Экс-прэзыдэнт Украіны Парашэнка празь месяц адсутнасьці вярнуўся ў Кіеў. Суд разгледзіць пытаньне аб ягоным арышце.
Падтрымаць Пятра Парашэнку ў аэрапорт прыехалі некалькі тысяч грамадзян, а таксама паплечнікі. Некаторыя зь іх разам з групай журналістаў суправаджалі былога прэзыдэнта ў самалёце з Варшавы. Паводле Парашэнкі, менавіта гэта не дазволіла ўладам ажыцьцявіць сцэнар нядопуску яго на тэрыторыю Ўкраіны.
У аэрапорце «Жуляны» пасьля прылёту з Варшавы падчас праходжаньня пашпартнага кантролю ў былога прэзыдэнта Ўкраіны забралі пашпарт і не аддавалі каля 15 хвілін.У гэты час да яго падышоў сьледчы і паспрабаваў уручыць позву ў суд.Каля аэрапорту сабраўся мітынг у падтрымку Парашэнкі. Цяпер палітык выступае перад імі.
«Яны сьцягнулі пераапранутых памежнікаў і спрабавалі мяне не дапусьціць на тэрыторыю Ўкраіны. Яны спрабавалі заявіць пра тое, што мы ўчынілі злачынства. За апошнія гады супраць мяне завялі больш за 120 справаў — за стварэньне нармандзкага фармату, за ўзмацненьне нацыянальнай абароны і арміі. Але, адкрыўшы справу за дзяржаўную здраду, яны перайшлі чырвоную лінію», — заявіў Пятро Парашэнка, выступаючы перад сваімі прыхільнікамі.
У дачыненьні да Пятра Парашэнкі расьсьледуецца крымінальная справа аб арганізацыі злачыннай схемы пастаўкі вугалю з часова акупаваных тэрыторыяў і фінансаваньні тэрарыстычных арганізацыяў «ДНР» і «ЛНР» у памеры 1,5 мільярда грыўняў (цяпер больш як 55 мільёнаў даляраў у эквіваленце). Сярод фігурантаў гэтай справы — міністар энэргетыкі ў 2014–2016 гадах Уладзімір Дзямчышын, а таксама лідэр «Апазыцыйнай плятформы „За жыцьцё“» Віктар Медзьвядчук — ён пад хатнім арыштам.
17 студзеня Пячэрскі раённы суд Кіева разгледзіць хадайніцтва пракуратуры аб абраньні меры папярэдняга стрыманьня для Пятра Парашэнкі. Абвінаваўцы просяць суд арыштаваць экс-прэзыдэнта з магчымасьцю ўнясеньня закладу ў памеры 1 мільярда грыўняў (больш як 50 мільёнаў даляраў у эквіваленце).
6 студзеня гэты суд арыштаваў усю маёмасьць і бізнэс-актывы пятага экс-прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі ў межах крымінальнай справы, якую завялі на яго паводле падазрэньня ў дзяржаўнай здрадзе і садзейнічаньні тэрарыстычным арганізацыям.
Паводле судовага рашэньня пад арышт трапіла маёмасьць, якая належыць падазраванаму на праве ўласнасьці згодна з інфармацыяй Дзяржаўнага рэестру рэчавых правоў на нерухомую маёмасьць і Рэестру правоў уласнасьці на нерухомую маёмасьць, Дзяржаўнага рэестру іпатэк, Адзінага рэестру забароны адчужэньня аб’ектаў нерухомай маёмасьці. У прыватнасьці, гэта аб’екты нерухомасьці, карпаратыўныя правы і гэтак далей.
Самога Пятра Парашэнкі на пасяджэньні суду не было — ён выехаў за межы Ўкраіны 18 сьнежня 2021 году.