14 студзеня ў раённым судзе Белай Падляскай пачнецца разгляд крымінальнай справы палітычнага ўцекача зь Беларусі, які нелегальна перасек мяжу Польшчы, і дваіх ягоных знаёмых, якіх сьледзтва лічыць яго памагатымі. Сам беларус і праваабаронцы ўпэўненыя, што яго няма за што судзіць. Гісторыю расказала Wyborcza.pl.
У сакавіку 2021 году Віталь перасек памежную раку Буг, ратуючыся ад перасьледу рэжымам Лукашэнкі. Ён ужо атрымаў статус уцекача ў Польшчы, мае міжнародны пашпарт уцекача. Да яго ў Варшаву ўжо перабраліся жонка і сын. Але цяпер на актывіста завялі крымінальную справу — за нелегальны пераход мяжы.
Віталь родам зь Берасьця. Быў прадпрымальнікам, меў уласны бізнэс і дом. Пасьля выбараў 2020 году далучыўся да пратэстаў і, як піша выданьне, неўзабаве стаў адным зь лідэраў акцыяў, а таксама займаўся «партызанкай» — разам зь іншымі актывістамі друкаваў улёткі, маляваў на будынках гораду надпісы і малюнкі.
Адзін з затрыманых актывістаў пайшоў на супрацу зь міліцыяй, сілавікі зь ягонай дапамогай пачалі затрымліваць людзей. Віталь быў папярэджаны, што яму варта ўцякаць, і скарыстаўся парадай. 11 лістапада а 5-й раніцы ягоны дом і дом ягоных бацькоў акружылі дзьве брыгады АМАПу.
«Прыйшлі як па тэрарыста, напалохалі жонку, пагражалі забраць дзіця. У хаце зрабілі ператрус, сканфіскавалі шмат рэчаў, у тым ліку машыну і пашпарт. Расклеілі ўлёткі з інфармацыяй, што я ў вышуку. Выставілі столькі абвінавачаньняў, што мне пагражае 10 гадоў турмы»,— расказвае Віталь.
Ён кажа, што хаваўся каля 5 месяцаў, нават ня зьвязваўся з роднымі. Ведаючы, як гэта цяжка для блізкіх, ён вырашыў уцякаць у Польшчу. Пра пляны нікому не расказваў. Вырашыў пераплыць Буг. Узяў з сабой тэлефон і дакумэнты, якія даказваюць ягоны перасьлед на радзіме, каб адразу папрасіць палітычнага прытулку.
Паводле Віталя, судовая справа — вынік таго, што супрацоўнікі, якія дзяжурылі ў той дзень, калі ён перасякаў мяжу, неналежна выканалі свае абавязкі. Ён хоча толькі справядлівасьці і асабліва хвалюецца за сяброў, якія яму дапамаглі (мужа ягонай сяброўкі, мытніка, ужо адхілілі ад працы, і ягоная будучыня залежыць ад выніку суду).
Супрацоўнікі памежнай службы выставілі ўсім траім абвінавачаньне паводле арт. 264 абз. 2 Крымінальнага кодэксу аб нелегальным перасячэньні мяжы, згодна зь якім Віталю пагражае да 3 гадоў пазбаўленьня волі, а ягоным сябрам — ад 6 месяцаў да 8 гадоў пазбаўленьня волі.
Да судовай справы далучылася польская Асацыяцыя праўнага ўмяшаньня (SIP). Сябра праўленьня асацыяцыі, юрыст Малгажата Язьвіньска ўзгадвае артыкул 33.1 Жэнэўскай канвэнцыі аб статусе ўцекачоў, які забараняе крыміналізаваць незаконнае перасячэньне мяжы ўцекачамі і падкрэсьлівае, што Віталь ня мог легальна перайсьці польска-беларускую мяжу, бо ў Беларусі яго перасьледавалі, у яго забралі пашпарт і ён быў у вышуку паводле ордэру на арышт.