Яе аўтары — заснавальнікі ініцыятывы «Ўмовы для мовы» Ігар Случак і Аліна Нагорная, жыхары вёскі Перасека на Рагачоўшчыне.
«Або чакаць цуду, або ўзяць справу ў свае рукі»
«Калі пераехалі ў вёску, жахнуліся, як усё занядбана! — кажа Свабодзе Ігар Случак. — Дарога разьбітая, прыпынкі страшныя, усё паламанае. Зразумелі, што ў нас два шляхі: або бязвольна чакаць, калі стане камфортна (і ніколі не дачакацца), або ўзяць справу ў свае рукі. Падышлі да справы юрыдычна: вывучылі профільнае заканадаўства і распрацавалі звароты. Дасылалі іх у розныя інстанцыі: ад выканкаму, санстанцыі, ЖКГ і энэргазбыту да Камітэту дзяржкантролю і міністэрстваў».
І гэта спрацавала. Дарогу на іхнай вуліцы адрамантавалі, з калодзежа стала ня страшна браць ваду, зьявіўся пешаходны пераход, новыя дарожныя знакі і ўказальнікі, прыпынкі палепшыліся, сьвятло перастала зьнікаць. Вёска зьмянілася, стала ўтульней і прыгажэй.
«У выніку мы напісалі кнігу, каб падзяліцца нашым рэальным досьведам, каб і вы таксама маглі зрабіць жыцьцё ў сваёй вёсцы больш камфортным! „Абаронім вёску“ — практычны дапаможнік для кожнага, хто гатовы бараніць свае законныя правы. Тут вы знойдзеце неабходную інфармацыю, звароты і нашыя парады», — адзначыў Ігар Случак.
Кніга «Абаронім вёску» складаецца зь некалькіх разьдзелаў, кожны ўтрымлівае практычныя парады. Як пісаць звароты, каб іх ня выкінулі ў сьметніцу ці, у лепшым выпадку, не паклалі пад сукно?
«Усе прыклады ў кнізе правераныя на сабе»
Аўтары тлумачаць, навошта «бамбіць» допісамі зацікаўленыя структуры, куды найлепш пісаць і калі павінен прыйсьці аргумэнтаваны адказ.
«Усе звароты, што ёсьць у кнізе, мы дасылалі самі, і яны спрацавалі. Некаторыя ня зь першага разу, але ёсьць інструкцыі і на такія выпадкі», — кажа Ігар Случак.
У кнізе ёсьць гатовыя ўзоры, якімі кожны можа скарыстацца «тут і цяпер».
«Уключылі тэлевізар, і лямпачка прытухла? Часам міргае або зьнікае сьвятло? Плавіцца праводка? Дашліце зварот, каб праблемы з электраэнэргіяй вырашыліся! Бо такія праблемы ня толькі непрыемныя, а і вельмі небясьпечныя», — далучаецца Аліна Нагорная.
Якія праблемы варта ўздымаць? Усе, што прыносяць дыскамфорт, перакананыя аўтары: адрамантаваць калодзеж, праверыць ваду, падвысіць якасьць інтэрнэту, зрабіць навес на прыпынку, «залатаць» дарогу, абазначыць пешаходны пераход, наладзіць своечасовы вываз сьмецьця і многія іншыя.
«Калі пераехалі ў Перасеку, першым чынам пайшлі да суседзяў запытаць пра ваду. Даведаліся, што яна ў калодзежах „цудоўная“ — празрыстая і смачная, а таму добрая. Мы ўсё адно вырашылі праверыць, бо калі што ня так, можна хутка сапсаваць здароўе.
Напісалі зварот у раённую санстанцыю. Прыехалі, узялі пробу: нітратаў амаль у 4 разы больш за норму! Такое ўвогуле нельга піць!» — кажа Ігар Случак, нагадваючы, што ваду ў грамадзкім калодзежы або цэнтралізаваным водаправодзе павінны праверыць бясплатна.
Калі ж пасьля праверкі яшчэ знайшлі і шкодныя рэчывы, варта даслаць зварот, каб падвозілі пітную ваду, бо так вызначае закон, дадае Аліна Нагорная.
«Аўтар звароту ў любым выпадку пераможца»
Што рабіць, калі «слугі народу» «ўключаюць дурня» ці хочуць дыстанцыявацца ад вырашэньня пытаньняў?
«Чыноўнікі ня хочуць перапрацавацца, таму — ваш зварот „згубіўся“, адказалі абы-што дзеля птушачкі і г.д. Гэта ўсё папулярныя сытуацыі, — пералічвае Аліна Нагорная. — Але калі нешта такое здарылася, ня трэба здавацца! Мы сабралі парады і прыклады заяваў, якія сапраўды працуюць. Усё, што напісана ў кнізе, неаднаразова праверана намі на практыцы».
Таксама ў выданьні ёсьць адрасы выканкамаў і міністэрстваў, якія могуць спатрэбіцца для зваротаў.
Нарэшце, чаму важна пісаць звароты ў дзяржаўныя службы? Вось як адказваюць Аліна Нагорная і Ігар Случак, зыходзячы з уласнага досьведу.
— Вы плаціце падаткі, калі працуеце, калі ідзяце ў краму, калі запраўляеце машыну. Адпаведна, вам і вырашаць, на што яны пойдуць — на тое, што важна для вас, або на флагшток за 500 тысяч даляраў ці прыбіральню за мільён даляраў у Гомлі.
Таксама сваімі падаткамі вы ўжо аплацілі час чыноўнікаў і супрацоўнікаў розных службаў і маеце поўнае права патрабаваць ад іх выкананьня сваіх працоўных абавязкаў.
— Вы рэальна мяняеце сытуацыю. Можна чакаць, што ўсе праблемы самі вырашацца — дарога, па якой вы езьдзіце, сама адрамантуецца, электрычнасьць проста так перастане зьнікаць, аўталаўку ня трэба будзе чакаць гадзіну на марозе.
Можна скардзіцца на жыцьцё і казаць, што нічога ня зьменіцца, а можна напісаць зварот. Такім чынам вы актуалізуеце пэўную праблему сярод тых, хто яе можа вырашыць.
— Вы так ці інакш перамагаеце. Калі абгрунтаваныя патрабаваньні ня будуць задаволеныя, дык атрымаеце зафіксаваныя доказы парушэньня вашых правоў — афіцыйны адказ на зварот. А калі патрабаваньні будуць задаволеныя — гэта будзе перамога ня толькі для сябе, а і для тых, хто побач.
У любым выпадку сваім зваротам вы паспрыяеце вырашэньню праблемы — калі не адразу, то ў доўгатэрміновай пэрспэктыве.
«Падорым кнігу кожнаму, хто будзе ёю карыстацца»
Кожны ахвотны вясковец атрымае кнігу-дапаможнік бясплатна, абяцае Аліна Нагорная.
«Мы рабілі кнігу, якая дапаможа людзям станоўча зьмяніць сваю краіну. Беларусь складаецца зь вёсак, вялікіх і малых гарадоў, і ад кожнага з нас залежыць, якой яна будзе заўтра. Мы любім сваю радзіму і ўпэўненыя, што яна можа стаць лепшай. Таму падорым кнігу кожнаму, хто будзе ёю карыстацца. Напішыце ў Інстаграм ці ў Фэйсбук. Адзінае, сьпяшайцеся, колькасьць асобнікаў абмежаваная!» — запрашае да супрацы моўная актывістка.
Калі зручней карыстацца не папяровымі дапаможнікамі, а сучаснымі носьбітамі, аўтары раяць сачыць за навінамі. Неўзабаве зьявіцца тэлеграм-бот — вэрсія кнігі ў электронным варыянце.