Салігорскага актывіста Паўла Батуева ня выпусьцілі пасьля трох сутак
Паўла Батуева затрымалі 23 лістапада, калі ён ішоў па дачку ў садок. У той жа дзень у ягонай кватэры і ў кватэры бацькоў прайшлі ператрусы — нібыта гэта зьвязана з крымінальным артыкулам за абразу кіраўніка мясцовай міліцыі.
Праз тры дні мужчына ня выйшаў на волю. У Салігорскім РАУС сваякам сказалі, што выходныя, мяркуючы па ўсім, ён адбудзе ў ізалятары.
Абвінавачаньняў паводле крымінальных артыкулаў Паўлу Батуеву не прад’яўлялі.
Таксама праваабаронцам стала вядома, што ў Століне затрымалі вялікую групу актывістаў. Гэта Ўладзімер Корсак, Алена Цупа, Тацяна Сьвірская, Алена Панасюк. Апошнюю пазьней адпусьцілі.
У маці анархіста Рамана Халілава адбыўся ператрус
Праваабаронцам стала вядома, што 26 лістапада адбыўся ператрус у полацкай кватэры Гаянэ Халілавай, маці анархіста Рамана Халілава.
Паводле відавочцаў, дзьверы ў кватэру выламалі, жанчыну затрымалі.
Сам Раман Халілаў цяпер за мяжой, ён абвешчаны ў вышук па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Палітвязьняў асудзілі за леташні «Марш адзінства»
У судзе Заводзкага раёну Менску 26 лістапада скончыўся разгляд крымінальнай справы палітвязьняў Кірыла Жогалева і Руслана Цюрліка, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Абодвух вінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт 342 КК).
Згодна з вэрсіяй абвінавачваньня, хлопцы 6 верасьня 2020 году бралі ўдзел у «Маршы адзінства»: «парушалі грамадзкі парадак, стаялі ў счэпцы, выкрыквалі лёзунгі, заміналі працы грамадзкага транспарту».
Судзьдзя Алег Каляда прысудзіў маладым людзям па два з паловай гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. Іх вызвалілі з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе.
Жыхарку Наваполацку судзілі тры разы запар і аштрафавалі на 8000 рублёў
Ірыну Гурчонак затрымалі 16 лістапада і з таго часу рэгулярна судзяць па ч. 1 арт. 24.23 КаАП («Парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў») і прысуджаюць штрафы ў 2900 рублёў (або 100 базавых велічыняў, гэта максымальны прадугледжаны дадзеным артыкулам штраф), паведамляе «Вясна».
Ужо прайшлі тры суды над Ірынай Гурчонак. Адразу пасьля кожнага зь іх яе зноў затрымліваюць да наступнага. Адпаведна, жанчыне ўжо прысудзілі 8700 рублёў штрафу. Прысудзіць адміністрацыйны арышт ёй ня могуць, бо ў адпаведнасьці з КаАП РБ для жанчын зь дзецьмі такі від пакараньня не прадугледжаны. Ірына па ўсіх эпізодах сваю віну не прызнае.
У Мазыры затрымалі намесьніка экс-старшыні прафкаму незалежнага прафсаюзу
26 лістапада ў Мазыры затрымалі Аляксандра Засінца, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Дома ў яго правялі ператрус. Аляксандар Засінец — адзін з намесьнікаў Вольгі Кулыбы, былой старшыні прафкаму НПЗ, якую нядаўна пакаралі штрафам у 580 рублёў за падпіску на «экстрэмісцкі» акаўнт Zerkalo і канфіскавалі тэлефон.
Палітвязьня, якога не пускалі на працу на «хіміі», абвінавацілі ў схільнасьці да ўцёкаў
Берасьцейца Дзьмітрыя Абрамука, які адбывае пакараньне на віцебскай «хіміі» па «карагоднай справе», паставілі на прафіляктычны ўлік як схільнага да самавольнага пакіданьня папраўчай установы.
На думку вязьня, такім чынам адміністрацыя вырашыла патлумачыць, чаму яму ўжо паўгода не дазваляюць пайсьці працаваць, хоць ёсьць прадпрыемствы, якія гатовыя яго працаўладкаваць.
Падставаў для прафуліку, на думку Абрамука, не было: ён ніколі не спрабаваў зьбегчы і ня меў такіх памкненьняў.
Яшчэ раней яго паставілі на ўлік як схільнага да экстрэмізму, як і ўсіх, хто сядзіць па «палітычных» справах.
У Віцебску затрымалі арганізатара культурных імпрэзаў
Вядомага ў абласным цэнтры актывіста і арганзіатара культурных імпрэзаў Уладзімера Булаўскага затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА на вуліцы Гагарына, паведамілі ў фэйсбуку калегі затрыманага.