Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як людзі Лукашэнкі палююць на беларусаў у Расеі. Расьсьледаваньне BBC


Беларускія ўцекачы Аляксей Кудзін Андрэй Прылуцкі Яўген Шабалюк, якіх арыштавалі ў Расеі і выдалі беларускаму рэжыму.
Беларускія ўцекачы Аляксей Кудзін Андрэй Прылуцкі Яўген Шабалюк, якіх арыштавалі ў Расеі і выдалі беларускаму рэжыму.

Ад жніўня 2020 году ў Расеі арыштавалі сама меней два дзясяткі беларусаў у справах, зьвязаных з пратэстамі супраць рэжыму Лукашэнкі. Некаторых ужо выслалі на радзіму, іншых чакае экстрадыцыя ці дэпартацыя.

Масква адмаўляе Менску вельмі рэдка і дапускае да затрыманьняў на сваёй тэрыторыі беларускіх сілавікоў. Чым пагражаюць беларусам уцёкі ў Расею і ці законна іх там перасьледуюць? Расейская служба BBC выявіла экстрадыцыйныя справы, пра якія ня ведаюць нават праваабаронцы.

Некаторыя, як справы віцяблянкі Яны Пінчук ці маладэчанца Аляксея Кудзіна, атрымалі шырокі розгалас. Але ў чарзе на экстрадыцыю яшчэ мінімум пяць беларусаў, якія ўтрымліваюцца ў расейскіх СІЗА.

Справа Зубкова: ці ведаюць беларусы, што іх шукаюць?

Сьледчы камітэт Беларусі публікуе інфармацыю не пра ўсіх людзей, якіх аб’яўляюць у вышук. Улады сьцьвярджаюць, што шлюць асабістыя позвы такім асобам.

«Прыпісалі, што я ўдарыў амапаўца. Гэта, вядома, хлусьня, але ў Беларусі праўды няма. Артыкул пакуль — да 7 гадоў. Грузяць мяне па поўнай праграме. У Маскве я, напэўна, затрымаюся месяцы на тры, калі не перададуць», — напісаў жонцы ў першым лісьце зь СІЗА 46-гадовы Міхаіл Зубкоў.

Мужчына паехаў у Маскву ў ліпені 2021 году. Незадоўга да гадавіны прэзыдэнцкіх выбараў да ягоных жонкі і маці ў Беларусі прыходзілі супрацоўнікі МУС і пыталіся пра яго. Пазьней сваякам паведамілі, што Міхаіл Зубкоў знаходзіцца ў вышуку.

Летась у верасьні ён удзельнічаў у мітынгу ў Гомлі, за што атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. На той акцыі Міхаіл Зубкоў пацярпеў сам, кажа ягоны брат: у вочы распылілі сьлезацечны газ і жорстка затрымалі.

У вышук гамельчука абвясьцілі ў крымінальнай справе паводле артыкулу аб ужываньні гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Па вэрсіі сьледзтва, на акцыі ў Гомлі Міхаіл Зубкоў «нанёс удар у вобласьць грудзей» мясцоваму амапаўцу.

Увесну мужчына аформіў літоўскую візу, выехаў у Коўна і потым спакойна вярнуўся ў Беларусь. Затрымалі яго ў мэтрапалітэне Масквы ўжо праз год пасьля згаданай акцыі, 29 кастрычніка сёлета. Чаромушкінскі суд адправіў беларуса ў СІЗА.

Брат Міхаіла сьцьвярджае, што той ні ад кога не хаваўся, бо ня лічыць сябе вінаватым. У яго была магчымасьць выехаць у Польшчу, але ён паехаў на заробкі ў Расею. Адвакату пакуль не ўдалося трапіць на сустрэчу з падабаронным у СІЗА.

Справы Якубава і Цітаўца: ці ёсьць мараторый на экстрадыцыю?

Колькі ўдзельнікаў беларускіх пратэстаў знаходзяцца пад арыштам у расейскіх ізалятарах, чакаючы экстрадыцыі ці ўжо экстрадаваныя, невядома. Суды свае рашэньні, імёны фігурантаў і іх адвакатаў часта ўтойваюць. BBC знайшла на сайтах судоў некалькі спраў, пра якія не паведамлялі праваабаронцы.

Двух 20-гадовых выпускнікоў магілёўскага каледжу Артура Якубава і Аляксея Цітаўца абвясьцілі ў вышук і арыштавалі ў Маскве сёлета ў студзені. Першага вінавацяць у гвалце над супрацоўнікам органаў унутраных спраў (да 7 гадоў турмы), другога — у асабліва злосным хуліганстве з ужываньнем прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ў якасьці зброі (да 10 гадоў турмы).

Экстрадаваць паводле артыкулу аб хуліганстве нельга — мінімальнае пакараньне ў ім у Расеі і ў Беларусі не прадугледжвае абавязковага для выдачы пазбаўленьня волі. Але пагроза прымяненьня гвалту да супрацоўніка МУС утварае асобны ад хуліганства склад злачынства, за які належыць тэрмін, — яго і дадалі ў рашэньне аб экстрадыцыі.

Абарона зьвяртала ўвагу на тое, што Аляксей Цітавец — сірата, і настойвала, што віна беларуса не даказаная, паколькі сам ён пасьля інцыдэнту апынуўся ў лякарні. Ягоны знаёмы сказаў BBC, што хлопца пабілі на пратэставай акцыі, а пасьля шпіталізацыі ён выехаў у Расею.

У Маскве малады чалавек сьцьвярджаў, што ня ведаў пра пачатую крымінальную справу і падаваў хадайніцтва аб прытулку. Аднак расейскае МУС яму адмовіла.

Пакуль ішло абскарджаньне, скончыўся максымальны паўгадавы тэрмін арышту. Аляксея Цітаўца адпусьцілі ў канцы ліпеня, у суд ён больш не зьявіўся. Падчас паседжаньня завочна вырашылі, што экстрадыцыя «ня мае мэты перасьледу з палітычных матываў і няма падстаў думаць, што матэрыялы справы сфальсыфікаваныя». Пасьля таго, як рашэньне аб экстрадыцыі набыло моц, беларуса зноў затрымалі.

Што ўрэшце сталася зь ім і Артурам Якубавым, з судовых рашэньняў не зразумела. Адвакаты ня сталі камэнтаваць сытуацыю, а праваабаронцы лічаць, што іх маглі без агалоскі вывезьці ў Беларусь. Магілёўскія знаёмыя хлопцаў таксама кажуць, што хлопцы ўжо ў беларускіх турмах.

Справы Дубойскага і Казімірава: ці варта бегчы на ўсход?

Многія беларусы, якія выступалі супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, неўзабаве вымушаныя былі зьехаць, баючыся перасьледу, у Польшчу, Літву, Украіну ды іншыя краіны. Некаторыя спадзяваліся знайсьці паратунак у Расеі — найперш тыя, хто ня меў магчымасьці адразу трапіць у Эўропу.
Масква, Санкт-Пецярбург ды іншыя буйныя гарады разглядаліся як «трамплін», наўрад ці хто падазраваў, што сховішча настолькі небясьпечнае.

Сёлета ў траўні суд у Маскве задаволіў запыт беларускіх уладаў аб выдачы берасьцейца Андрэя Казімірава, а ў кастрычніку суд у Белгарадзе дазволіў экстрадаваць ягонага земляка Вадзіма Дубойскага.

Цяпер абодва знаходзяцца ў СІЗА, іх абвінавачваюць паводле крымінальнага артыкулу аб удзеле ў масавых беспарадках. У Расеі гэта цяжкі артыкул, які дазваляе трымаць чалавека за кратамі 1 год.

У выпадку Вадзіма Дубойскага супрацоўнікі Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў парушылі экстрадыцыйную працэдуру, пачаўшы ягоную высылку адразу пасьля рашэньня суду, але да апэляцыі. Мужчыну ўжо адправілі па этапе зь Белгараду ў Курск, але адвакат своечасова выявіў яго незаконнае зьнікненьне зь СІЗА і пасьпешны працэс экстрадыцыі ўдалося спыніць.

Такім чынам, Генпракуратура прыпыніла экстрадыцыю абодвух беларусаў за кошт 39-га правіла Эўрапейскага суду ў правах чалавека, расказалі BBC іх абаронцы.
Тэрмін арышту ў Андрэя Казімірава заканчваецца ў студзені 2022 году, у Вадзіма Дубойскага — у красавіку наступнага году.

Справа Савуціна: ці ўсіх запар выдае Расея?

11 лістапада суд у Калінінградзе адхіліў скаргу на рашэньне Генпракуратуры Расеі выдаць у Беларусь Івана Савуціна. На радзіме яго падазраюць у махлярстве, але абвінавачаньне дагэтуль ня выстаўлена. Сам беларус просіць прытулку ў Расеі і сьцьвярджае, што яго перасьледуюць з палітычных матываў за перакананьні.
Праваахоўныя органы адмаўляюць, што экстрадыцыя зьвязаная з падзеямі жніўня 2020 году. Тым ня менш яшчэ летась у сьнежні тэлеграм-канал палітзьняволенага блогера Сяргея Ціханоўскага «Страна для жизни» паведамляў пра «сваволю з затрыманьнем свайго валянтэра Івана Савуціна».

Праўда, неўзабаве актывіста адпусьцілі і ён зьехаў у Расею. У той момант на яго завялі справы аб «заведама фальшывым паведамленьні пра тэракт». Але экстрадыцыя за такія злачынствы немагчымая, бо можна абысьціся штрафам. Для выдачы неабходна, каб артыкул прадугледжваў ня менш за 1 год пазбаўленьня волі.
У лютым 2021-га такі артыкул знайшоўся: супраць Івана Савуціна распачалі справу «аб махлярстве». Наколькі абгрунтаваны перасьлед, невядома, пытаньне аб даказанасьці віны ў рамках справы аб экстрадыцыі не разглядаецца. Тэрмін арышту беларуса заканчваецца ў красавіку 2022 году.

Вядома, што Іван Савуцін браў удзел у масавых пратэстах на радзіме. Увосень 2020-га яго затрымлівалі і двойчы каралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, расказаў BBC расейскі журналіст-фрылянсэр Леанід Кудзінаў, дэпартаваны зь Беларусі летась у жніўні. На яго думку, уцекачу могуць пагражаць новыя «палітычныя» артыкулы, катаваньні і жорсткае абыходжаньне.
У траўні расейскія праваабаронцы запатрабавалі ўвесьці мараторый на выдачу беларускіх грамадзян да атрыманьня дастатковых падставаў меркаваць, што палітычна матываваны гвалт у Беларусі спыніўся і прававыя інстытуты перасталі быць прыладай рэпрэсій. Але засталіся непачутымі.

Справы піцерскіх беларусаў: ці небясьпечна пратэставаць у Расеі?

Пратэсты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў актыўна падтрымалі беларускія дыяспары ў Расеі. Як высьветлілася, на радзіме за імі таксама ўважліва сачылі.
У сакавіку ў Санкт-Пецярбургу затрымалі беларусаў Жанну Галееву, Паўла і Юлію Штанько, Ягора Мякіньнікава і Ўладзімера Драгуна. Яны запісалі на відэа песьню ў падтрымку пратэстаў, пасьля чаго Юлія Штанько вымавіла «Свабоду Навальнаму!» і «Жыве Беларусь!». Суд прызнаў гэта «несанкцыянаваным публічным мерапрыемствам» і арыштаваў іх на тэрміны да 9 сутак.

У Беларусі ўдзельнікаў акцыі ніхто афіцыйна не адшукваў. Але Цэнтар «Э» (Галоўнае ўпраўленьне супрацьдзеяньня экстрэмізму Міністэрства ўнутраных спраў РФ) знайшоў іх па скрыншотах пасьля звароту «віртуальнага заяўніка», блогера зь Віцебскай вобласьці Аляксандра Кавалёва. Ён нібыта ўбачыў фота ў інтэрнэце і папрасіў пецярбурскую пракуратуру і МУС пакараць суайчыньнікаў за «мітынг» з «акупацыйнай бел-чырвонай-белай сымболікай».

Адразу пасьля вызваленьня беларусаў затрымалі паўторна, абвінаваціўшы ў парушэньні міграцыйнага рэжыму. Актывістам у 30-м аддзеле паліцыі сказалі, што ня бачаць прычын іх трымаць, але «паступіў званок» не выпускаць«, — расказала BBC Юлія Штанько.

У судзе адвакаты праваабарончага праекту «Апология» Вольга Цэйтліна і Сяргей Локцеў тлумачылі, што затрыманым на радзіме пагражае небясьпека, бо на патрабаваньне зь Беларусі іх ужо арыштавалі за мірны пікет.

У выніку замест прымусовага выправаджэньня ім удалося абмежавацца штрафамі. Толькі Жаньне Галеевай паставілі ў віну ўдзел яшчэ ў адной акцыі і паліцыя загадала ёй тэрмінова пакінуць Расею пад пагрозай дэпартацыі.

Пасля судоў яна і сужэнцы Штанько атрымалі візы і выехалі ў Польшчу. Апынуўшыся ў бясьпецы, беларусы паскардзіліся ў Эўрапейскі суд у правах чалавека на неабгрунтаванае затрыманьне і парушэньне Расеяй іх права на свабоду сходаў і выказваньня думак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG