Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калесьнікава ў інтэрвію з турмы: «Рэжым абраў для Беларусі шлях у нікуды» 


Марыя Калесьнікава ў судзе. Менск, 6 верасьня 2021 году.
Марыя Калесьнікава ў судзе. Менск, 6 верасьня 2021 году.

Марыя Калесьнікава падкрэсьліла, што не шкадуе ні на ёту аб сваім выбары.

Беларуская апазыцыянэрка Марыя Калесьнікава, якая ўжо больш за год знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску, у пісьмовым інтэрвію DW з-за кратаў падзялілася сваім бачаньнем сытуацыі ў Беларусі, ацаніла дзеяньні апазыцыі за мяжой і выказала меркаваньне, што прымусіць Аляксандра Лукашэнку сысьці.

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў 2020 годзе Марыя Калесьнікава ўзначальвала штаб экс-банкіра Віктара Бабарыкі, а пасьля пачатку пратэстаў далучылася да дзейнасьці Каардынацыйнай рады апазыцыі.

У верасьні 2020 году яе арыштавалі, а 6 верасьня 2021-га — разам зь юрыстам Максімам Знакам прызналі вінаватымі, сярод іншага, у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады, і прысудзілі 11 гадоў калёніі.

На пытаньне пра тое, як яна адчувае сябе пасьля году за кратамі і чаго ёй больш не хапае ў турме, Марыя адказала так:

«Бацькі надарылі мяне генам аптымізму, і нават у турме я радуюся кожнаму дню. Я дакладна ведаю, што гэта скончыцца, і я змагу ўбачыць і абняць сваіх родных і блізкіх. Нават пры амаль поўнай адсутнасьці перапіскі ўвесь год я адчуваю клопат і любоў людзей у Беларусі і ва ўсім сьвеце. Гэта дае калясальную сілу і энэргію. У турме не хапае ўсяго: паветра, сонца, музыкі, флейты, лістоў, зносін і душа. Але калі ведаеш, навошта, усё роўна, як».

Прысуд сабе і Максіму Знаку Марыя Калесьнікава назвала абсурдам, таму што ніхто зь іх не вінаваты, і менавіта таму «ні аб якіх просьбах аб памілаваньні ня можа быць і гаворкі».

Яна падкрэсьліла, што не шкадуе ні на ёту аб сваім выбары.

«Турмы перапоўненыя сумленнымі, адважнымі беларусамі, якія і ня думаюць здавацца, нават нягледзячы на беспрэцэдэнтны ціск. Для мяне гонар прайсьці са сваім народам гэты шлях да свабоды і перамен», — напісала Марыя Калесьнікава.

Паводле яе, шлях, які цяпер абраў для краіны рэжым, — гэта шлях у нікуды, таму важна ўсім разам шукаць выйсьце зь небясьпечнага піку і ўжо зараз думаць аб рашэньні задач на будучыню — аб эканамічных міжнародных адносінах, прамысловасьці, грамадзянскай супольнасьці, заканадаўстве і гэтак далей.

«Цяпер складана казаць аб канкрэтных формах удзелу, мы ўсе ў падвешаным стане. Пакуль самае важнае — быць разам і не губляць даверу адзін да аднаго. А тым, хто за мяжой, найперш думаць пра людзей, якія працягваюць жыць унутры краіны», — піша Марыя.

У лісьце яна выказала захапленьне тымі, каму давялося зьехаць, але, «нягледзячы ні на што, яны працягваюць барацьбу за Беларусь», бо «любы маленькі крок — гэта ўнёсак у агульную справу».

Яна заклікае дапамагаць і падтрымліваць адзін аднаго, не забывацца на «нашу агульную мэту: свабодная дэмакратычная Беларусь, дзе чалавек зьяўляецца найвышэйшай каштоўнасьцю», і разумець, што «лідэры нараджаюцца на хвалі агульнага грамадзянскага ўздыму — і гэта першасна. Без гэтага ўздыму роля лідэраў вельмі абмежаваная».

Марыя падкрэсьлівае, цяпер важна «не адрывацца ад рэальнасьці» і разумець, што сытуацыя даволі цяжкая і, як бачна, вырашацца будзе даволі доўга. Яна ўпэўненая, што сыход Лукашэнкі адбудзецца, але «гэта пытаньне часу і той цаны, якую за гэта заплацяць беларусы: чым даўжэй гэта працягнецца, тым горш для ўсіх і, у прыватнасьці, для яго (Лукашэнкі — рэд.) і яго атачэньня».

«Нішто ня вечна пад Месяцам — нават цяпер існуюць сілы (ва ўладных структурах. — рэд.), гатовыя да канструктыўных рашэньняў, да перамоваў па выхадзе зь піке. Бо жыцьцё беларусаў, наша будучыня, наша агульная хата — гэта самая галоўная каштоўнасьць. Дзеля яе неабходна шукаць шляхі пераадоленьня крызісу», — напісала Марыя.

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG