Паводле DW, новая міністарка замежных спраў Нямеччыны Анналена Бэрбак цяпер ня бачыць падстаў для ўводу ў эксплюатацыю спрэчнага газаправоду «Паўночны паток – 2».
Акрамя таго, паводле яе, зразумела, што «ў выпадку далейшай эскаляцыі (расейска-ўкраінскага канфлікту. — Рэд.) гэты трубаправод больш ня можа быць падключаны да сеткі». Гэта было ўзгоднена ранейшым фэдэральным урадам з Кангрэсам ЗША, удакладніла кіраўніца МЗС Нямеччыны.
У сваім пагадненьні бакі нямецкай урадавай кааліцыі замацавалі палажэньне аб тым, што да энэргетычных праектаў, да якіх адносіцца і «Паўночны паток – 2», прымяняецца эўрапейскае энэргетычнае заканадаўства, падкрэсьліла Аналена Бэрбак. «І гэта азначае, што ў цяперашнім выглядзе гэты трубаправод ня можа быць ухвалены, бо ён не адпавядае патрабаваньням эўрапейскага энэргетычнага заканадаўства, а пытаньні бясьпекі ў любым выпадку застаюцца нявырашанымі», — адзначыла палітык.
Бэрбак за перамовы з Расеяй аб Украіне
Закранаючы тэму ўкраінскага канфлікту, Бэрбак у інтэрвію ZDF падкрэсьліла, што прызнаньне «сувэрэнітэту Ўкраіны застаецца асновай для ўсіх нашых дзеяньняў і для ўсіх перамоваў» з Расеяй. Пры гэтым кіраўніца МЗС Нямеччыны падкрэсьліла, што «дзьверы для перамоваў заўсёды і ў любы час адчыненыя». Таму краіны, якія ўваходзяць у «Групу сямі» («Вялікая сямёрка», G7), гатовыя паспрабаваць вярнуцца да «нармандзкага» фармату перамоваў з Расеяй, сказала кіраўніца нямецкага замежнапалітычнага ведамства.
За апошнія тыдні Расея разьмясьціла дзясяткі тысяч салдат на мяжы з Украінай. Гэта ўзмацняе асьцярогі на Захадзе з нагоды магчымага ўварваньня расейскага войска ў суседнюю краіну. Масква гэта адхіляе і, у сваю чаргу, абвінавачвае ўрад у Кіеве ў правакацыях.
«Цяпер мы знаходзімся на той стадыі, калі мы хочам зрабіць усё, каб перамовы маглі адбыцца зноў, таму што яны — найлепшы і самы надзейны спосаб пазьбегнуць далейшай эскаляцыі», — указала Бэрбак.
- Мінулым летам ЗША і ўрад Нямеччыны пад кіраўніцтвам тагачаснага канцлера Ангелы Мэркель у сумеснай заяве перасьцераглі Расею ад «выкарыстаньня энэргарэсурсаў у якасьці зброі або далейшых агрэсіўных дзеяньняў супраць Украіны». У гэтым выпадку Нямеччына будзе «дзейнічаць на нацыянальным узроўні і на ўзроўні Эўрапейскага Зьвязу і дабівацца прыняцьця эфэктыўных захадаў, у тым ліку санкцый, для таго, каб абмежаваць магчымасьці Расеі па экспарту ў энэргетычны сэктар Эўропы, уключаючы экспарт газу», гаварылася ў заяве.