Прычынай палітычнага скандалу стаў авансавы плацёж, які «Беларуськалій» пералічыў Літоўскай чыгунцы за перавозку ўгнаеньняў у сьнежні і часткова ў студзені. Іншымі словамі, ужо пасьля пачатку дзеяньня амэрыканскіх санкцый.
У канцы мінулага тыдня Марус Скуодзіс заявіў, што зьбіраецца ўнесьці ва ўрад праект аб увядзеньні санкцый супраць «Беларуськалія» на нацыянальным узроўні.
«Спадзяюся, што разам зь Міністэрствам замежных спраў, якое адказвае за санкцыйную палітыку, мы хутка прымем аптымальнае рашэньне і спынім транспартаваньне ўгнаеньняў празь Літву», — напісаў Марус Скуодзіс на сваёй старонцы ў Facebook.
Стала вядома, што вытворца ўгнаеньняў «Беларуськалій», які знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, унёс перадаплату Літоўскай чыгунцы (Lietuvos gelezinkeliai) ужо пасьля набыцьця моцы санкцыямі 8 сьнежня.
Паколькі з уступленьнем амэрыканскіх санкцый «Беларуськалій» працягнуў транзыт сваіх тавараў празь Літву, дзяржаве нанесеная вялікая рэпутацыйная шкода, перакананыя Марус Скуодзіс і Габрыелюс Ландсбергіс.