Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеўскі суд арыштаваў усю маёмасьць і актывы былога прэзыдэнта Пятра Парашэнкі


Пятро Парашэнка, жнівень 2020 г.
Пятро Парашэнка, жнівень 2020 г.

Пячэрскі раённы суд Кіева арыштаваў усю маёмасьць і бізнэсовыя актывы пятага экс-прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі ў межах крымінальнай справы, якую завялі на яго паводле падазрэньня ў дзяржаўнай здрадзе і садзейнічаньні тэрарыстычным арганізацыям.

Паводле судовага рашэньня пад арышт трапіла маёмасьць, якая належыць падазраванаму на праве ўласнасьці згодна з інфармацыяй Дзяржаўнага рэестру рэчавых правоў на нерухомую маёмасьць і Рэестру правоў уласнасьці на нерухомую маёмасьць, Дзяржаўнага рэестру іпатэк, Адзінага рэестру забароны адчужэньня аб’ектаў нерухомай маёмасьці. У прыватнасьці, гэта аб’екты нерухомасьці, карпаратыўныя правы і гэтак далей.

Самога Пятра Парашэнкі на пасяджэньні суду не было, ягоныя інтарэсы прадстаўляў адвакат Ігар Галавань.

Адвакат Пятра Парашэнкі падкрэсьліў, што разгляд такога хадайніцтва пракуратуры ў судзе адбываўся ў парушэньне Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Ўкраіны. «Згодна з заканадаўствам такія хадайніцтвы павінны разглядацца пры ўмове абавязковай прысутнасьці Пятра Парашэнкі», — патлумачыў ён.

Пятро Парашэнка з канца сьнежня 2021 году знаходзіцца за межамі Ўкраіны і плянуе вярнуцца толькі 17 студзеня. У ягонай камандзе перакананыя, што справа сфальсыфікаваная на даручэньне Офіса прэзыдэнта — Уладзіміра Зяленскага.

Летась 20 сьнежня Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў Украіны, Служба бясьпекі і Офіс генэральнага пракурора паведамілі, што расьсьледуюць «арганізацыю злачыннай схемы пастаўкі вугалю з часова акупаваных тэрыторыяў і фінансаваньні тэрарыстычных арганізацыяў „ДНР“ і „ЛНР“ у памеры 1,5 мільярда грыўняў» (цяпер больш як 55 мільёнаў даляраў у эквіваленце).

У ліку «падазраваных асобаў» — пяты прэзыдэнт і цяперашні дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Пятро Парашэнка.

  • У верасьні-лістападзе аналягічнае падазрэньне выставілі Ўладзіміру Дзямчышыну — міністру энэргетыкі ў 2014–2016 гадах. І Парашэнку, і Дзямчышына падазраюць у тым, што яны набывалі вугаль з акупаванага Данбасу за сродкі дзяржаўнага бюджэту.
  • Паводле сьледзтва, «сваімі дзеяньнямі фігуранты справы стварылі энэргетычную залежнасьць Украіны ад Расеі і тэрарыстычных арганізацыяў». Па гэтай жа справе праходзіць і лідэр «Апазыцыйнай плятформы „За жыцьцё“» Віктар Медзьвядчук — ён пад хатнім арыштам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG