23 лістапада ў Мазыры агучылі выракі групе маладых людзей, якіх пасьля затрыманьня ў траўні МУС Беларусі называў «футбольнымі фанатамі».
Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Данііла Скіпальскага, Паўла Дворака, Аляксандра Сузько і Аляксандра Цімашэнку асудзілі на 3 гады калёніі з выплатай па 1,5 тысячы рублёў маральнай кампэнсацыі міліцыянту. Кірыла Канапацкага пакаралі трыма з паловай гадамі пазбаўленьня волі і і такой жа сумай кампэнсацыі.
Затрыманьні прайшлі ў Мазыры 4 траўня. Тады арыштавалі звыш 10 жыхароў райцэнтру.
Большасьць затрыманых знаёмыя паміж сабой, яны фанаты футбольнага клюбу «Славія». Ім ад 18 да 27 гадоў.
19-гадовага Данііла Скіпальскага затрымалі, калі ён вяртаўся з працы.
«Чацьвёртага траўня ранкам вяртаўся з працы (ён працуе вартаўніком у будаўнічай фірме). На яго напалі два чалавекі ў цывільным, заламалі рукі. Пад’ехаў мікрааўтобус, адтуль выскачылі шэсьць чалавек са зброяй і пацягнулі ў мікрааўтобус. Гэта быў САХР (спэцыяльны атрад хуткага рэагаваньня. — РС)», — расказваў раней Свабодзе сваяк Данііла.
Блізкім паведамілі, што хлопцаў затрымалі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Сказалі, што яны кідалі камяні ў АМАП, выкарыстоўвалі пярцовыя балёнчыкі. Таксама іх абвінавацілі ў гвалце над міліцыянтам (артыкул 364 КК).
Пацярпелым прызналі начальніка мясцовага ДАІ.