Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як у 1937-м». Сяброўка Бабарыкаў Купрэева дала першае інтэрвію пасьля вызваленьня з «амэрыканкі»


Сьвятлана Купрэева, сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі і каардынатар па адным з раёнаў Менску.
Сьвятлана Купрэева, сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі і каардынатар па адным з раёнаў Менску.

Сьвятлану Купрэеву, дачку беларускага паэта Міколы Купрэева і блізкую сяброўку сям’і Бабарыкаў, затрымалі за тыдзень да арышту Віктара і Эдуарда. 16 месяцаў яна правяла ў «амэрыканцы», за гэты час страціла працу бухгальтаркі.

У інтэрвію сайту babariko.vision жанчына ​ўпершыню пасьля вызваленьня расказала пра жыцьцё за кратамі.

Падчас перадвыбарнай кампаніі Сьвятлана Купрэева каардынавала збор подпісаў у падтрымку Віктара Бабарыкі ў адным з раёнаў Менску. 11 чэрвеня 2020 году яе затрымалі. Тры месяцы яна правяла ў адзіночнай камэры, дзе пачала пісаць вершы, а сёлета стала ляўрэаткай прэміі імя Францішка Аляхновіча.

11 кастрычніка Сьвятлане Купрэевай зьмянілі меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе і вызвалілі. Яе абвінавачваюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у буйным памеры.

«Як у 1937-м: раніцай званок у дзьверы, санкцыя на ператрус, а мяне павезьлі ў ДФР. Потым да паўночы ў СІЗА КДБ, у чаканьні супрацоўніцы для асабістага агляду зьмясьцілі ў абабіты дэрматынам „мяккі пакой“ бяз вокнаў. Як камэра катаваньняў. Нарэшце адправілі наверх у звычайную камэру», — згадвае Сьвятлана Купрэева пачатак турэмнага маратону.

Праз тыдзень затрымалі Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. Кажа, што ў той вечар чула ягоны голас, калі прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта прывезьлі на допыт.

«Мне тады прысьніўся такі сон. Гутарым зь Віктарам Дзьмітрыевічам аб надворʼі, ён кажа: „Усё выправіцца, але трэба, каб прайшоў шторм!“. А потым, калі была ноч з 9 на 10 жніўня, і ўсё выбухала, грукатала, я ляжала і думала: можа, гэта і ёсьць шторм?» — расказвае яна, наракаючы, што практычна ўсе падзеі 2020 году прайшлі міма.

Нейкія навіны атрымлівала з «Камсамолкі» і «Новага часу», што вельмі падтрымлівала. А яшчэ праявы вулічнай салідарнасьці зь Віктарам Бабарыкам — машыны ў цэнтры Менску сыгналілі ад моманту ягонага затрыманьня і да кастрычніка.

«Нібы чума». Менск уразіў пустатой

Сьвятлана Купрэева прызнаецца, што зьмена меры стрыманьня была нечаканай, хоць яшчэ ад чэрвеня намякалі, што хутка выйдзе на волю — адразу пасьля суду над Бабарыкам.

«Шчыра кажучы, мяне як толькі пасадзілі, я была ўпэўненая, што мяне вось-вось выпусьцяць. Ну максымум праз два месяцы — пасьля выбараў. Але так усё зацягнулася. Мяне вызвалілі каля 8-й вечара, вывелі за браму, дапамаглі несьці торбу. Ні грошай, ні тэлефона. Падышла да першай машыны з боку кінатэатру „Перамога“, папрасіла дапамагчы выклікаць таксі, ківаю ў бок СІЗА. Людзі далі 10 рублёў са словамі: „Вы за нас за ўсіх адсядзелі. Вяртаць ня трэба“. Кранула вельмі гэтая праява салідарнасьці».

Па словах жанчыны, Менск уразіў пустатой, адсутнасьцю людзей на вуліцах. «Нібы чума», — кажа яна.

За час зьняволеньня Сьвятлана Купрэева страціла працу — як бухгальтар суправаджала бізнэс паводле спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня. Кліенты чакалі нават першыя паўгода, але ніхто не пратрымаецца без бухгальтара 16 месяцаў. Цяпер яна шукае працу.

Маючы вольны час, шмат піша лістоў, у тым ліку жанчынам, зь якімі разам сядзела. А вось у СІЗА КДБ ніводзін допіс не прапусьцілі, уключна з Эдуардам Бабарыкам. Затое зь ягоным бацькам ліставаньне паступова наладзілася.

«Лісты Віктара Дзьмітрыевіча вельмі аптымістычныя. У нас шмат агульных успамінаў, гэткая асабістая перапіска. Пастаянна ўспамінае сваю жонку Марыну, я была сьведкай на іх вясельлі. У маладосьці мы ўвесь час кантактавалі, адпачывалі разам. Так што ёсьць што прыгадаць», — падсумавала Сьвятлана Купрэева.
Сёлета Віктара Бабарыку пакаралі 14 гадамі зьняволеньня, суд над ягоным сынам Эдуардам яшчэ не пачаўся.

Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
  • У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG