Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Літвы заявіў пра магчымую адстаўку ў сувязі са скандалам вакол транзыту «Беларуськалію»


Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс
Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс

Кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што гатовы пайсці ў адстаўку праз сытуацыю зь беларускімі ўгнаеннямі, таму што Літве нанесена рэпутацыйная шкода.

Габрыелюс Ландсбергіс паведаміў 8 сьнежня пра гэты намер прэм’ер-міністру. Ён заявіў, што падасьць у адстаўку, калі высьветліцца, што вытворца ўгнаеньняў «Беларуськалій», які знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, унёс перадаплату Літоўскай чыгунцы (Lietuvos gelezinkeliai) ужо пасьля набыцьця сілы санкцыямі 8 сьнежня. Міністра цытуе Delfi.lt.


«Сёньня я сказаў прэмʼер-міністру, папраўдзе ўчора ўвечары, што я гатовы пайсьці ў адстаўку і я чакаю рашэньня прэмʼер-міністра», — сказаў Ландсбергіс журналістам у Сэйме Літвы ў чацьвер 9 сьнежня.

«Я разумею, якая рэпутацыйная шкода нанесеная Літве», — адзначыў кіраўнік літоўскай дыпляматыі. З уступленьнем у сераду амэрыканскіх санкцый «Беларуськалій» працягвае транзыт сваіх тавараў празь Літву.

Што гавораць у Літоўскай чыгунцы

Літоўская чыгунка можа спыніць транзыт беларускага калію, калі такое рашэньне прыме ўрад альбо будуць больш жорсткімі эўрапейскія санкцыі. Пра гэта ў эфіры тэлеканалу LRT паведаміў кіраўнік Lietuvos geležinkeliai Мантас Бартушка.

Паводле яго, дзейны кантракт быў падпісаны ў 2018 годзе. Ён не падпадае пад санкцыі, уведзеныя ЭЗ у чэрвені сёлета. Акрамя таго, з гэтых санкцый выключаны асноўныя віды калійных угнаеньняў. Бартушка адзначыў, што дамова зь беларускім бокам прадугледжвае кампэнсацыі ў выпадку парушэньня абавязанняў. У жніўні ЗША ўвялі санкцыі супраць «Беларуськалію», якія набылі моц 8 сьнежня. Яны непасрэдна не распаўсюджваюцца на літоўскія кампаніі, але могуць стаць перашкодай для разьлікаў паміж контрагентамі.

«Каб у нас не было сытуацыі, калі мы аказваем паслугі, а плацяжы ў нейкі момант завісаюць. Ужо ў лістападзе заказчык быў змушаны заплаціць аванс, але на працягу лістапада ён унёс дадатковыя авансы. Гэта было зь яго ініцыятывы, без узгадненьня, мы проста атрымалі ў банк лішнія сродкі. Як вядома, банкаўскія транзакцыі адбываюцца аўтаматычна, у кампаніі няма кнопкі ні прыняць, ні адхіліць. Паколькі паслугі аплачаныя, мы павінны выканаць дамову, таму што ў адваротным выпадку неабходна адмяніць яе альбо рашэньне дзяржаўных органаў, альбо ўвядзеньнем эўрапейскіх санкцый», — патлумачыў Бартушка.

У выніку на працягу сьнежня літоўскія чыгункі перавязуць амаль 1 млн т угнаеньняў.

Бартушка адзначыў, што праз санкцыі страты чыгункі могуць скласьці 120 млн эўра.

  • 2 сьнежня ЭЗ увёў у дзеяньне пяты пакет санкцый у дачыненьні да Беларусі, у яго ўключаны 17 фізычных асоб і 11 арганізацый.
  • Міністэрства фінансаў ЗША таксама ўвяло абмежаваньні ў адносінах да дзяржаўных даўгавых папер Беларусі, забараніўшы апэрацыі з новымі даўгавымі абавязаньнямі рэспублікі, выпушчанымі пасьля 2 сьнежня, з тэрмінам пагашэньня больш за 90 дзён.
  • Акрамя гэтага, з прычыны міграцыйнага крызісу і ўшчамленьня грамадзянскіх свабод у рэспубліцы ў санкцыйныя сьпісы былі ўнесены 20 фізычных і 12 юрыдычных асоб, а таксама тры паветраныя судны.
  • Пра далучэньне да дадатковых амэрыканскіх і эўрапейскіх санкцый абвясьцілі таксама ўлады Вялікай Брытаніі і Канады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG