Пачатак гэтага году для Беларусі эканамісты называюць «экспартным цудам». На фоне таго, што краіны пачалі выходзіць з локдаўнаў, ён пачаў расьці.
Таваразварот Беларусі зь іншымі краінамі за студзень-верасень гэтага году склаў 67,1 мільярда даляраў, экспарт — 34 мільярды даляраў (на 32% больш, чым за такі ж пэрыяд летась), імпарт — 32,1 мільярда даляраў (на 31% больш, чым летась).
У 2020 годзе многія краіны былі ў локдаўне, але экспарт зь Беларусі сёлета вырас і ў параўнаньні з 2019 годам, калі карантыну не было. За студзень-верасень 2019 году экспарт зь Беларусі ў іншыя краіны склаў 24,1 мільярда даляраў, гэта амаль на 10 мільярдаў менш, чым за такі ж пэрыяд летась.
Экспарт у ЭЗ у параўнаньні з 2019 годам (студзень-верасень) вырас на 500 мільёнаў даляраў, экспарт у Расею вырас на 1,8 мільярда даляраў у параўнаньні з 2019 годам (студзень-верасень).
У якія краіны вырас экспарт
Экспарт у Расею вырас на 22,6% і склаў за студзень-верасень 11,6 мільярда даляраў. Імпарт з Расеі — 16,8 мільярда даляраў, або плюс 46,6% да аналягічнага пэрыяду летась. Расея — асноўны пастаўшчык нафты ў Беларусь.
Экспарт беларускіх тавараў у краіны ЭЗ вырас амаль удвая — плюс 96%, або 7 мільярдаў даляраў. Імпарт з ЭЗ вырас толькі на 3,2% і склаў 4,8 мільярда даляраў.
Якіх тавараў больш прадавалі за мяжу
Экспарт сельскагаспадарчай тэхнікі ў студзені-верасьні вырас на 27,8%, легкавых аўтамабіляў — на 79,7%, экспарт запчастак для аўтамабіляў і трактароў вырас на 20,5%, экспарт трубаў — на 37,5%.
Вырас экспарт драўнянастружкавых плітаў — на 25,8%, тэлевізараў і манітораў — на 6,9%, экспарт мэблі вырас на 28,5%.
А што з нафтапрадуктамі і ўгнаеньнямі?
Белстат схаваў дадзеныя аб экспарце па такіх стратэгічных для Беларусі таварах, як нафтапрадукты, калійныя ўгнаеньні і азотныя ўгнаеньні. Аднак дадзеныя па гэтых катэгорыях тавараў за студзень-сакавік захаваліся.
Нафтапрадуктаў за гэты час Беларусь экспартавала больш як на 1 мільярд даляраў. Асноўныя пакупнікі: Нідэрлянды (431 мільён даляраў), Україна (413 мільёнаў даляраў), Польшча (55 мільёнаў даляраў), Вялікая Брытанія (39 мільёнаў даляраў).
Калійных угнаеньняў у студзені-сакавіку Беларусь экспартавала на 609 мільёнаў даляраў. Найбольш у Бразылію (96 мільёнаў даляраў), Кітай (85 мільёнаў даляраў), ЗША (75 мільёнаў даляраў), Індыя (59 мільёнаў даляраў).
Азотных угнаеньняў за студзень-сакавік Беларусь экспартавала на 37,3 мільёнаў даляраў. Найбольш ва Ўкраіну (14 мільёнаў), Францыю (11 мільёнаў), Нідэрлянды (5 мільёнаў).
Чаму экспарт вырас
Нягледзячы на санкцыі, экспарт вырас, бо «санкцыі ня надта паўплывалі на яго». Пра гэта кажа фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.
«Санкцыі ня надта дзейнічаюць. Асабліва ў частцы найбольш важных экспартных патокаў. Калі гаварыць пра калійныя ўгнаеньні, то санкцыі там не распаўсюджваліся на большую частку пазыцый, санкцыі не распаўсюджваліся на ўжо падпісаныя кантракты. Цяпер гучаць заявы, што і далей кантракты на чыгуначныя перавозкі, на перавалку ў парты будуць дзейнічаць. Падобна, што санкцыі не закранулі нафтапрадуктаў. Самы буйны рынак у нас — ва Ўкраіне, і туды як ішоў экспарт, так і ідзе. Эканоміка Літвы моцна залежыць ад транзыту беларускіх калійных угнаеньняў, эканоміка Ўкраіны моцна залежыць ад паставак беларускіх нафтапрадуктаў», — кажа Вадзім Іосуб.
Другі фактар «экспартнага цуду» — гэта рост сусьветных цэнаў на тавары.
«Адбыўся значны рост цэнаў на нафтапрадукты, на харчаваньне, на сельскагаспадарчую сыравіну, на драўніну», — пералічвае Вадзім Іосуб.