Выбар Надзеі Ясьмінска:
1. Астрыд Ліндгрэн. «Роня, дачка разбойніка». Менск, «Пазытыў-цэнтар», 2020.
Гэта адзін з маіх любімых твораў Астрыд, якi стаіць для мяне непараўнальна вышэй за вядомыя гісторыі пра Карлсана і Пiпі Доўгуюпанчоху. Чароўная сваёй атмасфэрай кніга пра сяброўства, адвагу, сталеньне і разуменьне сьвету.
2. Юя Вісландэр. «Ёрдзіс». Менск, «Koska», 2018.
Гэтую кніжку я прэзэнтавала б дзяўчынцы, падобнай да мяне ў дзяцінстве: маленькаму інтравэрту, які любіць чытаць ня толькі пра «амэрыканскія горкі» прыгодаў, але і пра ўтульнае штодзённае жыцьцё ў іншы час і ў іншай краіне.
3. Анастасія Крачкоўская. «Кніжка пра зубы». Менск, «Кнігазбор», 2021.
Па-першае, гэта карысная і вясёлая кніга, а па-другое, мне дужа падабаецца, што разьвіваецца дзіцячы нон-фікшн на беларускай мове.
4. «Казкі Рузалі Асьмак». Менск, «Янушкевіч», 2021.
Кніжка, якую я зьбіраюся падарыць на сьвята аднаму даросламу дзіцяці. То бок сабе. Вельмі люблю беларускія аўтэнтычныя казкі.
5. І яшчэ я б нясьціпла парэкамэндавала сваю кніжку «Сподачак для цмока». Менск, «Кнігазбор», 2020.
Я б набыла яе ў падарунак, нават калі б не была яе аўтарам. Ведаю, што гісторыя пра хлопчыка і Цмаказаўра падабаецца і дзецям, і бацькам. А яшчэ там цудоўныя ілюстрацыі Сьвятланы Міхалап.
Выбар рэдакцыі Радыё Свабода:
1. Вольга Шчукіна. «Чарадзейны крышталь, або Нечаканы госьць». Менск, «Кнігазбор», 2021.
Гэта аповесьць-казка пра Мараша, маленькага ведуна з суседняга сусьвету, і пра дзесяцігадовых Сьветку і Віцьку зь Менску. Іх неверагодныя і захапляльныя прыгоды пачаліся, калі Мараш нечакана зьявіўся ў пакойчыку Сьветкі, шукаючы Чарадзейны Крышталь…
2. Валеры Гапееў. «Жэнька — каралева мышак». Менск, «Кнігазбор», 2021.
Як сябраваць, каб было па-сапраўднаму? Як бараніць сябе і сяброў? Як гуляць так, каб было ўсім цікава? Як жыць з гэтымі дарослымі і не крыўдаваць на іх? Як прызнаваць свае памылкі і ці трэба іх прызнаваць? Ці можна плакаць, калі табе надта крыўдна? І як зрабіць так, каб нікому крыўдна не было? Вось такія няпростыя пытаньні вырашае галоўная гераіня гэтай кнігі — Жэнька, якая абавязкова стане вашай сяброўкай.
3. Надзея Ясьмінска. «Мурмурзік». Менск, «Чатыры чвэрці», 2021.
Казка пра незвычайнага коціка Мурмурзіка з цудоўнымі ілюстрацыямі мастачкі Вольгі Данілюк, выдадзеная ў яркай цьвёрдай вокладцы, будзе прыемным падарункам кожнаму, хто ад малых гадоў любіць чытаць на роднай мове.
4. «Ціў-ціў-ціў», № 3. Вясёлая маляванка для дзіцянятак-птушанятак. Менск, «Тэхналёгія», 2021.
Мастачка Валерыя Вікторчык намалявала трэці выпуск свайго сшытачка з заданьнямі для малых. Яна мае глыбокае разуменьне дзіцячай псыхалёгіі і далікатны густ, таму яе заданьні ненавязьлівыя і дасьціпныя. Выканаўшы пэўнае заданьне «Ціў-ціў-ціў», малюнак да яго можна расфарбаваць, а пасьля — выразаць і працягнуць гульню з фігуркай або ўпрыгожыць ёю жытло ці калядную ялінку. Ці парадаваць сяброў на Новы год, падарыўшы ім вясёлую маляванку «Ціў-ціў-ціў».
5. Беларускі каляндар на 2022 год. Менск, «Кнігазбор», 2021.
Шыкоўны каляндар з малюнкамі і словамі на кожны дзень. Зь яго дапамогай можна паўтараць старыя словы і знаёміцца з новымі, вывучаць беларускія прыказкі і прымаўкі. А яшчэ добра, што на кожны месяц ёсьць прынамсі адна тэма для словаў (расьліны, птушкі, пачуцьці…). Спадабаецца і прыдасца і дзеткам, і бацькам.