Што вядома пра сябра рады і сузаснавальніцу школы маладых мэнэджараў публічнага адміністраваньня Sympa, экспэртку дасьледчага праекту Bipart, магістра паліталёгіі Тацяну Кузіну?
Аналітыка-даcьледчыцу затрымалі ўночы з 28-га на 29-га чэрвеня ў менскім аэрапорце, калі яна праходзіла пашпартны кантроль на самалёт у Тбілісі. Яе вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу – арт. 361 (Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь) і частка 1 арт. 357 (Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам).
«У справе ніякіх навін няма, прынамсі я пра іх ня ведаю», – кажа дырэктарка Sympa Натальля Рабава.
«Цікавіцца курсам біткойна»
У лістах з-за кратаў сябрам Тацяна піша, што пачуваецца добра, часам прастывае, ходзіць на шпацыры, калі дазваляе надвор'е.
«Улічваючы, што яна вельмі шмат чытае, ёй складана ў СІЗА, бо ўсё, што ёй дастаецца, ужо або чытала раней, або гэта невысокай якасьці літаратура, – кажа Натальля Рабава. – Тацяна глядзіць толькі дзяржканалы. Цікавіцца сусьветнымі і беларускімі навінамі, эканомікай, напрыклад курсам біткойна і іншых крыптавалютаў».
У СІЗА Тацяна Кузіна вывучае гішпанскую мову. Яна піша, што атрымлівае пасылкі і лісты, хоць лісты і ня вельмі рэгулярна. Бацькам і мужу спатканьняў з Тацянай не дазвалялі.
«Сяброўкі чакаюць лістоў, як вестачак з фронту, дзеляцца навінамі адна з адной. У Тані ёсьць «хрэсьніца» – котачка адной зь сябровак, ёй Таня таксама піша», – кажа Натальля.
«Зручна мець многа ўспамінаў пра мінулае жыцьцё»
У адной з паштовак Тацяна Кузіна напісала, што ў камэры часта ўспамінае падарожжы.
«Я тут часта ўспамінаю падарожжы, сярод іншага і нашы агульныя. Вельмі зручна мець многа ўспамінаў пра мінулае жыцьцё: крыху засумаваў і адразу – хопа! – і змыўся ў любы цікавы момант зь мінулага. У цэлым добрая памяць замяняе багатую фантазію зь гледзішча магчымасьці «змыцца» ў альтэрнатыўную рэальнасьць. Яшчэ раз цалую, твая Кузя за кратамі», – піша палітзьняволеная.
«Гэта пакараньне за рэалізацыю права на свабоду слова»
Праекты, якія раней вяла Тацяна Кузіна, цяпер працягваюць яе калегі. Як яны ставяцца да абвінавачаньня, выстаўленага палітзьняволенай?
«Стаўлюся да гэтага абвінавачаньня як да пакараньня за «думзлачынства», за рэалізацыю права на свабоду думак і слова», – кажа Натальля Рабава.
Калегі кантактуюць зь сям’ёй Тацяны, падтрымліваюць яе лістамі і пасылкамі.
«Стараемся прыцягнуць увагу да гэтага, гэта тое невялікае, што можна зрабіць у цяперашняй сытуацыі», – кажа Натальля Рабава.
Sympa на стадыі ліквідацыі
Sympa, зь якой раней супрацоўнічала Тацяна Кузіна, цяпер знаходзіцца на стадыі ліквідацыі па рашэньні Менгарвыканкаму. Самога рашэньня аб ліквідацыі кіраўніцтва арганізацыі ня бачыла, але атрымала адпаведнае паведамленьне.
«Тацяна Кузіна не была аформлена на працу ў нашай установе, гэта розныя гісторыі. Sympa закрылі разам з усімі (НДА. – РС) на хвалі закрыцьця ў ліпені», – кажа Натальля Рабава.
48-гадовая Тацяна Кузіна працавала ў ЭГУ, была каардынатаркай франка-беларускага факультэту палітычных і адміністрацыйных навук, кіравала аддзелам грамадзкіх і замежных сувязяў, была выканаўчым дырэктарам Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS), таксама ў розныя гады супрацоўнічала з многімі навукова-дасьледчымі цэнтрамі і арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці.
Тацяна Кузіна брала ўдзел у дасьледаваньні пра ўдзел грамадзян у грамадзкіх абмеркаваньнях, аналізавала электронныя пэтыцыі ў кантэксьце правоў чалавека.