Беларускі Хэльсынскі камітэт і «Палітычная сфэра» прэзэнтавалі «Нацыянальны індэкс правоў чалавека 2020». Па словах арганізатараў, у дасьледаваньні, якое працягвалася прыкладна год, удзельнічалі экспэрты з усіх праваабарончых сфэраў. За гэты час праваабаронцы правялі каля 40 кансультацый са спэцыялістамі ў розных галінах і падлічылі, як зьмянілася там выкананьне правоў беларусаў за выбарны год. Ацэньвалі па шкале ад 1 да 10 балаў.
Паглядзець вынікі дасьледаваньня цалкам можна па спасылцы. Расказваем пра асноўныя зь іх.
Дзе сытуацыя самая горшая
У катэгорыі грамадзянскіх і палітычных правоў. Экспэрты ацанілі яе на 2,9 бала з 10 магчымых. У 2019 годзе было 4 балы. Горш за ўсё ў гэтай катэгорыі з правам на мірныя сходы — усяго 1,4 бала (да выбараў было 2,5).
Індэкс права на свабоднае выказваньне думак у 2020 годзе склаў 1,6 бала, права на свабоду і асабістую недатыкальнасьць — 2,8 (падзеньне на 1,1 бала ў параўнаньні з 2019 годам). Аўтары дасьледаваньня падкрэсьліваюць, што ацэньвалі 2020 год цалкам, таму ў некаторых галінах ацэнкі могуць здацца завышанымі. Асабліва гэта можа датычыцца ўмоваў утрыманьня пад вартай і ў месцах пазбаўленьня волі. Рост парушэньняў там пачаўся пад самы канец 2020 году. У Індэксе гэтая сфэра атрымала 3,8 бала. У 2019 годзе было 5 з 10 магчымых.
Дзе сытуацыя зьмянілася мінімальна
У сфэры сацыяльных, эканамічных і культурных правоў. Сюды праваабаронцы адносяць права на працу, здароўе, адукацыю, сацыяльнае забесьпячэньне і дастатковы ўзровень жыцьця. Паводле Індэксу, сытуацыя тут значна лепшая, чым агулам па краіне — 4,3 бала. Але ў 2019 годзе ўсё адно было яшчэ лепшай — 5,2 бала з 10 магчымых. Экспэрты, якія складалі Індэкс, вызначылі ўзровень выкананьня права беларусаў на сацыяльнае забесьпячэньне ў памеры 5,1 бала (на 0,3 бала менш, чым у 2019-м).
Індэкс права на здароўе за 2020 год склаў 4,9 (у 2019 было 5,8, адбілася пандэмія каранавірусу), на адукацыю — 4,6 (падзеньне за год на 0,5 бала). А вось з правамі на ўдзел у культурным жыцьці, паводле Індэксу, значна горш — 2,8 бала. Дасьледаваньне за 2019 год паказвала больш высокую лічбу — 4,7.
Лепш за ўсё, паводле апублікаванага БХК Індэксу, у Беларусі забясьпечваецца падтрымка сем’яў, дзяцей і пажылых людзей з інваліднасьцю. Экспэрты вызначылі індэкс у гэтай галіне ў памеры 6,2 бала. Гэта роўна ўдвая вышэй, чым агулам па краіне.
«Індэкс за 2021 год будзе яшчэ больш нізкім»
Гэта кароткі папярэдні прагноз. Кіраўнік БХК Алег Гулак гаворыць, што працу ў вызначэньні Індэксаў правоў чалавека ў Беларусі неабходна працягваць, каб разумець дынаміку. Гэта дазволіць пабачыць, «да чаго мы ў выніку дайшлі».
«У 2021 годзе, відавочна, сытуацыя працягвала пагаршацца, — кажа Алег Гулак. — Відавочна, што падзеньне індэксу працягвалася. Паляпшацца там не было чаму. Мы зробім такое ж дасьледаваньне і за 2021 год, нягледзячы на ўсе складанасьці».
Складанасьці могуць узьнікнуць значныя. Частка экспэртаў, якія ў 2021 годзе працавалі над Індэксам, цяяпер ужо за кратамі.