Ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру – адзін з заснавальнікаў «Новой газеты» Дзьмітрый Муратаў і філіпінская журналістка Марыя Рэса, якая ўзначальвае апазыцыйны сайт Rappler, даюць прэс-канфэрэнцыю. Пачатак а 15:00 паводле менскага часу.
Аб прысуджэньні Дзьмітрыю Муратаву Нобэлеўскай прэміі міру – за «намаганьні па захаваньні свабоды думкі як абавязковай умовы для дэмакратыі і міру» – абвясьцілі 8 кастрычніка. Уладзімір Пуцін асабіста не віншаваў журналіста, які стаў чацьвёртым грамадзянінам Расеі, каго ўганаравалі гэтай узнагародай. Ад імя Крамля галоўнага рэдактара «Новой газеты» павіншаваў прэс-сакратар прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў. На сэсіі «Расейскага энэргетычнага тыдня» ў Маскве Пуцін пракамэнтаваў магчымасьць уключэньня Муратава ў сьпіс «замежных агентаў». Прэзыдэнт тады заявіў, што Муратаў не павінен «прыкрывацца» Нобэлеўскай прэміяй, а калі ён парушыць закон, «яна яго ня выратуе».
«Новая газета» займаецца журналісцкімі расьсьледаваньнямі і рэпартажамі. Зь яе старонак расіяне даведаліся аб забойстве і згвалтаваньні чачэнскай дзяўчыны Эльзы Кунгаевай, за якое быў асуджаны палкоўнік расейскай арміі Юрый Буданаў. Журналісты «Новай» расьсьледавалі дзеяньні расейскіх уладаў падчас вызваленьня закладнікаў «Норд-Оста» і Бяслану. За час існаваньня выданьня былі забітыя чатыры журналісты «Новай», уключаючы Ганну Паліткоўскую, а таксама адвакат і праваабаронца, якія супрацоўнічалі з газэтай. Дзьмітрый Муратаў заявіў, што прысьвячае ім сваю прэмію.
Разам з Муратавым прэмію міру атрымала філіпінская журналістка, якая ўзначальвае апазыцыйны сайт Rappler, Марыя Рэса. Прэзыдэнт Філіпін Дутэртэ называў яе ворагам народу, а дзяржаўныя СМІ заяўляюць, што яна зьвязаная з ЦРУ. Для заходніх мэдыяў журналістка – гераіня, адважны змагар за свабоду слова і асабісты вораг прэзыдэнта. Сайт Рэсы Rappler, які расьсьледуе наркамафію, адбіваецца ад судовых пазоваў.
Сярод фаварытаў на атрыманьне сёлетняй прэміі міру была і беларуска Сьвятлана Ціханоўская.