Папоў і Сакаў атрымалі па 16 гадоў пазбаўленьня волі, Лосік і Цыгановіч — па 15 гадоў калёніі, Статкевіч — 14, Ціханоўскі — 18 гадоў.
Усе абвінавачаныя, апроч Статкевіча, будуць адбываць пакараньне ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Статкевіч — асаблівага рэжыму.
Чым адрозьніваюцца рэжымы, разьбіралася Свабода.
У Беларусі адна калёнія асаблівага рэжыму — у Глыбокім. Яна лічыцца адной з самых суворых у Беларусі. Але там сядзяць ня толькі тыя, хто атрымаў асаблівы рэжым. Напрыклад, былы палітвязень Аляксей Раманаў атрымаў на судзе «агульны рэжым», але адбываў пакараньне ў Глыбокім.
Якія адметнасьці мае асаблівы рэжым?
Паводле заканадаўства, асуджаныя на асаблівы рэжым маюць права на
— «атаварку» на суму трох базавых велічынь у месяц (цяпер гэта 87 рублёў). Разам з тым адміністрацыя калёніі за парушэньні можа пазбавіць «атаваркі».
— два кароткатэрміновыя і адно доўгатэрміновае спатканьні цягам году. Але гэтая норма таксама «рэгулюецца» адміністрацыяй калёніі.
— адну пасылку або перадачу і дзьве бандэролі ці два дробныя пакеты за год.
— асуджаным ва ўмовах асаблівага рэжыму, якія зьмяшчаюцца ў памяшканьнях камэрнага тыпу, дазваляецца мець штодзённую прагулку працягласьцю да 2 гадзін.
Як на практыцы выконваецца заканадаўства на асаблівым рэжыме?
Калёніі бываюць агульнага, узмоцненага, строгага і асаблівага рэжыму. Калі абвінавачаны зьдзяйсьняе парушэньні на асаблівым рэжыме, яго могуць перавесьці ў «крытую» турму. Так здарылася з палітвязьнем Сяргеем Верашчагіным. Яго моцна пабіла міліцыя пасьля затрыманьня ў Гомлі. У калёніі ў Глыбокім ягоны стан пагоршыўся. Сяргей скардзіўся, што яму не аказваюць мэддапамогу. За гэта яго неаднаразова зьмяшчалі ў ШЫЗА, а затым увогуле перавялі ў «крытую» турму ў Горадні.
«У Глыбокім ёсьць такая лекарка. Яна замест дапамогі адпраўляе людзей у ШЫЗА. Так было і зь Верашчагіным. Калі ён паскардзіўся на стан здароўя, яна сказала канвойным: «Гэтага — у ШЫЗА, ён мне надакучыў!» — расказаў Свабодзе беларус, які нядаўна вызваліўся з калёніі ў Глыбокім.
«Там наогул бяда — „аварыйнасьць“ вельмі высокая. Я маю на ўвазе бясьпеку працы. Людзі вялізнымі кувалдамі разьбіваюць электраматоры на працы. І тая кувалда можа адляцець каму ў галаву, каму ў нагу. Там людзі і зубы сабе выбілі, і сківіцы зламалі, і ногі паадбівалі», — кажа былы вязень.
На асаблівым рэжыме людзі жывуць не ў «атрадах», а ў камэрах.
«Там невыносныя ўмовы. На 30 чалавек — адна прыбіральня і адзін умывальнік. Калі нават усім даць па пяць хвілін, каб памыцца, гэта 160 хвілін. Адміністрацыя калёніі ставіцца вельмі жорстка да самай малой неахайнасьці. То бок ты павінен быць паголены, гузікі каб былі зашпіленыя... Я падымаўся а чацьвёртай раніцы, каб падагрэць ваду і пагаліцца», — расказваў Свабодзе летась былы асуджаны.
Зь яго назіраньняў, ёсьць «нармальныя» і ў адміністрацыі калёніі, і сам начальнік, і яго намесьнік.
«Між тым ёсьць такія сярод прадстаўнікоў „рэжыму“, што проста неадэкватныя людзі! Я лічу, што там павінны працаваць у калёніях псыхолягі, і яны ж павінны падбіраць „рэжымных“. Некаторыя зь іх робяць усё, каб азлабляць людзей! Ці значнасьць сваю хочуць паказаць, ці што. Можна ж даць чалавеку выправіцца — што там, скажам, гузік не зашпіліў, а яны караюць жорстка за гэта. Асабліва калі нечым не спадабаўся чалавек. Такое адчуваньне, ці ў іх сяброў няма, ці іх крыўдзілі ў дзяцінстве, і цяпер яны ў калёніі шукаюць сваю значнасьць і выкідаюць свой нэгатыў на асуджаных. Вось я такі важны, магу рабіць што хачу, і нічога мне за гэта ня будзе. Бо мы па-за законам, а яны ў законе. Калі нехта з асуджаных паспрабуе недзе паскардзіцца, ён трапіць у такі нэгатыў, у такую апалу! Да таго, што яго змогуць „раскруціць“ і адправіць у „крытую“ турму. Што хочаш могуць зрабіць. Людзі празь іх страчваюць сэнс жыцьця і хоць якую надзею», — расказваў Свабодзе былы вязень Глыбокага.
Людзі ў калёніі працуюць. Але заробкі могуць быць за месяц і 15 капеек. Вылічваюць у фонд калёніі, за харчаваньне, у многіх могуць быць нявыплачаныя патрабаваньні па пазове ці кампэнсацыі шкоды.
Якая розьніца паміж рэжымамі?
Яны адрозьніваюцца сумай грошай, якую асуджаны можа выдаткаваць у краме, колькасьцю спатканьняў са сваякамі, квотай на пасылкі і бандэролі.
Асуджаныя на пазбаўленьне волі з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму маюць права:
— штомесяц расходаваць на набыцьцё прадуктаў харчаваньня і прадметаў першай неабходнасьці сродкі са сваіх асабовых рахункаў у памеры пяці базавых велічынь,
— мець тры кароткатэрміновыя і два працяглыя спатканьні за год,
— атрымліваць тры пасылкі або перадачы і дзьве бандэролі ці два дробныя пакеты цягам году.
На агульны рэжым трапляюць тыя, хто асуджаны першы раз і не за цяжкае злачынства. Яны маюць больш перадач, спатканьняў, «атаваркі», чым на ўзмоцненым, строгім ці асаблівым рэжыме. Таксама людзі на агульным рэжыме могуць выйсьці паводле «ўмоўна-датэрміновага» вызваленьня, адбыўшы нават адну траціну тэрміну. Справа разглядаецца на адмысловай камісіі. На агульным рэжыме пасылкі можна атрымліваць раз на тры месяцы.
На ўзмоцненым рэжыме сядзяць тыя, хто зрабіў злачынства паўторна, або першы раз, але з катэгорыі цяжкіх. Яны маюць менш перадач, спатканьняў. На «ўмоўна-датэрміновае» вызваленьне яны могуць прэтэндаваць тады, калі адбудуць тры чвэрці тэрміну.
Хоць на ўзмоцненым рэжыме магчыма выйсьці «ўмоўна-датэрмінова» пасьля адбыцьця ¾ тэрміну, адміністрацыя калёніі можа зафіксаваць два парушэньні — і тады чалавек ня выйдзе раней за прызначаны тэрмін.