Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычнага ўцекача зь Беларусі ў Польшчы судзяць за нелегальны пераход мяжы: «У мяне не было выбару, я хацеў уратаваць сваё жыцьцё»


Суд у Бялай Падлясцы (Польшча)
Суд у Бялай Падлясцы (Польшча)

Сам беларус Віталь Л. і праваабаронцы ўпэўненыя, што іх няма за што судзіць. Яны спадзяюцца на апраўдальны вырак.

14 студзеня ў раённым судзе Белай Падляскай у Польшчы пачаўся разгляд крымінальнай справы палітычнага ўцекача зь Беларусі, 32-гадовага Віталя Л., які нелегальна перасек мяжу Польшчы, пераплыўшы Буг, і дваіх ягоных знаёмых, якіх сьледзтва лічыць яго памагатымі.

На першым паседжаньні, якое скончылася а 11.30 польскага часу, выступілі трое абнавінавачаных. Наступнае паседжаньне, на якім выступяць сьведкі, адбудзецца 11 лютага.

На суд Віталь прыйшоў з жонкай і адвакаткай Малгажатай Язьвінскай.
Патрымаць абвінавачанага прыйшлі некалькі чалавек, у тым ліку беларусы, якія жывуць у Белай Падляскай. Пры вобшуку ў Беларусі ў яго забралі пашпарт. Калі польскі суд зьвярнуўся ў сьнежні ў кансулят з пытаньнем, ці ёсьць у іх інфармацыя пра пашпарт абвінавачанага, яны адказалі, што ніякіх зьвестак пра гэта ня маюць.

Віталь мае 3-гадове дзіця.

Што сказаў Віталь?

Віталь з жонкай у судзе
Віталь з жонкай у судзе

Віталь Л. заявіў на судзе:

«Людзей запалохалі так, што ўсе сядзелі па дамах. Я хацеў змагацца з гэтай несправядлівасьцю. У Беларусі ў нас было папулярна зьбірацца ў сваіх раёнах на пратэсты, выходзіць разам, так цяжэй затрымаць. Мы раздавалі газэты, улёткі. Я арганізоўваў гэта, у мяне быў кантакт з друкарняй. І выступаў менавіта як лідэр, з-за гэтага па мяне прыйшлі.

Калі б мяне затрымалі мне пагражала 10 гадоў турмы, а нават мяне маглі б і забіць, такой выпадак у нас быў у Беларусі. Я быў звычайнай асобай, быў прадпрымальнікам, нядрэнна зарабляў.

Пры гэтым Віталь распавёў, што меў польскую карту побыта і мог бы без праблемаў трапіць у Польшчу. Аднак ён быў у вышуку, таму быў змушаны менавіта ўцякаць. У мяне не было выбару, я хацеў уратаваць сваё жыцьцё!»

Перад пачаткам суду Віталь сказаў у інтэрвію Свабодзе:

«Як сказала мая адвакатка, то назьбіралі артыкулаў на 10 гадоў. Многія прапаноўвалі дапамогу і падтрымку», — распавядае Віталь.

Ён кажа, што ягонай мэтай было трапіць на польскі бок, а далей ён нічога не плянаваў. Трапіў у балота, вяртацца ў раку — было страшна за сваё жыцьцё, бо там бы яму ніхто не прыйшоў на дапамогу. Зьвярнуўся да сяброў, бо хацеў, каб яны пракантралявалі працэс здачы памежнікам і паведамілі родным, што ён жывы і здаровы.

«Была стрэсавая сытуацыя. Казалі яшчэ, што ў тых, хто нелегальна пераходзіць мяжу, стралялі. Там маглі забіць, схапіць і пасадзіць. А я далёка не бандыт», — дадае мужчына.

Людзі, якія прыйшлі падтрымаць Віталя Л. у судзе
Людзі, якія прыйшлі падтрымаць Віталя Л. у судзе

Ён падкрэсьлівае, што ў яго ніколі не было судзімасьцяў, «максымум штраф за паркоўку», ён нічога кепскага ў жыцьці не зрабіў, проста спрабаваў памагчы пратэстам, выступіць супраць гвалту. Паводле мужчыны, ён думаў, што калі перабярэцца празь мяжу, у Польшчы яго абароняць. Калі ж даведаўся, што на яго завялі крымінальную справу, быў зьдзіўлены.

«Дуда выказваў падтрымку беларусам, гаварыў пра дапамогу. Кажучы пра гэта, трэба быць адказным за свае словы. Многія беларусы спадзяюцца на гэтую дапамогу. І калі дазваляеш дапамогу, то трэба яе аказваць», — кажа Віталь.

У той жа час Віталь выказаў удзячнасьць польскаму народу за падтрымку беларусаў і падкрэсьліў, што ня хоча, каб паводле ягонай сытуацыі «судзілі ўсю Польшчу і ўсіх палітычных уцекачоў».

«І самі палякі — гэта добры і мілы народ, які мне вельмі дапамагаў. Мая сытуацыя — гэта выключэньне. І некампэтэнтнасьць канкрэтных людзей, якія працавалі ў той дзень. І гэтае затрыманьне... Я перажываю больш за ўсё за мужа сяброўкі (памежніка, якога адхілілі ад працы), а не за сябе. Не хачу каб празь мяне пакутавалі, тым больш без прычыны, таму што сытуацыя абсурдная», — кажа Віталь.

Ён дадаў, што ад суду чакае цалкам апраўдальнага прысуду.

«У мяне не было мэты нашкодзіць Польскай дзяржаве і парушыць польскія законы. Усё, што ў мяне было ў галаве — гэта тое, што польскі бок прапаноўваў дапамогу і я хацеў ёй скарыстацца», — кажа Віталь.

Што сказалі іншыя абвінавачаныя?

Сяброўку Віталя, якая нарадзілася ва Ўкраіне, і яе мужа, польскага памежніка, якога пасьля інцыдэнту часова адхілі ад службы, абвінавачваюць у дапамозе нелегальнага пераходу мяжы. Паводле абвінавачаньня, яны нібыта ўтраіх былі ў змове. Але сяброўка Віталя ў судзе заявіла, што віну адмаўляе:

«Я яго ведаю 15 гадоў. Гэта муж маёй сяброўкі. Мы ведалі, што адбываецца ў Беларусі, як там перасьледуюць людзей. Пасьля выбараў Віталь актыўна ўдзельнічаў у пратэстах, яго шукалі спэцслужбы. У яго дома зрабілі ператрус і забралі пашпарт. Ён хаваўся 5 месяцаў. Пра тое, што ён хоча пераплысьці раку, я ведала, але ня ведала, калі канкрэтна.

У той дзень, калі ён гэта зрабіў, я толькі хацела праверыць, што ён жывы, і паведаміць пра гэта ягонай жонцы. Гэта быў сакавік, было холадна. Бо я чытала, што бывалі выпадкі, калі людзей знаходзілі беларускія сілавікі і вярталі назад. І таму я толькі хацела быць сьведкай, што зь ім усё ў парадку», — кажа жанчына.

Людзі, якія прыйшлі падтрымаць Віталя Л. у судзе
Людзі, якія прыйшлі падтрымаць Віталя Л. у судзе

Паводле яе, калі Віталь пераплыў раку, напісаў ёй SMS. Убачыўшы раніцай паведамленьне, яна адразу праверыла ягонае месцазнаходжаньне і паехала разам з мужам яго шукаць. Пры гэтым жанчына паведаміла Віталю, што калі яны будуць блізка, пачнуць сыгналіць, каб ён, у сваю чаргу, іх знайшоў.

Калі муж і жонка знайшлі Віталя, ён быў у спэцыяльным адзеньні, увесь мокры. Пара пасадзіла яго ў машыну. Па дарозе іх спынілі памежнікі. Жанчына расказала, што пры затрыманьні супрацоўнікі памежнай службы не дазволілі ёй патэлефанаваць адвакату, нягледзячы на тое, што яна аб гэтым прасіла.

Муж сяброўкі Віталя, польскі памежнік, распавёў, што калі ягоная жонка сабралася ехаць да Віталя, ён вырашыў яе суправадзіць. Жанчына ехала за рулём.

Пры гэтым яны вырашылі, што як толькі ўбачаць па дарозе памежнікаў, адразу ж ім паведамяць аб тым, што Віталь мае патрэбу ў дапамозе і трапіў на польскі бок нелегальна. Па дарозе яны праехалі машыну памежнай службы з камэрамі, аднак пустую. Пры гэтым сужэнцы спэцыяльна спыніліся, сігналілі і сьвяцілі ліхтаром, які ўзялі з сабой у дарогу, каб памежнікі іх заўважылі. Аднак безвынікова. Потым яны ўбачылі, што да іх хтосьці ідзе. Гэта быў Віталь. Пасьля таго, як пара пасадзіла яго ў сваю машыну, яны зьбіраліся ехаць да службы памежнай.

«Мы ехалі ў іх бок, а яны ў наш. Калі яны нас затрымалі, я адразу ім паведаміў што ў нашай машыне, той, хто нелегальна перасек мяжу, я не хаваўся», — сказаў польскі памежнік, якога адхілілі ад службы пасьля інцыдэнту з Віталём.

Гісторыя ўцекача, які пераплыў Буг

Раней гісторыю Віталя расказала Wyborcza.pl. У сакавіку 2021 году Віталь перасек памежную раку Буг, ратуючыся ад перасьледу рэжымам Лукашэнкі. Ён ужо атрымаў статус уцекача ў Польшчы, мае міжнародны пашпарт уцекача. Да яго ў Варшаву ўжо перабраліся жонка і сын. Але цяпер на актывіста завялі крымінальную справу — за нелегальны пераход мяжы.

Віталь родам зь Берасьця. Быў прадпрымальнікам, меў уласны бізнэс і дом. Пасьля выбараў 2020 году далучыўся да пратэстаў і, як піша выданьне, неўзабаве стаў адным зь лідэраў акцыяў, а таксама займаўся «партызанкай» — разам зь іншымі актывістамі друкаваў улёткі, наносіў на будынкі гораду надпісы і малюнкі.

Адзін з затрыманых актывістаў пайшоў на супрацу зь міліцыяй, сілавікі зь ягонай дапамогай пачалі затрымліваць людзей. Віталь быў папярэджаны, што яму варта ўцякаць, і скарыстаўся парадай. 11 лістапада а 5-й раніцы ягоны дом і дом ягоных бацькоў акружылі дзьве брыгады АМАПу.

"Прыйшлі як па тэрарыста, напалохалі жонку, пагражалі забраць дзіця. У хаце зрабілі ператрус, сканфіскавалі шмат рэчаў, у тым ліку машыну і пашпарт. Расклеілі ўлёткі з інфармацыяй, што я ў вышуку. Выставілі столькі абвінавачаньняў, што мне пагражае 10 гадоў турмы",— расказаў Віталь.

Ён кажа, што хаваўся каля 5 месяцаў, нават ня зьвязваўся з роднымі. Ведаючы, як гэта цяжка для блізкіх, вырашыў уцякаць у Польшчу. Пра пляны нікому не расказваў. Вырашыў пераплыць Буг. Узяў з сабой тэлефон і дакумэнты, якія даказваюць ягоны перасьлед на радзіме, каб адразу папрасіць палітычнага прытулку.

Паводле Віталя, судовая справа — вынік таго, што супрацоўнікі, якія дзяжурылі ў той дзень, калі ён перасякаў мяжу, неналежна выканалі свае абавязкі. Ён хоча толькі справядлівасьці і асабліва хвалюецца за сяброў, якія яму дапамаглі (мужа ягонай сяброўкі, мытніка, ужо адхілілі ад працы, і ягоная будучыня залежыць ад выраку суду).

Супрацоўнікі памежнай службы выставілі ўсім траім абвінавачаньне паводле арт. 264 абз. 2 Крымінальнага кодэксу аб нелегальным перасячэньні мяжы, згодна зь якім Віталю пагражае да 3 гадоў пазбаўленьня волі, а ягоным сябрам — ад 6 месяцаў да 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Да судовай справы далучылася польская Асацыяцыя праўнага ўмяшаньня (SIP). Сябра праўленьня асацыяцыі, юрыстка Малгажата Язьвіньска ўзгадвае артыкул 33.1 Жэнэўскай канвэнцыі аб статусе ўцекачоў, які забараняе крыміналізаваць незаконнае перасячэньне мяжы ўцекачамі і падкрэсьлівае, што Віталь ня мог легальна перайсьці польска-беларускую мяжу, бо ў Беларусі яго перасьледавалі, у яго забралі пашпарт і ён быў у вышуку паводле ордэру на арышт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG