Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страты на дзясяткі мільёнаў даляраў. Што цяпер з «Гродна Азотам», які трапіць пад санкцыі


Паводле крыніцы Радыё Свабода ў Брусэлі, у новы пакет санкцый ЭЗ увойдуць 17 чыноўнікаў і 11 арганізацый у Беларусі. Санкцыі ўхваляць 1 сьнежня, а дзейнічаць яны пачнуць з 2 сьнежня. Сярод іншага, пад санкцыі трапіць «Гродна Азот». Глядзім, што зь ім цяпер.

За год — страты на 85 мільёнаў рублёў

Згодна са справаздачай за мінулы год, разьмешчанай на адзіным партале фінансавага рынку, летась «Гродна Азот» спрацаваў зь мінусам на 85,1 мільёна рублёў. За 2019 год прадпрыемства мела прыбытак 82,3 мільёна рублёў.

Вырасла і запазычанасьць прадпрыемства: доўгатэрміновыя абавязаньні цяпер складаюць 189,5 мільёна рублёў (у 2019-м было 159 мільёнаў), кароткатэрміновыя — 453,2 мільёна рублёў (на канец 2019 году было 360 мільёнаў рублёў).

54,4% экспарту калійных угнаеньняў — у ЭЗ

Белстат закрыў апэратыўную статыстыку па экспарце мінэральных прадуктаў і азотных угнаеньняў. Па даступнай пакуль статыстыцы, за мінулы год экспарт азотных угнаеньняў складае 181 мільён даляраў на год.

54,4% ад гэтага экспарту прыпадае на краіны ЭЗ, туды экспартавалі азотных угнаеньняў на 98,4 мільёна даляраў. Найбольш азотных угнаеньняў зь Беларусі ў ЭЗ набылі Францыя — на 50,4 мільёна даляраў, Нідэрлянды — на 15,6 мільёна, і Літва — на 14 мільёнаў даляраў.

За 2021 год экспарт у ЭЗ вырас

Беларуская дзяржаўная статыстыка публікуе толькі агульныя лічбы па экспарце тавараў у ЭЗ за гэты год. Са студзеня па верасень Беларусь прадала тавараў у ЭЗ на 7 мільярдаў даляраў. Гэта 196% ад экспарту за такі ж пэрыяд мінулага году, або амаль удвая болей. І гэта больш, чым за ўвесь 2020 год (5,5 мільярда даляраў).

Паколькі асноўныя тавары, якія ЭЗ набывае ў Беларусі, — гэта нафтапрадукты, калійныя і азотныя ўгнаеньні, то відавочна, што па гэтых пунктах таксама вырас экспарт.

«Незразумела, як яны будуць дзейнічаць»

Эканаміст Дзьмітры Крук зьвяртае ўвагу, што «пакуль незразумела, ці будуць санкцыі азначаць цалкам забарону на імпарт гэтых тавараў краінамі ЭЗ».

«Пакуль няма спэцыфікацыі, ёсьць толькі інфармацыя, што „Гродна Азот“ трапіў пад санкцыі. Калі гэта поўная забарона на пастаўкі ў Эўропу, то гэта істотны выклік для прадпрыемства, якое ў высокай ступені залежнае ад гэтага рынку. Для прадпрыемства паўстане пытаньне, наколькі яны могуць пераарыентавацца на іншыя рынкі. Часткова гэта магчыма, бо іх тавар запатрабаваны ў гаспадарках Расеі і Ўкраіны. Поўная забарона паставак у ЭЗ будзе істотнай, але не катастрафічнай», — мяркуе Дзьмітры Крук.

Падсанкцыйныя тавары могуць ісьці ў абход

Напрыканцы лістапада «Эўрарадыё» выпусьціла расьсьледаваньне, зь якога вынікае, што беларускія нафтапрадукты могуць прадаваць і празь іншыя краіны. У прыватнасьці, беларускі нафтаперапрацоўчы завод «Нафтан» 6 месяцаў як працуе пад санкцыямі ЗША.

Гэта значыць, што кампаніі, якія пастаўляюць сыравіну на завод, таксама могуць трапіць пад санкцыі Белага дому. Аднак пастаўкі на завод ідуць, нягледзячы на санкцыі. Вось толькі дадзеныя аб пастаўках зьніклі з афіцыйнай статыстыкі.

Таксама прадукцыя «Нафтану» трапляла ва Ўкраіну — гэта адзін з асноўных пакупнікоў беларускіх нафтапрадуктаў. Журналісты знайшлі пацьверджаньне гэтай інфармацыі на сайце «БНК Украіна» — кампаніі, якая займаецца пастаўкамі беларускіх нафтапрадуктаў ва Ўкраіну.

За 7 месяцаў гэтага году экспарт беларускіх нафтапрадуктаў расейскай чыгункай вырас у 5 разоў у параўнаньні з такім жа пэрыядам летась.

Адзін з супрацоўнікаў «Нафтану» на ўмовах ананімнасьці казаў журналістам, што нафтапрадукты зь Беларусі, як мінімум, у чэрвені ішлі ў Нідэрлянды праз парты Санкт-Пецярбургу.

Невядома, колькі канкрэтна нафтапрадуктаў Беларусь прадала ў Нідэрлянды, але за 8 месяцаў гэтага году агульны экспарт у гэтую краіну вырас у два разы ў параўнаньні з усім 2020 годам і склаў 1,49 мільярда даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG