Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сябры адышлі на задні плян, яму ніхто зь іх ня піша». Што зараз зь пінскімі палітвязьнямі?


Людзі каля судовай залі, у якой разглядалася «пінская справа». Берасьце, 30 красавіка 2021 г.
Людзі каля судовай залі, у якой разглядалася «пінская справа». Берасьце, 30 красавіка 2021 г.

У межах так званай «пінскай справы» асуджана ўжо 26 чалавек на тэрміны ад 3,5 да 6,5 года зьняволеньня. Усіх іх абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу).

Свабода даведалася навіны пра некаторых зь іх, што цяпер адбываюць пакараньне ў калёніях.

«Выцягвае дрот з гумовых БелАЗаўскіх колаў за 4 рублі ў месяц»

Марыя, маці сябра руху «За свабоду» Ігара Салаўя (асуджаны на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, пакараньне адбывае ў бабруйскай ПК № 2):

«Ігар сядзеў 17 сутак у ШЫЗА. Пісаў, што за час, праведзены там, ня выкурыў ніводнай цыгарэты і што можа ўвогуле лёгка кінуць.

Папрасіў кнігу „Канфлікталёгія“, нядаўна знаёмыя змаглі яе купіць.

Па-ранейшаму піша лісты, толькі цяпер дадаліся яшчэ штотыднёвыя аўдыё- і відэазванкі. Атрымліваецца паразмаўляць хвілін 12, так што зносіны ёсьць.

З таго моманту, як ён прыехаў у калёнію, мы ўжывую ня бачыліся. Вось прызначылі спатканьне на 30 кастрычніка, але ў той жа дзень мяне паклалі ў рэанімацыю з ковідам, таму паехаць не атрымалася. Пасьля выпіскі Ігар сказаў: ня трэба пакуль ніякіх сустрэч, маўляў, сядзі дома.

Працуе ён, здаецца, 3 гадзіны ў дзень і 4 дні ў тыдзень — выцягвае дрот з гумовых БелАЗаўскіх колаў. Заробак — 4 рублі ў месяц.

Умовы ў атрадзе, паводле яго слоў, нармальныя. Заняты: то малюе, то лісты піша сябрам з розных гарадоў.

Перажываю, каб не захварэў на каранавірус, таму што хвароба гэтая вельмі страшная.

Са сваякамі іншых палітвязьняў з нашай групы мы амаль ужо ня маем зносін, усе хлопцы разьехаліся па сваіх гарадах, дый што абмяркоўваць?

Цяпер пагашаем судовыя выдаткі».

(Агульная сума пазоваў разам з судовымі выдаткамі, якую пінскія палітвязьні павінны выплаціць пасьля ўступленьня ў сілу прысуду, складае больш за 180 тыс. рублёў. — РС).

«Хочацца дадому, кожны дзень аднастайнасьць — адныя і тыя ж твары, усё шэрае»

Яўгенія, маці Дэвіда Масьціцкага (асуджаны на 5,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму, пакараньне адбывае ў шклоўскай ПК № 17):

«Працуе на швейцы, нейкія кішэні шые. Асабліва нічога новага, кожны дзень адно і тое ж. У вольны час займаецца спортам, чытае кнігі.

У перамены ён ужо ніякія, здаецца, ня верыць. Дэвід і так нейкі час таму мне казаў: „Мама, год прайшоў, нічога не зьмянілася, таму буду я сядзець ад званка да званка“.

Па ягоных словах, здароўе нармальнае. Але аднойчы падчас размовы па тэлефоне сказаў: „Мам, няўжо ты думаеш, што калі тут нешта будзе дрэнна, то я табе раскажу“. Праз гэтыя ўсе падзеі ў мяне падарвалася здароўе, таму ён зараз перажывае і, магчыма, чагосьці недагаворвае.

Умовы ў калёніі добрыя. Калі я была на спатканьні ў кастрычніку сказаў, што ў бараках цёпла, стаўленьне да іх адэкватнае.

Але моцна сумуе па сястрычках і сыну (Дэвіда дома чакаюць малы сын і дзьве сястры. — РС). Кажа, што там [у калёніі] цяжка, вельмі хочацца дадому, таму што кожны дзень аднастайнасьць: адныя і тыя ж твары, усё шэрае.

Казаў, што зь нейкімі дзяўчатамі перапісваецца, а сябры адышлі на задні плян, яму ніхто зь іх ня піша. Час, як кажуць, адсейвае непатрэбных людзей.

Кампэнсацый ніякіх я ня сплачвала і сплачваць не зьбіраюся. Як мой сын сказаў: „Я ня выламаў ніводнай кветкі, не зламаў ніводнай лаўкі“, таму ён ня лічыць сябе вінаватым. Далі такі тэрмін, ён за 1 рубель працуе, і яшчэ плаціць нейкія пазовы?»

«А чаго яму весяліцца? З акторскага асяродзьдзя трапіць у турму…»

Тацяна, жонка актора Палескага драмтэатру, валянтэра Сяргея Волкава (асуджаны на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму, адбывае пакараньне ў шклоўскай ПК № 17):

«Падчас відэазванка казаў, што ўсё нармальна, але вочы ў яго былі крыху сумныя. Але ж, у прынцыпе, чаго яму весяліцца? З акторскага асяродзьдзя трапіць у турму…

Гуляе ў шахматы, кажа, што можна там займацца спортам, ёсьць гурткі, у тым ліку замежных моў, вывучаюць ангельскую і нават польскую.

Працуе на дрэваапрацоўцы — робіць паддоны.

Доўгатэрміновае спатканьне ў яго будзе ў сьнежні, сустрэнецца з сынам і мамай.

Пазоваў мы ня сплачваем, гэта была ягоная цьвёрдая пазыцыя, і нам забараняе, таму што міліцыя ад яго дзеяньняў не пацярпела. У мяне трое дзяцей, ды яшчэ і інвалід, маці таксама жыве на пэнсію. Мне даводзіцца працаваць па 12 гадзін у суткі, каб пракарміць сям’ю і вылучыць грошы на вучобу сыну і ягонае лячэньне…»

«Стаў вельмі худы, як падлетак»

Сваячка Вячаслава Рагашчука (асуджаны на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, пакараньне адбывае ў івацэвіцкай ПК № 22):

«Слава тэлефанаваў у чацьвер на мінулым тыдні, спачатку аб 11-й. Мы нармальна так пагаварылі, але потым ужо, а 15-й ён зноў перазвоньвае. Хутка пасьпеў паведаміць, што пасьля нашай ранішняй размовы, калі ён вярнуўся ў барак, у яго забралі адну робу (усяго іх было 2) і куртку. Сказалі, што нібыта гэтыя рэчы не пасуюць для зоны.

Толькі ж мы не перадавалі яму робу, яе там выдалі.

І яшчэ дадаў, што яму павесілі пазнаку, што нібыта ён нейкі злосны парушальнік, але ён наогул нічога не зрабіў. Думаў, што, магчыма, яго хутка пасадзяць у ШЫЗА.

Слава казаў, што яму моцна балела галава на працягу двух тыдняў і што ён ня ходзіць ні на якія заняткі, а толькі ў лякарню. Там Славу выдаюць таблеткі, якія яму зусім не дапамагаюць.

(Пасьля затрыманьня Рагашчука білі тры дні, сам Вячаслаў раней пісаў у лістах, што ў ізалятары яму дыягнаставалі кровазьліцьцё, страсеньне мозгу, або траўму галавы ці мікраінсульт. На працягу доўгага часу ён скардзіўся на звон у галаве. Па словах родных Вячаслава, неабходнага лячэньня яму да гэтага моманту не аказвалі. — РС.)

Пазаўчора ў яго была адвакатка. Ён расказаў, што ходзіць цяпер бяз курткі. І гэта ў такое надворʼе.

Лісты ўвогуле не аддаюць. Перавялі яго чамусьці ў іншы атрад, дзе ўсе старыя.

Калі мы зь ім былі нядаўна на доўгатэрміновым спатканьні, то ён неяк так сказаў, што кожную сэкундачку [у калёніі] нельга ўпускаць, трэба думаць, што гаворыш і што робіш, як бы ўнутраныя такія распарадкі.

Калі ў нас жыў, то быў такі здаровы, а цяпер вельмі худы, як падлетак, і скура абвісла, аж страшна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG