Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі футбол сёньня не заслугоўвае Івуліна». Пачалі судзіць вядомага спартовага журналіста


Аляксандар Івулін
Аляксандар Івулін

Суд Савецкага раёну Менску 17 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы супраць журналіста выданьня Tribuna.com Аляксандра Івуліна.

Івуліна абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Аляксандра затрымалі 3 чэрвеня ў сваёй кватэры, ён адседзеў 30 дзён адміністрацыйнага арышту, а пасьля стаў фігурантам крымінальнай справы.

Калегі Аляксандра Івуліна, ютуб-блогеры Мікіта Мелказёраў і Яраслаў Пісарэнка, расказалі Свабодзе пра свайго сябра.

«Трыццаць хвілін мы рагочам з Івулькі»

Аўтар праекту «Жизнь-малина» Мікіта Мелказёраў знае Івуліна каля дзесяці гадоў, пазнаёміліся падчас гульні за зборную журфаку ў футболе. Менавіта ён прыцягнуў першакурсьніка з Воршы Івуліна ў рэдакцыю выданьня Goals.by, якое пазьней стала Tribuna.com.

«Яму было складана. Справа ў тым, што чатыры ці пяць гадоў Саша быў наймаладзейшым сярод супрацоўнікаў выданьня. Дзякуй Богу, што ў яго было ўсё выдатна з самаіроніяй. Першыя трыццаць хвілін любой плянэркі мы рагочам з Івулькі, а потым вырашаем актуальныя пытаньні. Я б асабіста так ня змог, а ён нават атрымліваў асалоду ад гэтага», — кажа Мелказёраў.

Аляксандар Івулін
Аляксандар Івулін

Суразмоўца Свабоды кажа, што ў журналістыку Івулін прыйшоў ня самым падрыхтаваным работнікам, але сваёй стараннасьцю і жаданьнем змог зрабіць многае.

«Я часта жартаваў, што Саша прачытаў усяго тры кнігі — „Буквар“, другую і зялёную. Цяпер за кратамі ён шмат чытае, і гэты жарт ужо не актуальны. Калі мы працавалі на „Трыбуне“, то мы былі са старога пакаленьня журналістаў, дзе слова і літаратура былі вельмі важнымі. У нас быў культ Даўлатава, каб была прыгожая і ляканічная расейская мова.

Я лічу, што Саша ня вельмі таленавіты чалавек, але вельмі матываваны і працаздольны. Ён прыйшоў у прафэсію без разуменьня прыгожай мовы. Безумоўна, у яго былі здольнасьці, але яны грунтаваліся найперш на жаданьні стаць крутым журналістам. І гэта дзіўна, бо журналістыка з часам станавілася ня вельмі прывабнай і статуснай».

«Фэдэрацыя футболу павінна была даваць прэміі»

Мікіта Мелказёраў кажа, што «Трыбуна» ўмела ствараць прыватныя брэнды журналістаў. Так было зь ім самім, а калі ён сышоў на Onliner, то ўзяліся за Івуліна.

«Ён знайшоў файны выхад у відэа. Я лічу, што Івулін з праектам „ЧестнОК“ — адзін зь піянэраў лякальнага беларускага ютубу».

На думку журналіста, Івуліну ўдавалася паказваць беларускі футбол нават цікавейшым, чым ён бывае папраўдзе.

«Я лічу, што беларускі футбол сёньня не заслугоўвае такога чалавека, як Івулін. Я разумеў, што той кантэнт, які ён рабіў, нашмат цікавейшы, чым тое, што „Смаргонь“ ці „Дняпро“ дэманструюць на полі.

Фэдэрацыя футболу павінна была даваць прэміі „ЧестнОКу“ за тое, як тады цікавіліся футболам. Мы павінны разумець, што беларускі футбол 2019 году і беларускі футбол 2022 году — гэта розныя рэчы. Падзеньне ўзроўню футболу адбываецца вельмі жорстка, і я лічу, што адна з прычын — гэта тое, што Саша за кратамі».

«Спартоўцы — ня толькі пра галы, пункты і сэкунды»

Чым жа Івулін так не падабаўся спартовым функцыянэрам? Яго пазбаўлялі акрэдытацыі на матчы, зь ім не размаўлялі футбольныя чыноўнікі. Мелказёраў лічыць, што гэта працяг дзяржаўнага трэнду на тое, каб «не было ніякай палітыкі».

«Я нядаўна рэфлексаваў над зьместам „Жизнь-малина“ — ці не занадта мы пра палітыку? Прыйшоў да высновы, што не, бо гэта вялізная частка нашага жыцьця. Калі „ЧестнОК“ пачаў працаваць пра палітыку, то гэта было нармальна. Мы маем дурное меркаваньне, што спартсмэны ня могуць выказвацца пра палітыку, але вялікі баскетбаліст Леброн Джэймс гаворыць пра палітыку. Івулін даваў зразумець спартоўцам, што яны ня толькі пра галы, пункты і сэкунды».

Чаму тады так мала футбалістаў публічна выказаліся ў падтрымку затрыманага журналіста? Многія зь іх былі ў выдатных адносінах з Івуліным.

«Я разумею, што ёсьць трошку футбалістаў, якія, скажам, данацяць у нейкія фонды, але дакладнай колькасьці я ня ведаю. На жаль, нічога дзіўнага не адбылося. Паўтаруся, наш футбол не заслугоўвае Івуліна», — падсумоўвае Мелказёраў.

Ён называе свайго калегу «чэмпіёнам Беларусі ў аптымізьме». Кажа, што сваімі лістамі з-за кратаў Івулін дае энэргію нават тым, хто на волі.

«Як Крыштыяну Раналду — зрабіў сябе сам»

Былога супрацоўніка дзяржаўнай тэлевізіі Яраслава Пісарэнку затрымалі ў адзін дзень з Івуліным. Хлопцу пашанцавала болей: ён правёў у зьняволеньні 15 сутак, пасьля чаго зьехаў ва Украіну. Цяпер менавіта Пісарэнка падхапіў праект «ЧестнОК», пакуль Аляксандар у зьняволеньні.

Абодва хлопцы родам з Воршы, пасябравалі на глебе любові да КВЗ і футболу. І мэта ў іх была адна — паступіць на журфак БДУ. Так утварылася моцнае сяброўства.

«Калі Саша нешта робіць, то робіць гэта шчыра і ад сэрца. Калі яму нешта не падабаецца, то ён гэта выкажа. І калі ён сябруе, то ад душы. Я ня бачыў у ім фальшу і момантаў гульні. Быць ягоным сябрам — гэта крута. Нават калі ён часам раздражняе сваёй праматой. Затое разумееш, што цана ягонай пахвалы вельмі высокая», — кажа Пісарэнка.

Напалову жартам сябра называе Івуліна Крыштыяну Раналду, чалавекам, які зрабіў сябе сам.

«Калі я чытаю яго лісты, то бачу, як там ён мудрэе. Калі ён выйдзе, то цяжка нават уявіць, які ён будзе. Магчыма, гэта самы вялікі фанат беларускага футболу. Ён бачыў усе праблемы і нюансы, паказваў іх, але пры гэтым умудраўся яго любіць».

Пісарэнка дапамагаў Івуліну ў выхадзе «ЧестнОКу» амаль з моманту стварэньня каналу. Бачыў усю эвалюцыю працы.

«Калі мы пачыналі зь нейкіх чэленджаў, апытанак, то пасьля жніўня 2020 году жанры станавіліся ўсё больш складанымі, пайшла больш глыбокая журналістыка, якая выклікала ў людзей ужо іншыя пачуцьці».

Апошні раз Івуліна Пісарэнку ўдалося ўбачыць на Акрэсьціна. Яны правялі ў адной камэры чатыры дні, а потым раптоўна пачулася «На выхад». Яраслаў шкадуе па сёньня, што ня змог тады нармальна разьвітацца.

«Ён здабыў там нейкі дзэн. У лістах самае частае, што ён піша, — „падбадзёрся“, „не сумнявайся ў сабе“. Я хачу сказаць адно: Саня, да гэтага моманту ты ўсё рабіў правільна. Проста заставайся сабой. Мы ўсе разумеем, што праўда на тваім баку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG