Блізіцца Новы год, а гэта значыць, што па сацыяльных прытулках і дзіцячых дамах вось-вось пачнецца вялікае турнэ дарослых. Гэтыя дарослыя звычайна хочуць зрабіць нешта добрае для дзяцей, але — хто празь недахоп інфармацыі, хто празь нежаданьне надта напружвацца — абіраюць гэты салодкі маратон.
Дзяржаўнае агенцтва БелТА ўжо адсправаздачылася, што 14 сьнежня пачнецца навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». І гэта кепска.
Зразумейце правільна — я ня супраць таго, каб дзеці мелі сьвята і падарункі. Але я супраць таго, каб салодкія турнэ адбываліся ўзамен рэальнай дзяржаўнай падтрымкі. А цяпер так яно і ёсьць.
І ўвогуле, у такой форме сьвята — прыехалі незнаёмыя людзі, закідалі падарункамі і зьехалі — няма для дзяцей у інтэрнатах нічога добрага. Установа «Нити дружбы», якая дапамагае сацыялізавацца дзецям, што растуць без бацькоў, падрабязна тлумачыць, чым шкодныя гэтыя салодкія гастролі. Яны толькі пагаршаюць разлад прывязанасьці, зь якім растуць усе дзеці ў такога кшталту ўстановах. У іх няма блізкага дарослага чалавека, зь якім выбудавалася б здаровая прывязанасьць, а «набегі» з кіляграмамі цукерак узмацняюць іх бачаньне дарослых як людзей, на якіх нельга абаперціся, але ад якіх можна атрымаць матэрыяльныя выгоды.
Вось і атрымліваецца, што сыстэмы патранату і настаўніцтва ў Беларусі не разьвіваюцца, дзеці пасьля інтэрнатаў пачынаюць дарослае жыцьцё абсалютна непрыстасаванымі, але дзяржаву такая драбяза ня надта цікавяць, бо з фармальнымі паказчыкамі ў яе ўсё добра. Інтэрнаты рэгулярна наведваюцца, цукеркі адвозяцца. Усё гэта апісваецца ў адпаведных справаздачах, усе атрымліваюць свае прэміі, а некаторыя яшчэ і страшэнна ганарацца сабой, бо ашчасьлівілі «бедных сіротачак» салодкімі падарункамі.
Але сапраўды страшна нават ня тое, што дарослыя адкупляюцца ад дзяцей цукеркамі, а тое, што дзяржава ў Беларусі робіць усё магчымае, каб ніякай іншай дапамогі гэтыя дзеці не атрымалі. Пасьля ліквідацыі адной толькі плятформы «Имена» шмат праектаў, накіраваных на сапраўдную дапамогу дзецям, аказаліся пад пагрозай.
На «Именах» зьбіралі грошы і для «Нитей дружбы», і для праекту «Няня вместо мамы», дзякуючы якому маленькія дзеці, у якіх няма бацькоў, мелі ў лякарнях клопат і ўвагу. Там жа зьбіралі грошы на выязную службу дзіцячага хосьпісу, на сховішча для жанчын і дзяцей, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, на дом для дзяцей з анкалягічнымі хваробамі і на іншыя вельмі важныя сацыяльныя праекты, якія сапраўды дапамагалі дзецям.
І ліквідавалі ж ня толькі «Имена» — ліквідавалі больш за 250 недзяржаўных арганізацый. Арганізацый, якія шмат у чым «закрывалі дзіры» і літаральна ратавалі людзей. Чаму б цяпер БелТА не адсправаздачыцца, як чынавенства і сілавікі калечаць і забіваюць дзяцей гэтым крыжовым паходам на НДА? Чаму б не расказаць, колькім дзецям мог дапамагчы апарат ШВЛ, адабраны ў дзіцячага хосьпісу?
На гэтых дзяцей, на дзяцей палітвязьняў і на тых дзяцей, якія самі сталі палітвязьнямі, дзяржаве пляваць. Яны руйнуюць сьвяточны настрой, і цукеркамі ад іх не адкупіцца.
Вы можаце спытацца, да чаго тут увогуле палітвязьні. І я адкажу: да таго, што ў Беларусі больш няма ізаляваных сацыяльных праблем. Яны і раней былі ўсе зьвязаныя, але гэта было ня так відавочна. Цяпер жа бачна ўсім — калі адной рукой дзяцей закідваюць цукеркамі, а другой — саджаюць у турму і катуюць... гэта ня клопат і не любоў. Гэта бесчалавечнасьць і цынізм, пра якія абавязкова трэба гаварыць. Каб людзі, якія ўсё гэта робяць, ведалі: мы бачым і запамінаем.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.