Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сына сьвятара судзяць за шкоду бясьпецы Беларусі. Ён пакінуў два «няправільныя» камэнтары ў сацсетках


Андрэй Аўсіевіч у судзе 4 жніўня
Андрэй Аўсіевіч у судзе 4 жніўня

Гарадзенца Андрэя Аўсіевіча судзяць за тое, што прынёс шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі, а таксама — што абразіў міліцыянта. Прычына ў тым, што ён напісаў у сеціве два «незаконныя» камэнтары. Яму пагражае да 7 гадоў калёніі па адным артыкуле і да 3 гадоў — па другім.

Праз тэлеграм абразіў міліцыянта і пагражаў нацыянальнай бясьпецы Беларусі

Як раней паведамляў партал Hrodna.life, Аўсіевічу 27 гадоў, па адукацыі ён сьлесар-трактарыст, зьмяніў некалькі працаў у Горадні, выяжджаў на заробкі за мяжу. Апошнім часам даглядаў бацьку-сьвятара, які раней служыў у Сьвята-Пакроўскім саборы, а цяпер мае інваліднасьць.

Аўсіевіча затрымалі 4 траўня 2020 году. Ён ужо амаль 4 месяцы пад вартай. Яго вінавацяць паводле двух артыкулаў: «Абраза прадстаўніка ўлады» (артыкул 369 Крымінальнага кодэксу) і «Заклікі да дзеяньняў, якія накіраваныя на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспубліцы Беларусь» (артыкул 361 КК).

Справу разглядае судзьдзя Горадзенскага абласнога суду Мікалай Рачынскі, пракурор — Людміла Герасіменка.

Паводле абвінавачаньня, першы камэнтар фігурант пакінуў 14 лістапада 2020 году, абразіўшы ім міліцыянта Максіма Чарткова. У камэнтары было расейскае слова «ущербный». Міліцыянт, якога прызналі пацярпелым па справе, запатрабаваў з крыўдзіцеля 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды, бо, сярод іншага, нібыта праз гэта ён пасварыўся са сваёй дзяўчынай і ледзь не разышоўся зь ёй.

Другі камэнтар Аўсіевіч пакінуў у адным з тэлеграм-каналаў 20 сьнежня 2020 году — і, па вэрсіі міліцыі, прычыніў ім шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі.

Гарадзенец прызнаў сваю віну толькі ў «абразе міліцыянта».

Экспэрт не знайшла ў камэнтарах заахвочваньня да гвалту

Трэцяга верасьня ў судзе заслухалі судовага экспэрта са стажам 14 гадоў, якая праводзіла экспэртызу камэнтароў Аўсіевіча. Яна высьвятляла, ці ёсьць у ягоных словах заахвочваньне да прычыненьня шкоды адной групай асобаў другой групе асобаў. У выказваньні яна выявіла дзьве групы: 1) «мусора» — супрацоўнікі міліцыі і 2) «людзі» — не супрацоўнікі міліцыі.

Экспэрт не знайшла ў выказваньнях Аўсіевіча заахвочваньняў да гвалту або да іншых дзеяньняў. Як яна патлумачыла, у камэнтары не было адпаведных канструкцый, абаротаў, дзеясловаў.

Выразы з камэнтару кшталту «будзеце боўтацца на слупах», «вас будуць вешаць», паводле спэцыялісткі, — гэта апісаньне магчымага будучага, гэта дапушчэньне абвінавачанага наконт таго, як могуць разьвівацца падзеі. Аднак, патлумачыла яна, у допісе Аўсіевіча няма ўдакладненьняў, хто менавіта і што менавіта будзе рабіць, каб такая будучыня здарылася.

— Гэта сьцьвярджэньне? — удакладніў судзьдзя пра згаданыя абароты.

— Гэта дапушчэньне, — паўтарыла экспэрт.

Працяг судовага працэсу над Андрэем Аўсіевічам пройдзе ў Горадзенскім абласным судзе 8 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG