Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Літоўскія чыгункі» адмовіліся ад супрацы зь «Беларуськаліем». Чым можа адказаць Беларусь?


Цягнік Літоўскай чыгункі, ілюстрацыйнае фота
Цягнік Літоўскай чыгункі, ілюстрацыйнае фота

Пагадненьне паміж «Беларуськаліем» і «Літоўскімі чыгункамі» ў Літве прызналі «не адпаведным нацыянальным інтарэсам». Ад 1 лютага перавозкі гэтым шляхам спыняюцца. Што гэта будзе азначаць для экспарту беларускага калію?

У сераду 12 студзеня ўрад Літвы ўхваліў выснову спэцыяльнай камісіі, у якой пагадненьне паміж «Літоўскімі чыгункамі» і «Беларуськаліем», што стала прычынай скандалу, было ацэненае як не адпаведнае інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Літвы. Ад 1 лютага перавозкі павінны спыніцца.

Міністар транспарту і камунікацыяў Літвы Марус Скуодзіс сказаў, што ў Літве ёсьць і іншыя перавозьнікі, апроч дзяржаўных кампаній.

«Ці могуць быць іншыя перавозьнікі (...)? Мне здаецца вельмі важным аспэктам тое, што кожны перавозьнік, які хоча перавозіць угнаеньні, будзе правярацца на прадмет таго, наколькі ягоныя апэрацыі адпавядаюць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Літвы», — заявіў службовец.

Ці могуць іншыя кампаніі ў Літве перавозіць беларускія ўгнаеньні

Літоўскі ўрад кажа, што іншыя кантракты зь «Беларуськаліем» могуць праверыць, калі яны будуць заключаныя. На гэта зьвяртае ўвагу акадэмічны дырэктар Цэнтру эканамічных дасьледаваньняў BEROC Кацярына Барнукова.

Кацярына Барнукова
Кацярына Барнукова

«Падобна, што ўрад настроены сур’ёзна. Гаворка ідзе пра аб’ёмы паставак, якія лёгка не схаваеш. Нават калі з боку „Беларуськалію“ будзе выступаць нейкая фірма-пракладка, ці калі нейкая кампанія будзе аказваць паслугі „Беларуськалію“ на базе „Літоўскіх чыгунак“, то гэтыя кампаніі трапяць пад увагу літоўскага ўраду. Гэта можа запатрабаваць нейкіх новых рашэньняў, але гэтыя рашэньні, найхутчэй, будуць прымацца», — тлумачыць Кацярына Барнукова.

Чым «Беларуськалій» зможа замяніць транзыт празь Літву

У 2020 годзе (сьвяжэйшую статыстыку закрылі) Беларусь экспартавала калійных угнаеньняў на 2,4 мільярда даляраў, гэта больш за 7 мільёнаў тон угнаеньняў. Асноўны шлях экспарту — празь Літву чыгункай, а далей праз клайпедзкія парты.

Паводле Кацярыны Барнуковай, цалкам замяніць такія аб’ёмы транзыту цяжка.

«Для калійных угнаеньняў патрэбныя адмысловыя тэрміналы. Калі гаварыць пра шлях праз Расею, то там нават свайму „Ўралхіму“ бракуе транзытных магутнасьцяў партоў. Ёсьць пытаньне і з загрузкай расейскай чыгункі. „Уралхім“ цяпер будуе новы тэрмінал, які яшчэ не дабудаваны. Незразумела, наколькі Беларусь зможа хоць нешта экспартаваць праз Расею. Праблема і ў тым, што „Ўралхім“ і „Ўралкалій“ — наўпроставыя канкурэнты „Беларуськалію“. А ўладальнік „Уралхіму“ Дзьмітры Мазепін выступаў адкрыта супраць Лукашэнкі пасьля пачатку палітычнага крызісу і яўна не гарыць жаданьнем дзяліцца транзытнымі магутнасьцямі. Калі нейкі альтэрнатыўны спосаб і знайшлі, то ён не пакрывае ўсіх патрэбных аб’ёмаў», — разважае Кацярына Барнукова.

Экспэртка мяркуе, што «Расеі прасьцей будзе дапамагчы грашыма, чым паспрыяць з транзытам калійных угнаеньняў». Кацярына Барнукова дадае, што пакуль не падпісаны чарговы кантракт аб пастаўках калійных угнаеньняў у Кітай, а гэта адзін з ключавых пакупнікоў такой прадукцыі.

«Нават калі ўсё наладзіцца з транзытам, кітайскія партнэры змогуць вытаргаваць надзвычай выгадныя ўмовы, бо ўсё гэта адбываецца яшчэ і на фоне разрыву кантракту з нарвэскай кампаніяй Yara», — нагадвае Кацярына Барнукова.

Чым улады Беларусі могуць адказаць Літве

Прадстаўнікі ўладаў Беларусі ўвесь час гавораць пра адказ на санкцыі ды іншыя абмежавальныя меры з боку ЭЗ. У выпадку спыненьня транзыту беларускіх калійных угнаеньняў Лукашэнка гразіўся спыніць транзыт паміж Літвой і Ўкраінай, бо большасьць такіх тавараў ідзе па беларускай тэрыторыі.

«Гэта будзе стрэл у сябе, бо спыненьне транзыту калію і так б’е па Беларускай чыгунцы, а калі яшчэ і спыніцца транзыт паміж Літвой і Ўкраінай празь Беларусь, то Беларусь таксама страціць прыбытак. Гэта балюча адаб’ецца на паступленьнях у бюджэт. Таксама ўлады могуць спрабаваць шкодзіць літоўскаму бізнэсу ў Беларусі, спыніць закуп нейкіх тавараў у Літве. Гэта ўсё, вядома, будзе біць і па беларускай эканоміцы таксама», — кажа Кацярына Барнукова.

У 2020 годзе Беларусь экспартавала паслуг ва Ўкраіну на 186 мільёнаў даляраў, імпартавала на 181 мільён даляраў. Зь Літвы Беларусь экспартавала паслуг на 322 мільёны даляраў, імпартавала — на 443 мільёны.

Літва таксама эканамічна пацерпіць ад спыненьня транзыту, але «гэта палітычнае рашэньне».

«Гэта страты для іх, вядома, але для іх гэта пытаньне нацыянальнай бясьпекі. „Літоўскія чыгункі“, магчыма, падтрымаюць фінансава. А так гэта страты ня толькі для чыгункі, але і для портаў, для лягістычных цэнтраў», — кажа Кацярына Барнукова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG