Беларуская пісьменьніца і нобэлеўская ляўрэатка Святлана Алексіевіч, якая жыве цяпер у Бэрліне, дала вялікае інтэрвію DW. Яна разважае пра памылкі, якія дапусьціла Каардынацыйная рада ў жніўні 2020 году, філязофію Лукашэнкі, сваю новую любоў да беларусаў, пра герояў будучай кнігі і аб тым, чым у выніку скончыцца беларуская рэвалюцыя. Вось некалькі фрагмэнтаў інтэрвію.
«Лукашэнка ненавідзіць мяне»
- У верасьні 2020-га цягам дзесяці дзён пад маім домам дзяжурылі сілавікі ў цывільным. Нават кансьерж тэлефанаваў і прасіў не выходзіць: «Тут небясьпечна, невядомыя людзі ходзяць і аўтобусы стаяць». Паслы эўрапейскіх краін па чарзе начавалі ў мяне дома. Я вельмі ім усім удзячная. За сябе і за тое, што яны робяць усім нам.
- Лукашэнка ненавідзіць мяне. Калі быў юбілей — 70 гадоў, ніводная газэта не напісала аб гэтым.
- З «Новай газэтай» і Муратавым, які нядаўна атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру, цяпер адбываецца падобная гісторыя. Але Пуцін пакуль не дае каманду «фас». Інакш страшна ўявіць, што было б. Ён усё ж стараецца трымаць перад Захадам нейкі твар. Лукашэнка нават не спрабуе.
- Стала зразумела, што дарога дадому зачыненая, калі даведалася, што амаль уся Каардынацыйная рада сядзіць. Да таго ж мяне палохалі ўмовы нашых турмаў. З маёй хваробай адзін раз пераначаваць на халоднай падлозе — і ўсё, ня трэба нічога іншага прыдумляць. Духам ты можаш гэта перанесьці, але ж ёсьць яшчэ і цела.
- Маша Калесьнікава незвычайны чалавек. Яна выбрала такі шлях, захапляюся ёй. Я хацела напісаць кнігу аб усім, што адбываецца. Хто б даў мне зрабіць гэта ў Беларусі? Хто змог бы прыйсьці да мяне ў дом, каб расказаць сваю гісторыю? Я б не змагла абараніць сваіх герояў.
«Хачу жыць у Беларусі»
- Але я хачу жыць у Беларусі. Я з цікавасьцю ежджу па сьвеце, шмат бачыла, але мне важна вярнуцца дадому. Там маё жыцьцё, мае героі, любімыя краявіды. Шкадую, што сыходзяць апошнія вясковыя старыя, якіх я памятаю зь дзяцінства і вельмі люблю.
- Нядаўна стэлефаноўвалася са сваім знаёмым, і ён сказаў: «Ты сабе нават не ўяўляеш, як часам страшна выйсьці нават у краму, прайсьці міма чалавека ў балаклаве і з дубінкай. Як быццам не мая краіна, нас акупавалі». Я на самой справе не адчула гэтага.
«Наш народ абагнаў уладу»
- Гэта ня тая ўлада, якая адукоўвае народ. Беларусі патрэбен свой Гавэл. У нас быў Адамовіч, але ў 1990-я абралі Лукашэнку. Але цяпер наш народ абагнаў уладу. Сёньня ён быў бы здольны абраць Адамовіча.
- Новым Адамовічам ці беларускім Гавэлам маглі б стаць і Калесьнікава, і Ціханоўская, і Бабарыка. Ёсьць людзі. Лічу, што Бабарыка ў цэлым быў бы выдатным мэнэджэрам, і ён аднавіў бы разваліны, у якія сёньня пераўтвораная краіна. Бо мала таго, што яна разбурана эканамічна, — уся духоўная аснова разгромлена. Са школ, унівэрсытэтаў выганяюць найлепшых выкладчыкаў. Тое ж самае робіцца ў мэдыцыне, на заводах. Можна казаць пра гуманітарную катастрофу.
- На шчасьце, Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Эўропы. Мы невялікая краіна, дыктатару тут няма дзе разгарнуцца. І ў Беларусі няма атамнай зброі, за што трэба паставіць помнік Станіславу Шушкевічу — чалавеку з сучасным поглядам на сьвет.
- З Расеяй трэба навучыцца жыць. У гэтым і заключаецца задача сучасных палітыкаў — захаваць Беларусь як дзяржаву і выбудаваць з Расеяй нармальныя адносіны.
«Нам давядзецца жыць з тымі, хто нас біў і катаваў»
- На што абапіраюцца «ябацькі»? Што гэта за людзі? Іх жа шмат. Няхай 20 працэнтаў — гэта ўсё роўна нямала. Каб пачаць грамадзянскую вайну, хопіць. Мы ўвесь час балянсуем на грані. Паслухайце Азаронка. Гэта не журналіст — ён правакатар, які паднімае ўсе гэтыя гадасьці зь цемры чалавечай. Я нават выпісала некаторыя ягоныя словы і адзін раз выкарыстоўваю іх у сваёй кнізе. Я хачу паказаць гэтых правакатараў і тое, што яны робяць з грамадзтвам.
- На якія пытаньні я шукаю адказы ў сваёй кнізе? Іх шмат: пытаньне вайны і міру — адно з іх. Ці ўсё ж мелі мы рацыю, што не хацелі крыві? Я ва ўсіх пытаюся пра гэта. І людзі падзеленыя, між іншым. Жадаю напісаць аб чалавеку ў масцы і спакусе цемры, аб тым, чаму мы дагэтуль жывем па кнігах Салжаніцына. Чаму па ўсёй нашай гісторыі вандруе цэляфанавы пакет на галаве арыштаванага? Чаму адны людзі хавалі пратэстоўцаў, а іншыя вялі туды амапаўцаў?
- І яшчэ пытаньне: нам давядзецца жыць з тымі, хто нас біў і катаваў. Як іх зразумець, каб не далучыцца да нянавісьці? І яшчэ, і яшчэ... Адкуль узяліся гэтыя цудоўныя людзі, якія выйшлі на вуліцу? Як яны сфарміраваліся, хто іх бацькі? Мне важна як мага больш пра іх расказаць.
- Спадзяюся, пакуль напішу кнігу, фінал надыдзе.
«Гэта не параза — хутчэй, прыпыненьне руху»
- Калі пасьля трох дзён зьбіцьця і зьнявагаў, пасьля сьветлашумавых гранат і гумавых куль, якія з дзесяці мэтраў б’юць, як баявыя, пасьля трох дзён, якія ўзрушылі ўвесь сьвет, на вуліцы выйшлі жанчыны, а за імі — сотні тысяч людзей, я была ўзрушаная. Усе мы былі ў захапленьні.
- Столькі чалавечай годнасьці было ў гэтых падзеях, і я вельмі хачу расказаць пра гэта ў кнізе. Я зьбіраю сьведчаньні нашай годнасьці. Гэта важна для ўсіх нас, асабліва зараз, калі мы ў руках вайскоўцаў, калі грамадзянская супольнасьць зьнішчаная. Я не назаву гэта паразай — хутчэй, прыпыненьнем руху. Бо ўсё перажытае намі нікуды ня зьнікне. Але свабода, як мы цяпер зразумелі, — гэта доўгі шлях. Дзе ўзяць свабодных людзей пасьля лягера? Яны доўга растуць, фармуюцца. Вось толькі падрасло новае пакаленьне, якое можа сказаць аб сабе: я нарадзіўся не ў СССР.
«Мы наступілі на тыя ж граблі»
- У 1990-х гадах мы аказаліся такімі рамантыкамі, і тут — тое ж самае. Якім чынам гэта адбылося другі раз? Я часта думаю пра гэта: як можна было наступіць на тыя ж граблі? Гэта наш ідэалізм... Поўная адсутнасьць палітычнай практыкі. Мы ўвесь час маем справу не з рэальнасьцю, а зь любімымі ідэямі. Магу сказаць, што ў нас не было цьвярозага ўяўленьня аб тым, што адбываецца. Яшчэ ў самым пачатку, як толькі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, я казала, што без крыві ён ня сыдзе. І многія прадчувалі гэта. Але за 26 год так шмат усяго адбылося, што мы страцілі пільнасьць.
- Я памятаю людзей, якія выходзілі на маршы, — яны ня думалі ні аб якім узброеным паўстаньні. Для нас гэта было сьвята — сьвята адкрыцьця, захапленьня. Захапленьне ад саміх сябе.
- Да гэтых дзён у кожным з нас жыў недавер да ўласнага народу. Раней кожны жыў у сабе і ня ведаў, што нас так шмат. Мы нарэшце ўбачылі гэта і ўзрадаваліся. А потым, канешне, страцілі час. Трэба прызнаць, што кіраўніцтва пратэстамі не было. Каардынацыйная рада не кіравала тым, што адбывалася. А нам трэба было не сыходзіць з вуліцы, пакуль не пайшоў бы Лукашэнка.
«Я была супраць крыві»
- Я была супраць крыві і ўвесь час гэта паўтараю. Інакш мы б патрапілі ў тую прастору, у якой у нас не было б маральнага прыярытэту. У тыя дні мы перамагалі мудрасьцю, гандызмам. Мы так перамаглі мір. Нас немагчыма было расьцерці, як плошчу Цяньаньмэнь у Кітаі. А інакш мы далі б яму права гэта зрабіць. І першай бы загінула наша лепшая моладзь.
- Наш народ горды, ён усю сваю гісторыю вучыўся абараняць сябе. І моладзь вельмі ахвярная, яна хоча жыць у свабоднай Беларусі. Але год таму мы не былі гатовыя. Я і цяпер не гатовая браць у рукі зброю. У нас апынуўся сурʼёзны супернік, які ваюе бяз правілаў, без гонару. Мы страцілі шмат людзей, а галоўнае — гэта такое прыніжэньне, такая сурʼёзная траўма для народа. Людзі церпяць, але ёсьць мяжа.
«Гэта можна назваць рэвалюцыяй»
- Цяпер шмат кажуць аб тым, што беларуская рэвалюцыя прайграла. Не, я так ня думаю. Па-першае, ёсьць эліта, зьбіраецца эліта — у зусім новай якасьці. Ёсьць беларускі народ, у якога расплюшчыліся вочы. Людзі ніколі не забудуць, як яны сядзелі ў дварах і пілі гарбату, як разам ішлі на маршы. Многія героі маёй кнігі так і кажуць: «Мы жылі ад адной нядзелі да іншай, набіраліся там такой энэргіі, што выпростваліся плечы». Пачалося будаўніцтва нацыі.
- Па-другое, так, цяпер нельга выходзіць на вуліцы, усё загнана ў галовы, але людзі ўсё роўна чакаюць перамен. Будзе нейкая кропка — ці то праз санкцыі, ці то праз самога Лукашэнку — а ён горшы вораг самому сабе, — пасьля якой усё зьменіцца. Мяркую, гэта адбудзецца імгненна.
- Ня трэба зашывацца ў кокан бясьсільля, трэба рыхтавацца да новага часу. Дапамагаць тым, хто цяпер у турме, дапамагаць іх семʼям, дзецям. Не пабаюся тут гэтага слова — гэта дзеці герояў, найлепшых з нас.
- Вельмі кардынальна памянялася сьвядомасьць людзей і іх адчуваньне сябе як нацыі. Так, гэта можна назваць рэвалюцыяй.