Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​«Пры вобшуках пытаюцца пра рэфэрэндум». Да былых назіральнікаў на выбарах прыходзяць з вобшукамі


Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году
Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году

Пра гэта кажуць у Праваабарончым цэнтры «Вясна» і ў ініцыятыве «Честные люди».

Юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка сказаў Свабодзе, што апошнім часам праваабаронцы атрымліваюць сыгналы пра ціск на былых назіральнікаў на выбарах.

«Цяпер гэта даволі распаўсюджаны трэнд: па некалькі чалавек у дзень паведамляюць пра тое, што да іх прыйшлі прадстаўнікі МУС, часта ў суправаджэньні аўтаматчыкаў, праводзяць вобшукі, агляды. Пры гэтым не абцяжарваючыся нейкімі сур’ёзнымі законнымі абгрунтаваньнямі сваіх дзеяньняў», — кажа Павал Сапелка.

Звычайна пасьля гэтых вобшукаў, аглядаў, праверкі кампутараў, усіх носьбітаў інфармацыі некаторых грамадзян дастаўлялі на допыты, а некага пакідалі дома.

«Зразумела, што для нас гэта сьведчыць пра хвалю ціску на тых, хто быў назіральнікам на выбарах 2020 году. Відаць, гэта зьвязана з тым, што набліжаецца анансаваны ўладамі рэфэрэндум. Мы, канечне, ня ведаем, адбудзецца ён ці не, але, ва ўсякім разе, поле для яго зачышчаюць. Часта гэтыя напады, атакі суправаджаюцца зборам розных расьпісак пра тое, што людзі папярэджаныя пра няўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах і іншых актах грамадзянскай актыўнасьці», — кажа Павал Сапелка.

«Да рэфэрэндуму рыхтуемся ня толькі мы, але і рэжым»

У ініцыятыве «Честные люди» паведамілі, што базы незалежных назіральнікаў не існуе, бо яны не былі зарэгістраваныя. Аднак там сьцьвярджаюць, што ёсьць разнарадка на вобшукі ў пяці тысяч актывістаў.

«Честные люди» спасылаюцца на інфармацыю з інсайдэрскіх крыніц і чат-бота «Диалог с народом», дзе ёсьць чыноўнікі, якія цяпер працуюць у сыстэме альбо звольніліся адтуль, а таксама на зьвесткі ад актывістаў.

«Апошнія два тыдні рэжым актывізаваўся, ціск павышаецца. Гаворка ідзе пра актывістаў 2020–2021 гадоў, якія па-рознаму сябе праявілі, сярод іншага і ў якасьці назіральнікаў. На назіральнікаў пайшла атака, пайшлі ператрусы», — кажа кіраўніца «Честных людей» Алена Жываглод.

У назіральнікаў праводзілі ператрусы і канфіскоўвалі тэхніку.

«Нам у бот „Диалог с народом“ прыйшла інфармацыя, што існуе сьпіс пытаньняў, якія задаюць пры вобшуку і калі выклікаюць на допыт. Яны тычацца супольнасьці „Честные люди“: ці былі вы яе ўдзельнікам і ці зьяўляліся назіральнікам. Пытаюцца, ці зьяўляецеся вы падпісчыкам „Зубра“, „Голасу“ і „Честных людей“, а таксама прызнаных экстрэмісцкімі каналаў „Буслы ляцяць“, руху „Супраціў“ і іншых», — кажа Алена Жываглод.

Узмацненьне ціску на актывістаў у ініцыятыве «Честные люди» зьвязваюць з магчымым рэфэрэндумам.

«Да рэфэрэндуму рыхтуемся ня толькі мы, але і рэжым. Рэжым Лукашэнкі баіцца пратэставай яўкі, баіцца нязгодных людзей. Адсюль іх рэакцыя — падвышэньне рэпрэсій і ціск на грамадзян. Мы разумеем, што ім важна цяпер зрабіць паказальныя затрыманьні з пакаяннымі відэа, каб запужаць народ і адбіць ахвоту. Пры вобшуках людзей пытаюць, ці плянуюць яны ісьці назіральнікамі на рэфэрэндум, і не рэкамэндуюць гэта рабіць».

«Пыталіся ў нашых бацькоў, дзе мы»

Аляксей (імя зьмененае. — РС) разам з жонкай удзельнічаў у назіраньні ў жніўні 2020 году. Назіралі за выбарамі на адным з участкаў у школе ў Менску. У жніўні 2021 году яны паехалі за мяжу ў доўгатэрміновы адпачынак.

«Але прадстаўнікі СК прыйшлі 6–7 сьнежня па месцы нашай рэгістрацыі. Я зарэгістраваны ў абласным цэнтры, жонка — у адной зь вёсак. Апыталі бацькоў — дзе мы, дзе працуем, ці прыяжджаем дахаты. Вобшук правялі для адводу вачэй, нічога не забралі», — зазначыў Аляксей.

Ён зьвязвае вобшукі з удзелам у назіраньні. «На акцыях мы не трапляліся міліцыі. Якія яшчэ могуць быць прычыны пошукаў нас — ня ведаю, апроч назіраньня на выбарах», — дадаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG