Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства транспарту Літвы падрыхтавала законапраект аб забароне транзыту зь Беларусі


Паводле зьвестак агенцтва BNS, рэалізацыя гэтай меры зробіць немагчымым транзыт угнаеньняў кампаніі «Беларуськалій» праз тэрыторыю Літвы.

Паводле ТАСС, Міністэрства транспарту і камунікацый Літвы падрыхтавала законапраект, які забараняе транзыт тавараў зь Беларусі.

Паводле яго інфармацыі, у законапраекце, які ведамства зарэгістравала 10 сьнежня, зьмяшчаецца прапанова ўраду і Сэйму Літвы накласьці санкцыі на імпартаваную зь Беларусі прадукцыю, якая закупляецца непасрэдна або пастаўляецца з гэтай краіны ўскосна. Рэалізацыя такой меры прадухіліць транзыт угнаеньняў беларускай кампаніі «Беларуськалій» праз тэрыторыю Літвы, гаворыцца ў паведамленьні.

«Угоды, заключаныя да ўвядзеньня санкцый у Літве, неадкладна павінны быць скасаваныя ў аднабаковым парадку або пры згодзе бакоў, або іх выкананьне мусіць быць спынена на час дзеяньня санкцый, — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да законапраекту. — Забараняецца заключаць пагадненьні, рэалізацыя якіх супярэчыла б дзейным у Літве санкцыям».

Як сьцьвярджае Міністэрства транспарту і камунікацый Літвы, законапраект накіраваны на гарантаваньне інтарэсаў бясьпекі, якія парушаюцца Беларусьсю з дапамогай гібрыднай агрэсіі. Раней у панядзелак міністар камунікацый і транспарту Літвы Марус Скуодзіс паведаміў, што падаў прэм’ер-міністру Інгрыдзе Шыманіце заяву аб адстаўцы з прычыны сытуацыі вакол транзыту ўгнаеньняў беларускай кампаніі «Беларуськалій».

  • 9 жніўня ЗША ўвялі санкцыі супраць дзясяткаў беларускіх кампаній, уключаючы ААТ «Беларуськалій», якія набылі моц 8 сьнежня. Аднак літоўская дзяржаўная кампанія Lietuvos geležinkeliai (LG) заяўляла 8 сьнежня, што грузы «Беларуськалію» будуць праходзіць празь Літву да студзеня. Гэта азначае, што, як і раней, праз тэрыторыю Літвы будуць праходзіць па шэсць-дзевяць саставаў за суткі. Паводле дамовы з LG беларускі бок ужо загадзя разьлічыўся за правоз гэтых грузаў.

Што варта ведаць пра санкцыі ЗША

Першыя санкцыі, якія ўвяла адміністрацыя прэзыдэнта Джорджа Буша пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 годзе, прадугледжвалі блякаваньне ўласнасьці і актываў групы высокіх чыноўнікаў, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам. Санкцыі распаўсюджваліся таксама і на сем’і гэтых чыноўнікаў. Ім таксама забаранілі ўезд на тэрыторыю ЗША.

Пазьней асобам, у тым ліку і новым, якія папоўнілі сьпісы, забаранілі мець актывы на тэрыторыі ЗША і весьці бізнэс з амэрыканскімі партнэрамі.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі напрыканцы 2010 году ЗША пашырылі сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЗША. Акрамя таго, грамадзянам ЗША забаранілі весьці бізнэс зь дзяржаўным канцэрнам «Белнафтахім» і шэрагам іншых прадпрыемстваў. Гэтак Злучаныя Штаты адрэагавалі на рэпрэсіі пасьля выбараў, у тым ліку на зьняволеньне шэрагу кандыдатаў у прэзыдэнты.

Пра якія беларускія прадпрыемствы ідзе гаворка

  • «Белнафтахім»,
  • «Белнафтахім ЗША»,
  • «Нафтан»,
  • «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»,
  • «Белшына»,
  • «Гродна Азот»,
  • «Гроднахімвалакно»,
  • ААТ «Лякафарба»,
  • ААТ «Полацак-Шкловалакно».

Прадпрыемствам i грамадзянам ЗША было забаронена ўступаць у эканамічныя і фінансавыя дачыненьні з гэтымі арганізацыямі, а ўся іх маёмасьць і рахункі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, былі замарожаныя. Да таго ж многія краіны і кампаніі адмаўляюцца працаваць з прадпрыемствамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.

  • У кастрычніку 2015 году Міністэрства фінансаў ЗША прыпыніла санкцыі супраць гэтых дзевяці беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з «пэўным прагрэсам у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека», а таксама з мэтай падтрымкі незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.
  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году і рэпрэсій, якія адбыліся пасьля іх, ЗША аднавілі санкцыі ад 3 чэрвеня 2021 году. Адпаведнае рашэньне 19 красавіка 2021 году апублікавала Міністэрства фінансаў ЗША.​ Злучаныя Штаты дабіваюцца вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG