Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб абараніць сябе і сям’ю ад магчымай расейскай агрэсіі». Ва Ўкраіне фармуюць аддзелы тэрытарыяльнай абароны


Падрыхтоўка байцоў тэрытарыяльнай абароны ва Ўкраіне
Падрыхтоўка байцоў тэрытарыяльнай абароны ва Ўкраіне

У звычайным жыцьці ўкраінка Аліса Банькоўская — спэцыяліст па IT-бясьпецы. Але кожныя выходныя яна — спэцыяліст па бясьпецы дзяржавы. Аліса — баец сіл тэрытарыяльнай абароны, якія цяпер фармуюцца ў кожным буйным украінскім горадзе на выпадак магчымай ваеннай агрэсіі Расеі.

Сілы тэрытарыяльнай абароны — прынцыпова новы тып войскаў. Іх байцы ўвесь тыдзень жывуць мірным жыцьцём, працуюць. Але раз на тыдзень яны трэніруюцца на зборах: бегаюць, адціскаюцца, вучацца страляць і аказваць першую дапамогу. А ў выпадку вялікай вайны гэтыя людзі павінны будуць узяць у рукі зброю і бараніць межы свайго гораду.

«Я прыйшла сюды, у тэрытарыяльныя сілы абароны, каб мець навыкі абыходжаньня са зброяй. Каб абараніць сябе і сваю сямʼю ад магчымай расейскай агрэсіі, — адкрыта кажа Аліса. — Калі б праціўнік у 2014 годзе ведаў, што многія людзі ў краіне ўмеюць абыходзіцца са зброяй і абараняць свой дом, не было б сытуацыі, як у Крыме ці як у Данецку і Луганску».

Ці трэба будзе бараніцца? Расейскія ўлады кажуць, што не. Але пры гэтым у канцы мінулага году Расея пачала масава перакідваць вайскоўцаў і браанятэхніку да межаў з Украінай, а затым выставіла ўльтыматум NATO, запатрабаваўшы, каб Украіну ніколі не прымалі ў альянс. Міністэрства абароны Расеі таксама правяло некалькі вучэньняў на прымежных з Украінай тэрыторыях і плянуе новыя такія захады. Экспэрты кожны дзень фіксуюць перамяшчэньне тэхнікі і зьвязваюць гэткую перадысьлякацыю менавіта з магчымым уварваньнем ва Ўкраіну.

«Мы ўбачылі перамяшчэньне танкаў, у тым ліку танкаў 5-й танкавай брыгады з Улан-Удэ, у Бураціі. Гэта вядомая сярод журналістаў-расьсьледнікаў танкавая брыгада. Яна вядомая ўдзелам у баях за Дэбальцава, — падкрэсьлівае заснавальнік Conflict Intelligence Team Руслан Левіеў. — Тады падчас баёў на Данбасе здымалі „баявых буратаў“, як называлі іх журналісты».

Расейскі амбасадар у Вялікай Брытаніі Андрэй Келін спрабаваў апраўдаць прысутнасьць расейскіх войскаў на мяжы з Украінай і заявіў, што ў Эўропе заўсёды былі два гаранты бясьпекі — NATO і Расея. Расейскія войскі паблізу Ўкраіны, паводле яго слоў, зьбіраюць менавіта ў адказ на пашырэньне альянсу на ўсход. Таксама Келін заявіў, што «NATO штурхае Ўкраіну да больш агрэсіўных дзеяньняў».

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў, у сваю чаргу, заявіў, што новыя вайсковыя вучэньні на мяжы з Украінай ня маюць дачыненьня да перамоўнага працэсу. У ЗША тым часам лічаць, што перакіданьне войскаў — гэта спроба «запалохаць» і «прымусіць» да канкрэтных, выгадных Расеі дзеяньняў.

Сэнатары-дэмакраты ў Кангрэсе ЗША падрыхтавалі ўжо пакет санкцыяў супраць Расеі і яе кіраўніцтва, у тым ліку асабіста Ўладзіміра Пуціна. Іх можна будзе апэратыўна ўвесьці ў выпадку, калі расейскія войскі ўсё ж уварвуцца ва Ўкраіну. Намесьнік дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд папярэдзіла, што гэтыя «магутныя эканамічныя захады нанясуць значную шкоду эканоміцы Расеі і яе фінансавай сыстэме».

Журналісты брытанскага выданьня The Guardian, у сваю чаргу, лічаць, што ў выпадку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну галоўным козырам украінцаў можа стаць партызанская барацьба. Менавіта гэты фактар, падкрэсьлівае выданьне, можа спыніць Пуціна. Паказальны ў гэтым пляне досьвед Афганістану і Іраку, дзе нават пасьля паразы войска на сушы і ў паветры засталіся аддзелы тэрытарыяльнай абароны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG