6 сьнежня кампанія Menu.by перастала прымаць замовы. Кіраўніцтва службы заявіла, што пачала працэс ліквідацыі праз адсутнасьць інвэстыцый.
Menu.by — гэта армянскі сэрвіс, які ў 2016 годзе адкрыў рэгіянальнае падразьдзяленьне ў Беларусі. Заснавальнік і дырэктар кампаніі — Ваган Кераб'ян, цяперашні міністар эканомікі Армэніі.
Беларуская філія «Menu Group UK Ltd» спрыяла многім гуманітарным, моўным, дзіцячым праектам — сям’я Кераб'янаў выхоўвае пяцёх дзяцей.
Летась падчас абвастрэньня сытуацыі ў Нагорным Карабаху Ваган Кераб'ян выправіўся туды добраахвотнікам на баку Ўзброеных сіл Армэніі. Пасьля заканчэньня канфлікту атрымаў прапанову стаць чыноўнікам ва ўрадзе.
26 лістапада 2020 году прэзыдэнт Армэніі Армэн Саркісьян падпісаў указ аб прызначэньні Вагана Кераб'яна на пасаду міністра эканомікі. Прызначэньне было зроблена на прапанову прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна.
Праз новы этап біяграфіі Ваган Кераб'ян пакінуў бізнэс, служба дастаўкі Menu.by у Менску працавала пад началам іншых мэнэджараў. 6 сьнежня рада дырэктараў кампаніі абвясьціла пра пачатак працэсу ліквідацыі.
Прычынай ліквідацыі называюцца заплянаваныя, але не рэалізаваныя дамовы аб продажы або зьліцьці зь міжнароднымі службамі дастаўкі на 10 мільёнаў даляраў.
Застаўшыся без інвэстыцый, Menu.by апынулася на мяжы банкруцтва. Тады кіраўніцтва прыняло рашэньне не аднаўляць фінансаваньне, а ліквідаваць бізнэс.