У лютым 2020 году Бэрлін паабяцаў вылучыць 50 так званых гуманітарных візаў для беларусаў, якіх перасьледуюць з палітычных матываў, і іх найбліжэйшых сямейнікаў. На фоне таго, як Польшча і Літва прымалі тысячы беларусаў, якія ўцяклі ад рэжыму, нямецкія візавыя квоты выклікалі крытыку ня толькі ў Беларусі, але і ў самой Нямеччыне.
Як неафіцыйна паведаміла DW крыніца ў нямецкім урадзе, зь сярэдзіны кастрычніка 2021 году, пасьля выбараў у Бундэстаг, гэтае абмежаваньне колькасьці выдадзеных візаў цалкам зьнята. З прыходам новага ўраду, у кааліцыйнай дамове якога асобна запісаны пункт аб Беларусі, сытуацыя з прыняцьцем беларусаў у Нямеччыне можа стаць яшчэ прасьцейшай.
«Новы ўрад працуе толькі два тыдні. Для зьменаў патрэбны час», — дадала крыніца DW.
На сёньня беларусам ды іхным сямейнікам выдадзена 130 гуманітарных візаў.
Зрэшты, чакаць масавай выдачы дазволаў на знаходжаньне ў Нямеччыне ня варта, адзначае выданьне.
«Калі мы абмяркоўвалі зь немцамі павелічэньне квоты на візы для беларусаў, нам тлумачылі, што гэтае вялікае выключэньне ў нямецкім законе», — кажа кіраўнік беларускага абʼяднаньня Razam у Бэрліне Антон Нядзелька. Тым, каму ўхваляюць гуманітарны від на жыхарства (спачатку часовы, потым пастаянны), нямецкі ўрад звычайна пакрывае выдаткі на жыльлё і мэдычную страхоўку, аплачвае моўныя курсы, а таксама выплачвае 446 эўра ў месяц, пакуль чалавек не пачне працаваць.
«Таму гэта ня можа быць накіравана на шырокую грамадзкасьць. Але з усіх магчымых праграмаў дапамогі беларусам гэтая — найлепшая», — дадае Антон Нядзелька.
«Ідэя гэтай візы — падтрымка тых, хто найбольш актыўна ўдзельнічаў і ўзначальваў дэмакратычны рух: лідэраў штабоў, руху пратэсту, страйкамаў, значных журналістаў і праваабаронцаў, — тлумачыць Антон Нядзелька. — Юрыдычна аформленага сьпісу няма, кожны выпадак нямецкі ўрад разглядае індывідуальна».
Яшчэ адно абмежаваньне — краіна знаходжаньня спаборніка. Шанцы для беларусаў, якія цяпер у Польшчы ці Літве, атрымаць «гуманітарны» від на жыхарства ў Нямеччыне нізкія, бо яны ўжо знаходзяцца ў бясьпечнай краіне, тлумачыць адвакат Пэтэр Шварц (Peter Schwarz). Прэтэндаваць на гуманітарную візу могуць хутчэй тыя, хто знаходзіцца ў Беларусі ці ў трэцяй краіне за межамі Эўразьвязу (напрыклад, ва Ўкраіне ці Грузіі), дзе ёсьць нямецкая амбасада.
Толькі шэсьць беларусаў атрымалі статус уцекача
Дагэтуль застаецца і магчымасьць падаць на палітычны прытулак у Нямеччыне. Але атрымаць статус уцекача беларусам амаль нерэальна. На запыт DW пра колькасьць прашэньняў аб палітычным прытулку Фэдэральнае ведамства ў справах міграцыі і ўцекачоў (BAMF) паведаміла, што са студзеня па лістапад 2021 году пададзена 233 заявы ад грамадзян Беларусі. У 202 выпадках рашэньне ўжо прынятае: толькі шасьцёх беларусаў Нямеччына прызнала ўцекачамі.
Частка адмоваў (157 заяваў) тлумачыцца Дублінскім пагадненьнем, паводле якога адказнасьць за наданьне прытулку нясе краіна ЭЗ, у якую беларус уехаў перш ці якая выдала яму візу. У астатніх выпадках — недастаткова падставаў для атрыманьня статусу ўцекача. Яшчэ адна прычына адмовы — у нямецкай праўнай сыстэме пакуль не сфармаваныя альгарытмы, як паводзіць сябе зь беларускімі ўцекачамі.