Праваабаронцам стала вядома, што Расея выдала ўладам Беларусі жлобінца Дзьмітрыя Падлобнікава. Папярэдне вядома, што ён ужо знаходзіцца ў гомельскім СІЗА-3, піша «Вясна».
25-гадовага затрыманага абвінавачваюць у супраціве сілавікам і спробе нанесьці ўдары супрацоўніку міліцыі падчас акцыі пратэсту ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў у Жлобіне. Яму пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
Раней Эўрапейскі суд у правах чалавека забараніў Расеі выдаваць Падлобнікава Беларусі. Але Расея, як і ў іншых выпадках, праігнаравала рашэньне міжнароднай інстанцыі.
Адвакатка Падлобнікава сказала @mediazona_by, што ня ўпэўненая ў гэтай інфармацыі:
«Ёсьць падставы меркаваць, што супрацоўнікі [маскоўскага] СІЗА сьвядома ўводзяць у зман адносна месцазнаходжаньня майго падабароннага».
Раней Расея выслала ў Беларусь чэмпіёна сьвету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Аляксея Кудзіна, які падчас пратэстаў у жніўні 2020 году ў Менску адправіў у накаўт некалькі супрацоўнікаў міліцыі, якія яго затрымлівалі. Затым расейскія ўлады выслалі і затрымалі яшчэ некалькіх беларусаў на запыт уладаў у Менску.