Намесьнік міністра замежных спраў Расеі Сяргей Рабкоў і намесьніца дзяржсакратара ЗША Ўэндзі Шэрман напярэдадні правялі ў Жэнэве двухгадзінную гутарку падчас рабочай вячэры ў рэзыдэнцыі прадстаўніка ЗША на Канфэрэнцыі аб раззбраеньні. Як паведамляе агенцтва Associated Press, сустрэча стала прэлюдыяй да перамоваў 10 студзеня дэлегацый ЗША і Расеі.
«Мы абмеркавалі сутнасьць пытаньняў, якія стаяць перад намі, але перамовы будуць цяжкія», — сказаў журналістам Сяргей Рабкоў пасьля завяршэньня першай сустрэчы. Ён дадаў, што перамовы будуць дзелавымі, і запэўніў рэпартэраў, што ўдзельнікі перамоваў у панядзелак, на яго думку, «ня стануць дарма траціць час».
Перамовы расцэньваюцца як першы крок да ажыўленьня дыялёгу пасьля пэрыяду сур’ёзнага пагаршэньня адносін паміж ЗША і Расеяй у сувязі са становішчам вакол Украіны. Расея разьмясьціла прыкладна 100 тысяч вайскоўцаў уздоўж сваіх межаў з Украінай. Гэта прывяло да росту падазрэньняў адносна намераў Масквы ажыцьцявіць масавае ўварваньне ў суседнюю краіну.
Расея выставіла ў мінулым месяцы сьпіс сваіх патрабаваньняў. Сярод іх патрабаваньне аб даваньні расейскаму боку ад NATO гарантый ад далейшага пашырэньня на ўсход, у тым ліку адмовы NATO ад уключэньня ў свой саюз Украіны і Грузіі. Таксама Расея патрабуе адмовы ад размяшчэньня якіх-небудзь ракетных сыстэм каля межаў Расеі і адмовы NATO ад правядзеньня вайсковых вучэньняў, выведных апэрацый або стварэньня інфраструктурных аб’ектаў за межамі Паўночнаатлянтычнай дамовы, якія існавалі ў 1997 годзе.
Расейскі бок прыбыў у Жэнэву зь яснай пазыцыяй, заявіў Рабкоў. Паводле яго, гэтая пазыцыя зразумелая і сфармуляваная так, што паддаецца разуменьню на самым высокім узроўні. Таму адхіленьне ад сфармуляваных Расеяй патрабаваньняў проста немагчымае, заявіў намесьнік кіраўніка расійскага МЗС.
На пытаньне, ці гатовая Расея пайсьці на кампраміс, расейскі дыплямат адказаў: «Гэта амэрыканцы павінны быць гатовыя да дасягненьня кампрамісу».
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў у нядзелю тэлеканалу «Эй-бі-сі», што не чакае якіх-небудзь прарываў на двухбаковых перамовах у Жэнэве або падчас пасяджэньня рады NATO — Расея ў Брусэлі. Не чакаецца асаблівых дасягненьняў і на перамовах прадстаўнікоў ЗША і Расеі ў Вене ў канцы гэтага тыдня ў рамках Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ).
Аssociated Press адзначае, што ЗША і іх заходнія саюзьнікі ўжо неаднаразова папярэджвалі Расею, што ёй давядзецца дорага заплаціць, калі яна рушыць свае войскі супраць Украіны.
«Цяпер пытаньне стаіць так: ці пойдзе прэзыдэнт Пуцін дарагой дыпляматыі і дыялёгу, ці шляхам канфрантацыі», — заявіў Блінкен, даўшы зразумець, што паглыбленьне расейскага ўмяшаньня ў справы Ўкраіны можа абярнуцца супраць доўгатэрміновых інтарэсаў самой жа Масквы.
ЗША заявілі, што на сустрэчы ў Жэнэве будуць абмяркоўвацца ня ўсе патрабаваньні Расеі, а толькі двухбаковыя адносіны. Перамовы павінны працягнуцца ў рамках Рады Расея — NATO ў Брусэлі 12 студзеня.