Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 2 мільёны беларусаў маюць вышэйшую адукацыю


Беларускія студэнты, ілюстрацыйнае фота
Беларускія студэнты, ілюстрацыйнае фота

Жанчын з вышэйшай адукацыяй у 1,4 раза больш, чым мужчын. Глядзім, які ўзровень адукацыі ў беларусаў, згодна зь перапісам.

Белстат апублікаваў другі том вынікаў перапісу, што адбыўся ў 2019 годзе.

Згодна зь ім, 2 076 169 беларусаў маюць вышэйшую адукацыю. Гэта 22% ад усёй колькасьці жыхароў, або 26% ад насельніцтва, старэйшага за 15 гадоў.

2 388 982 беларусаў маюць сярэднюю спэцыяльную адукацыю, гэта 25% ад агульнай колькасьці.

979 305 беларусаў маюць прафэсійна-тэхнічную адукацыю, гэта 10,4% ад усіх жыхароў. 1 767 729 маюць агульную сярэднюю адукацыю — гэта 18,7% ад агульнай колькасьці жыхароў.

434 082 беларусы маюць пачатковую адукацыю — гэта 4,6%. 128 490 атрымалі толькі пачатковую адукацыю — гэта крыху больш за 1%.

Жанчын з вышэйшай адукацыяй больш, чым мужчын

Мужчын, якія маюць вышэйшую адукацыю, у Беларусі 851 004 — гэта 24% ад усіх жыхароў мужчынскага полу, старэйшых за 15 гадоў.

Жанчын з вышэйшай адукацыяй — 1 225 165, або 28% сярод усіх жыхароў жаночага полу, старэйшых за 15 гадоў.

Найбольш людзей з вышэйшай адукацыяй — у Менску

596 330 жыхароў сталіцы маюць вышэйшую адукацыю. Гэта 35% усіх жыхароў Менску. У сталіцы Беларусі таксама больш жанчын з вышэйшай адукацыяй, чым мужчын: 353 978 жанчын і 242 352 мужчыны.

Вышэйшая адукацыя ў Менску дамінуе сярод іншых ступеняў адукацыі. Зь сярэдняй спэцыяльнай адукацыяй у сталіцы жыве 365 005 чалавек, з прафэсійна-тэхнічнай — 272 793, з агульнай сярэдняй — 393 138, з агульнай базавай адукацыяй — 56 374, з пачатковай — 6970 чалавек.

Найменш людзей з вышэйшай адукацыяй — на вёсцы

У гарадах Беларусі жыве 1 783 355 чалавек з вышэйшай адукацыяй. Гэта 27% ад усіх гарадзкіх жыхароў, старэйшых за 10 гадоў.

На вёсцы 271 784 чалавекі маюць вышэйшую адукацыю. Гэта 14% ад усіх жыхароў вёскі.

Беларусь і суседзі

Індэкс узроўню адукацыі ў розных краінах сьвету (Education Index) — гэта камбінаваны паказчык праграмы разьвіцьця ААН. Пры падліку індэксу ўлічваецца як пісьменнасьць дарослага насельніцтва, так і доля тых, хто цяпер атрымлівае адукацыю.

Першыя тры месцы ў дасьледаваньні займаюць Нямеччына, Нарвэгія і Вялікая Брытанія. Беларусь у рэйтынгу стаіць на 32 пазыцыі і апярэджвае Расею (39 месца) і Ўкраіну (47 месца).

А Беларусь апярэджваюць Літва (16 месца), Латвія (20 месца), Польшча (23 месца).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG