыўныя правы і гэтак далей.

Самога Пятра Парашэнкі 6 студзеня на пасяджэньні суду не было — ён выехаў за межы Ўкраіны 18 сьнежня 2021 году. Экс-прэзыдэнт Украіны вярнуўся ў Кіеў 17 студзеня. У аэрапорце яго сустракалі шматлікія прыхільнікі і паплечнікі.

24 сьнежня 2021-га Пятра Парашэнку абвясьцілі ва ўнутрыдзяржаўны вышук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG