Лойка ня выйшаў пасьля амаль месяцу за кратамі
Аляксандар Лойка мусіў выйсьці з ЦІП на Акрэсьціна 28 лістапада ў 12:05. Прычына трэцяга затрыманьня запар пакуль невядомая, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
Аляксандра Лойку і Ірыну Слаўнікаву затрымалі 30 кастрычніка ў менскім аэрапорце пасьля вяртаньня з адпачынку. Абодвух асудзілі па адміністрацыйных справах.
Пазьней стала вядома, што Слаўнікаву падазраюць паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак або актыўны ўдзел у іх»).
Гарадзенца абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці» за камэнтары ў інтэрнэце
Гарадзенцу Андрэю Аўсіевічу дадалі новае абвінавачаньне ў «распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці» (ч.1 арт. 130 КК — да пяці гадоў пазбаўленьня волі).
Аўсіевіча вінавацяць у тым, што пакінуў два камэнтары ў тэлеграме. Адным абразіў участковага Максіма Чарткова, у другім нібыта паведаміў пра «зьдзяйсьненьне акту тэрарызму ў адносінах да супрацоўнікаў МУС».
Цяпер ідзе судовы працэс па ягонай справе. Дагэтуль ягоныя дзеяньні кваліфікавалі паводле двух артыкулаў: «абраза прадстаўніка ўлады» (артыкул 369 КК) і «заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» (артыкул 361 КК).