Тэмпы вакцынацыі супраць каранавірусу ў сьнежні, у параўнаньні зь лістападам, вырасьлі ў Беларусі ўдвая. Аб гэтым, паводле Інтэрфаксу, заявіў галоўны дзяржаўны санітарны лекар Аляксандр Тарасенка ў эфіры тэлеканалу СТВ.
«Літаральна ў сьнежні, калі параўноўваць зь лістападам, то тэмпы вакцынацыі ўзрасьлі ў два разы. Мы бачым, што першы кампанэнт вакцыны, з улікам і „Спадарожнік Лайт“, па Беларусі практычна атрымае палова насельніцтва рэспублікі. Так, рэгіёны адрозьніваюцца паміж сабой. Але калі казаць у сярэднім, то мы гэтую лічбу, я думаю, што дасягнем, 50%», — адзначыў Тарасенка.
Ён таксама заявіў, што расейская вакцына эфэктыўная супраць штаму «Омікрон», які цяпер імкліва распаўсюджваецца па сьвеце.
Тым часам заходнія спэцыялісты сьцьвярджаюць, што толькі вакцыны Pfizer / BioNTech і Moderna на 30 — 35 % абараняюць ад «Омікрону», усе астатнія, у тым ліку AstraZeneca або Johnson \ Johnson і «Sputnik V» супраць яго бясьсільныя. Але дапамагае трэцяя бустэрная доза.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ