Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта крыніца фінансаваньня рэжыму Лукашэнкі». Літва падсумавала рэкордную кантрабанду цыгарэт за год


Ілюстрацыйнае фота. Адна з партыяў кантрабандных цыгарэт зь Беларусі на 1,5 мільёна даляраў, якую затрымалі ў Літве ў кастрычніку 2021 году
Ілюстрацыйнае фота. Адна з партыяў кантрабандных цыгарэт зь Беларусі на 1,5 мільёна даляраў, якую затрымалі ў Літве ў кастрычніку 2021 году

Маштабы зафіксаванай кантрабанды беларускіх цыгарэт растуць. Паводле зьвестак літоўскай мытні, за 2021 год у цягніках канфіскавана столькі ж цыгарэт, колькі ў суме канфіскавалі за апошнія 7 гадоў, піша агенцтва BNS.

Агульная тэндэнцыя — рост кантрабанды, сказаў гендырэктар мытнага дэпартамэнту Дарыюс Жвіронас, прадстаўляючы сытуацыю ў Камітэце нацыянальнай бясьпекі і абароны Сэйму Літвы на гэтым тыдні. Паводле яго, сёлета на чыгунцы зафіксавана 24 выпадкі кантрабанды цыгарэт, летась — восем, пазалетась — два.

У 2021 годзе ў цягніках канфіскавана ўдвая больш цыгарэт, чым летась: 16,7 мільёна і 8,9 мільёнаў адзінак адпаведна.

«Клясычны спосаб утойваньня кантрабанды — гэта насыпныя грузы, угнаеньні, друз, лесаматэрыялы», — кажа кіраўнік мытні.

Па дадзеных Дарыюса Жвіронаса, 84% кантрабандных цыгарэт, канфіскаваных у Літве, выраблена ў Беларусі.

«Калі чвэрць цыгарэтнага рынку краіны складаюць нелегальныя цыгарэты, гэта ўжо пытаньне бясьпекі, а калі абсалютная большасьць — 85%... Усе гэтыя нелегальныя цыгарэты вырабляліся кампаніямі, непасрэдна зьвязанымі з рэжымам Лукашэнкі, і відавочна, што гэта крыніца фінансаваньня рэжыму», — сказаў BNS старшыня Камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны ў Сэйме Літвы Лаўрынас Кашчунас.

Паводле яго, вытворчая магутнасьць тытунёвай фабрыкі «Нёман» у Горадні ў тры разы перавышае афіцыйны рынак цыгарэт у Беларусі.

«Пытаньне ў тым, куды ідуць астатнія мільярды пачкаў цыгарэт? Відавочна, што яны едуць у Літву, Латвію і ўсю Заходнюю Эўропу. Відавочна, што прадухіленьне незаконнай кантрабанды — гэта таксама прадухіленьне прыбытку Лукашэнкі», — лічыць Лаўрынас Кашчунас.

Паводле зьвестак Мытнага дэпартамэнту Літвы, за тры кварталы 2021 году было канфіскавана 328 мільёнаў пачкаў кантрабандных цыгарэт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG