Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы з замежнай адукацыяй могуць дапамагчы Беларусі


Аляксандар Мілінкевіч і Ўладзімер Дунаеў
Аляксандар Мілінкевіч і Ўладзімер Дунаеў

31 кастрычніка ў Менску агенцтва «Тваё заўтра» зладзіла круглы стол «Як эфэктыўна выкарыстоўваць патэнцыял беларусаў, якія атрымалі замежную адукацыю, для разьвіцьця рэгіёну?»

Каардынатарка агенцтва «Тваё заўтра» Іна Кулей сказала, што іх установа мае базу дадзеных пра больш як тысячу беларусаў, якія скончылі замежныя ўнівэрсытэты. Многія зь іх сьцьвярджаюць, што іх патэнцыял не выкарыстоўваецца на радзіме. Пры гэтым беларускія выпускнікі замежных ВНУ спасылаюцца на тры асноўныя складанасьці:

— з прызнаньнем дыплёма на радзіме,

— з тым, што ў законах няма згадкі пра гэтую групу людзей, бо яны ня лічацца маладымі спэцыялістамі,

— з грамадзкай думкай: яна настроена адносна іх нэгатыўна, маўляў, гэта нейкія дэстабілізатары, якія прыяжджаюць у краіну, каб нэгатыўна ўплываць на сытуацыю. А таксама — што гэта, маўляў, няўдачнікі, якія не змаглі ўладкавацца за мяжой.

«Гэтыя людзі могуць вяртацца ў Беларусь, могуць працаваць за мяжой. Але яны — вялікі і важны чалавечы патэнцыял для нашай краіны», — сказала Іна Кулей перад пачаткам дыскусіі.

Беларусь — «чэмпіён рэгіёну па дэфіцыце кампэтэнцыі выпускнікоў ВНУ»

Прафэсар Уладзімер Дунаеў спаслаўся на дасьледаваньне Ўсясьветнага банку, згодна зь якім Беларусь — «чэмпіён рэгіёну па дэфіцыце кампэтэнцыі выпускнікоў ВНУ». Зь іншага боку, паводле прафэсара, краіна застаецца ў палоне савецкіх структур, ілюзій і нарматываў у справе прызнаньня замежных дыплёмаў.

«Мы жывём па тарыфна-кваліфікацыйных даведніках, а гэта ня мае ніякіх адносін да кампэтэнцыі. Гэта сыстэма, якая рэгулюе заробак: каму колькі плаціць. А ня тое, якой кампэтэнцыі чалавек можа займаць пэўнае месца».

Паводле Дунаева, у розных краінах імкнуцца наблізіць рынак працы да адукацыі. Дзеля гэтага ў межах Балёнскага працэсу трэба прыняць «нацыянальную рамку кваліфікацыі».

«Ва ўсіх краінах ёсьць нацыянальная рамка кваліфікацыі, апроч Беларусі. Беларусь усё яшчэ застаецца ў савецкай сыстэме тарыфна-кваліфікацыйных даведнікаў».

Паводле Дунаева, Беларусь ня выканала ніводнага абавязаньня, зьвязанага з Балёнскім працэсам. А для таго, каб беларусы вярталіся ў краіну, неабходная мадэрнізацыя грамадзтва.

«Калі мы спасылаемся на вопыт іншых краін, давайце згадаем, што ніводзін чалавек з тых, хто накіраваўся вучыцца за мяжу, да Пятра Першага ў Расею не вярнуўся. Спатрэбіліся рэформы Пятра, каб зрабіць атрактыўнай сваю радзіму. Людзі не зьбіраліся вяртацца туды, дзе іх не чакаюць і дзе яны насамрэч нічога зрабіць ня могуць. Мы хочам эканомікі ведаў, але нічога ня робім дзеля таго, каб да яе перайсьці».

Працаваць не праз уладу, а ў сацыяльных сетках

Выкладчык Вышэйшай школы эканомікі ў Санкт-Пецярбургу Андрэй Лаўрухін казаў, што ня змог знайсьці працу ў Беларусі, хоць меў пяць прапаноў ад дзяржаўных ВНУ.

«Але пры гэтым былі такія ўмовы: я не павінен пісаць артыкулы ў СМІ, я не павінен афішаваць, што раней працаваў у ЭГУ. А па-трэцяе, я ня змог настрыфікаваць свой дыплём. То бок варыянты працаўладкаваньня былі пры нізкіх заробках і значных абмежаваньнях. А ў Вышэйшай школе эканомікі, наадварот, тое, што я 17 гадоў працаваў у ЭГУ, і стажыроўкі ў нямецкіх унівэрсытэтах — гэта было вельмі вялікім плюсам».

Дэпутатка Алена Анісім нагадала, што ТБМ займаецца стварэньнем унівэрсытэту зь беларускай мовай навучаньня. І там беларусы, якія атрымалі адукацыю за мяжой, змогуць рэалізаваць свой патэнцыял.

Аляксандар Мілінкевіч, які ўзяў удзел у дыскусіі, назваў найпершай задачай тое, каб выкарыстаць у краіне беларусаў, якія цяпер за мяжой, і зрабіць іх агентамі праэўрапейскай палітыкі. І ў гэтым пытаньні трэба супрацоўнічаць ня толькі з уладай у спадзеве, што яна зробіць спрыяльны клімат.

«Нам трэба думаць, як працаваць не праз уладу перш за ўсё, што таксама вельмі важна. А працаваць у сацыяльных сетках. Трэба падключаць людзей, якія і сёньня за мяжой, і тых, хто тут. Трэба арганізаваць супрацу праз сацыяльныя сеткі, каб зразумець, які патэнцыял гэтых людзей можна выкарыстаць завочна, праз інтэрнэт. Гэта праца на доўгія гады.

Многія людзі казалі, што яны сталі беларусамі, сталі размаўляць па-беларуску, калі зьехалі за мяжу. Гэты кантакт з радзімай таксама ўмацоўвае гэтых людзей. Гэта прэстыжна, вельмі пэрспэктыўна і прыемна».

Удзельнікі дыскусіі вырашылі скласьці і накіраваць ва ўладныя структуры рэкамэндацыі, як эфэктыўна выкарыстоўваць патэнцыял беларусаў з замежнай адукацыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG