Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская калійная кампанія: «Калі Літва паспрабуе спыніць транзыт у аднабаковым парадку, беларускі бок будзе падаваць у суд»


Цягнік Літоўскай чыгункі
Цягнік Літоўскай чыгункі

Прадстаўніца кампаніі заявіла, што ў суд на Літву могуць падаць і пакупнікі ўгнаеньняў, а таксама Беларусь можа пазбавіць Літоўскую чыгунку працы.

Прадстаўніца «Беларускай калійнай кампаніі» Ірына Саўчанка заявіла, што ў выпадку спыненьня транзыту беларускіх угнаеньняў празь Літву прэтэнзіі паўстануць ня толькі ў прадпрыемства «Беларуськалій», але і ў пакупнікоў прадукцыі. Пра гэта яна расказала ў інтэрвію LRT.

«Санкцыі ЗША супраць „Беларуськалію“ не даюць прававой падставы для спыненьня дзейнасьці Літоўскай чыгункі ў перавозцы ўгнаеньняў. Мы лічым, што можам працягваць спакойна працаваць безь якіх-небудзь збояў».

Дата 1 красавіка, да якой, паводле санкцый, могуць дзейнічаць кантракты з БКК, на думку Саўчанкі, «ня мае ніякага значэньня для транспартаваньня беларускіх калійных угнаеньняў празь Літву».

«Мы спадзяёмся, што транзытны калідор для беларускіх угнаеньняў праз Клайпедзкі порт захаваецца і пасьля 1 красавіка. І што дамова будзе выкананая. У дамове таксама ўздымаецца пытаньне аб адказнасьці. Бо калійныя ўгнаеньні — гуманітарная нагрузка, яны зьяўляюцца асновай харчовай бясьпекі і маюць унікальнае сацыяльнае значэньне. Асабліва цяпер, падчас пандэміі COVID-19, з ростам пагрозы голаду, расьце колькасьць галодных людзей ва ўсім сьвеце. Гэта ня простая эканоміка ці палітыка. Ад рэгуляваньня паставак угнаеньняў у сельскую гаспадарку залежыць і жыцьцё людзей».

Таксама прадстаўніца БКК зазначыла, што калі Літва паспрабуе спыніць транзыт у аднабаковым парадку, беларускі бок будзе падаваць у суд, а таксама ў суд могуць падаць пакупнікі ўгнаеньняў, якія ня хочуць плаціць па завышаных цэнах. Сумы пазоваў, па словах Саўчанкі, могуць дасягаць «мільярдаў эўра». Акрамя таго, Беларусь у такім выпадку можа спыніць чыгуначныя транзытныя зносіны зь Літвой, і тады «Літоўская чыгунка застанецца бяз працы».

Што варта ведаць пра санкцыі ЗША

Першыя санкцыі, якія ўвяла адміністрацыя прэзыдэнта Джорджа Буша пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 годзе, прадугледжвалі блякаваньне ўласнасьці і актываў групы высокіх чыноўнікаў, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам. Санкцыі распаўсюджваліся таксама і на сем’і гэтых чыноўнікаў. Ім таксама забаранілі ўезд на тэрыторыю ЗША.

Пазьней асобам, у тым ліку і новым, якія папоўнілі сьпісы, забаранілі мець актывы на тэрыторыі ЗША і весьці бізнэс з амэрыканскімі партнэрамі.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі напрыканцы 2010 году ЗША пашырылі сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЗША. Акрамя таго, грамадзянам ЗША забаранілі весьці бізнэс зь дзяржаўным канцэрнам «Белнафтахім» і шэрагам іншых прадпрыемстваў. Гэтак Злучаныя Штаты адрэагавалі на рэпрэсіі пасьля выбараў, у тым ліку на зьняволеньне шэрагу кандыдатаў у прэзыдэнты.

Пра якія беларускія прадпрыемствы ідзе гаворка

  • «Белнафтахім»,
  • «Белнафтахім ЗША»,
  • «Нафтан»,
  • «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»,
  • «Белшына»,
  • «Гродна Азот»,
  • «Гроднахімвалакно»,
  • ААТ «Лякафарба»,
  • ААТ «Полацак-Шкловалакно».

Прадпрыемствам i грамадзянам ЗША было забаронена ўступаць у эканамічныя і фінансавыя дачыненьні з гэтымі арганізацыямі, а ўся іх маёмасьць і рахункі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, былі замарожаныя. Да таго ж многія краіны і кампаніі адмаўляюцца працаваць з прадпрыемствамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.

  • У кастрычніку 2015 году Міністэрства фінансаў ЗША прыпыніла санкцыі супраць гэтых дзевяці беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з «пэўным прагрэсам у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека», а таксама з мэтай падтрымкі незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.
  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году і рэпрэсій, якія адбыліся пасьля іх, ЗША аднавілі санкцыі ад 3 чэрвеня 2021 году. Адпаведнае рашэньне 19 красавіка 2021 году апублікавала Міністэрства фінансаў ЗША.​ Злучаныя Штаты дабіваюцца вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG